Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Слуцак паўстаў супраць бальшавікоў; год таму — міліцыя выслала пратакол нябожчыку


Слуцкі збройны чын
Слуцкі збройны чын

Падзеі дня 21 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

21 лістапада 1920 году Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». Неўзабаве ў Слуцку разгарнулася антыбальшавіцкае паўстаньне.

А што вы ведаеце пра гэтую старонку беларускае гісторыі? Праверце свае веды ў тэсьце Свабоды.

Юбілей дня

125 гадоў таму, 21 лістапада 1896 году, у цяперашнім Крупскім раёне нарадзіўся Зьміцер Прышчэпаў, беларускі савецкі дзяржаўны і грамадзкі дзеяч, народны камісар земляробства БССР у 1924—1929 гадах.

Аднаго разу, яшчэ не пасьпеўшы падрасьці, я пачуў пра загадкавага Прышчэпава і нешта новае: як выявілася, каб ня ён, дык і наш Полацак, і ўся Віцебшчына
знаходзіліся б не ў Беларусі, а ў Расеі.

Я быў перакананы, што тут заўсёды была Беларусь, але бацька паказаў мне пашпарт, дзе было напісана, што ён нарадзіўся ў Віцебскай вобласьці РСФСР.

Праз шмат гадоў, калі таты ўжо даўно не было на сьвеце, я пераканаўся, што Зьміцер Прышчэпаў ня толькі ад імя губвыканкаму падпісаў у1924-м акт пра вяртаньне Віцебскай губэрні (адарванай бальшавікамі ад Беларусі ў студзені 1919-га) у склад БССР, ал і меў іншыя заслугі перад Бацькаўшчынай.
У 1920-я ён быў наркамам земляробства рэспублікі, захапляўся прыкладам сельскагаспадарчых посьпехаў Даніі, якую наведаў дзеля перайманьня досьведу. Прышчэпаў не сьпяшаўся выконваць маскоўскія дырэктывы, а вёў сваю незалежную палітыку, дзе стаўка рабілася на разьвіцьцё традыцыйнай хутарской сыстэмы й абарону моцных сялянскіх гаспадарак пры абмежаваньні калгаснага ладу.

Справа Саюзу вызваленьня Беларусі, якая распачала ў рэспубліцы масавыя рэпрэсіі супраць «нацдэмаў», прывяла і да арышту былога наркама, які працаваў пад лёзунгам «Беларусь — чырвоная Данія!». Пасьля жудасных катаваньняў ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, але паўжывога яго выцягнулі зь пятлі, каб засудзіць на дзесяць гадоў лягераў.

У чэрвені 1937-га Прышчэпава выпусьцілі на волю — відаць, бяз права вярнуцца на Радзіму, бо ў дакумэнтах новага арышту, які адбыўся ўсяго праз два месяцы, ён фігураваў як жыхар Магадану. У Беларусь ён усё ж прыедзе — этапам і, не дажыўшы да выкананьня сьмяротнага прысуду, памрэ ў турэмным шпіталі.

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 4-е выданьне.

У гэты дзень год таму

  • Былога дырэктара Інстытуту сацыялёгіі Коршунава канчаткова звольнілі з установы
  • Міліцыя прыслала пратакол за ўдзел у акцыі нябожчыку, які памёр 7 гадоў таму
  • Музыка Памідораў прысьвяціў новую песьню Раману Бандарэнку і ўсім ахвярам гвалту.

  • Міністар унутраных спраў Беларусі павіншаваў са 100-годзьдзем утварэньня палітычных упраўленьняў НКВД

Таксама ў гэты дзень

1368 год — адбылася Тросьненская бітва паміж войскам ВКЛ і вартавым атрадам Маскоўскага княства. Назву бітва атрымала ад назвы ракі Тросны, што непадалёк ад Масквы. Перамога адкрыла вялікаму князю Альгерду шлях на Маскву, але трохдзённая аблога аказалася беспасьпяховай — за год да гэтага быў пабудаваны маскоўскі Крэмль.

Альгерд адыходзіць ад Масквы, 1370. Мініятура летапіснага зводу XVI стагодзьдзя
Альгерд адыходзіць ад Масквы, 1370. Мініятура летапіснага зводу XVI стагодзьдзя

1910 год - адбылося асьвячэньне касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёлу) на цяперашняй плошчы Незалежнасьці ў Менску.

1926 год — у Менску завяршыла сваю працу акадэмічная канфэрэнцыя рэформы беларускага правапісу. Гэта быў пік савецкай беларусізацыі. На яе прыехала шмат замежных навукоўцаў. А вось Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі, прыехаць зь Вільні ня змог — яго не пусьцілі польскія ўлады.

Браніслаў Тарашкевіч і ягоная «Беларуская граматыка для школ»
Браніслаў Тарашкевіч і ягоная «Беларуская граматыка для школ»

У гэтым жа 1926 годзе быў адкрыты другі Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2) — цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Тэатар імя Якуба Коласа
Тэатар імя Якуба Коласа

2013 год — у Кіеве пачаўся шматтысячны мітынг, які прывёў да зьмены ўлады і ўвайшоў у гісторыю як Эўрамайдан.

У гэты дзень нарадзіліся

1910 — Міхаіл Суднік, беларускі мовазнаўца.

1921 — Янка Юхнавец, беларускі паэт, пісьменьнік, драматург, мастак, скульптар.

1925 — Сямён Герус, беларускі графік.

1936 — Марыя Захарэвіч, беларуская акторка тэатру і кіно.

1957 — Мірон Хадакоўскі, гайнаўскі архіяпіскап, брыгадны генэрал і праваслаўны ардынар польскага войска.

У памяці

1790 — памёр Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» — ваявода віленскі, стараста львоўскі, мечнік вялікалітоўскі.

Караль Станіслаў Радзівіл, «Пане каханку»
Караль Станіслаў Радзівіл, «Пане каханку»

Пане Каханку быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Князь жыў у Нясьвіжы, вакол яго асобы вілося шмат легендаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG