Гэта нягледзячы на тое, што за 2019 год Судаленка даваў справаздачу ў падатковую, а за 2020 год (бо ён сядзеў у турме) гэта рабіла ягоная жонка. У падатковай кажуць, што ім прыйшла «пэўная інфармацыя» пра суму грошай. Таму інспэкцыя дае праваабаронцу 10 дзён, каб пацьвердзіць «пэўную інфармацыю».
У лісьце з турмы праваабаронца піша, што, мабыць, на яго паступіла нейкая замова. Магчыма, цікавасьць падатковай зьвязаная са «справай „Вясны“». Нагадаем, праваабаронцы «Вясны» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч цяпер за кратамі. Іх абвінавачваюць у «нясплаце падаткаў».
Леаніда Судаленку затрымалі 18 сьнежня 2021 году, абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». У пэрыяд акцый пратэсту ў Беларусі праваабаронца актыўна дапамагаў жыхарам Гомля — складаў скаргі на прысуды, дапамагаў выплаціць штрафы. У абвінавачаньні праходзілі такія эпізоды «злачыннай дзейнасьці», як заклік да карыстальнікаў Facebook сабраць грошы, каб купіць шматдзетнай сям’і ў вёсцы дровы на зіму, запрашэньне сустрэць з ІЧУ пасьля «сутак» жыхарку Гомля, прававы лікбез у інтэрнэце на тэму «Калі вас затрымалі».
Судаленку пакаралі 3 гадамі калёніі, валянтэрку «Вясны» Тацяну Ласіцу — 2 з паловай гадамі калёніі.
Падатковая рэгулярна цікавіцца прыбыткамі праваабаронцы. Ён даваў справаздачы ня толькі за год, але і за 10 гадоў. У 2015 годзе падатковая інспэктарка патрабавала ад Судаленкі «прызнацца» — каму менавіта ён у 2012 годзе прадаў цыбулю са свайго агароду.