Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 180 эўра толькі за візу. Колькі беларускія ўлады могуць зарабляць на мігрантах


Мігранты ў Менску
Мігранты ў Менску

Студэнтам беларускіх ВНУ і супрацоўнікам прадпрыемстваў прапаноўваюць зьбіраць грошы і рэчы для дапамогі мігрантам. Сама дзяржава ў гэты ж час можа на іх прысутнасьці зарабіць.

Колькі мігрантаў скарысталася «беларускім» маршрутам

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу распачаўся ў канцы траўня 2021 году. Дробныя групы мігрантаў з Іраку і Сырыі заўважалі на мяжы Беларусі і Літвы і раней, аднак масавы характар праблема набыла пасьля інцыдэнту з лайнэрам авіякампаніі «Ryanair» 23 траўня. Дакладную колькасьць мігрантаў, якія прыехалі за гэты час у Беларусь, ацаніць складана. Да пачатку жніўня на тэрыторыю Літвы зь Беларусі трапіла каля 4 тысяч мігрантаў.

Памежная служба Польшчы паведамляе, што на канец кастрычніка (плынь мігрантаў пераарыентавалася зь Літвы на Польшчу на пачатку жніўня. — РС) зафіксавала каля 16 тысяч спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы. Прыкладна 1500 чалавек разьмясьцілі на тэрыторыі адмысловых прытулкаў у Польшчы, іншых вярнулі на тэрыторыю Беларусі.

Улады Нямеччыны паведамляюць, што толькі з пачатку лістапада афіцыйна вядома пра 572 мігрантаў, якія трапілі на тэрыторыю краіны празь Беларусь і Польшчу. Агулам з пачатку 2021 году ў Нямеччыну нелегальна трапілі больш за 8 тысяч мігрантаў, асноўная маса якіх скарысталася «беларускім» маршрутам.

На тэрыторыі Беларусі па стане на пачатак лістапада можа знаходзіцца як мінімум некалькі тысяч мігрантаў з краінаў Блізкага Ўсходу і Іраку. Толькі ў стыхійным лягеры ля памежнага пераходу Кузьніца — Брузгі іх каля 2 тысяч чалавек. Відавочцы паведамляюць пра вялікія групы мігрантаў, заўважаныя ў Менску і Горадні.

Такім чынам, можна меркаваць, што ад пачатку міграцыйнага крызісу ў чэрвені 2021 году па сёньняшні момант праз тэрыторыю Беларусі прайшлі (альбо знаходзяцца там цяпер) некалькі дзясяткаў тысяч мігрантаў.

Колькі кожны мігрант плаціць за нелегальны маршрут

Калёна мігрантаў накіроўваецца да беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 году
Калёна мігрантаў накіроўваецца да беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 году

Са словаў саміх мігрантаў, кожнаму зь іх пераезд з Іраку ці Сырыі ў Нямеччыну празь Беларусь нелегальным спосабам каштуе каля 10 тысяч даляраў. Пра гэта ў размове са Свабодай паведаміў мігрант з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід. Па яго словах, 3,5 тысячы людзі плацяць пасярэднікам адразу, яшчэ 6,5 тысячы даляраў трэба заплаціць ужо на тэрыторыі Нямеччыны.

Прыкладна такія ж сумы ў размове з Deutsche Welle агучыў і дырэктар прытулку для мігрантаў у нямецкім Айзэнхютэнштадце Олаф Янсэн. Па яго словах, пасярэднікі на атрыманыя ў мігрантаў грошы набываюць ім квіткі на самалёт да Менску, аплачваюць беларускую візу і страхоўку, пражываньне ў гатэлях на тэрыторыі Беларусі, перавозку аўтобусамі да мяжы.

Сабекошт перавозкі кожнага мігранта з Іраку ці Сырыі да мяжы Беларусі з Польшчай можа залежаць ад пачатковага месцазнаходжаньня і ад працягласьці знаходжаньня ў Беларусі. Відавочна, што пэўную суму з атрыманых ад мігрантаў грошай забіраюць сабе пасярэднікі. Рэшта асядае ў Беларусі.

Колькі каштуе для мігранта беларуская віза, квіток да Менску і пражываньне ў гатэлях

З 1 студзеня 2017 году любая беларуская віза для грамадзянаў краін, якім яна неабходная, каштуе 60 эўра. Выключэньне для дзяцей да 14 гадоў — ім візы робяць бясплатна. Атрымаць візу можна ў беларускім консульстве і на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту Менск. Аднак там віза будзе каштаваць ужо даражэй — 90 эўра, калі ў краіне чалавека, які зьвярнуўся па візу, няма беларускага пасольства. І 180, калі такое пасольства існуе.

Паводле паведамленьняў саміх мігрантаў, візы для ўезду ў Беларусь частка зь іх атрымлівае менавіта пасьля прыбыцьця ў Беларусь. І ў Іраку, і ў Сырыі ёсьць беларускія амбасады. Такім чынам, для большасьці мігрантаў толькі беларуская віза можа каштаваць нават 180 эўра. Да таго ж, каб атрымаць візу ў Беларусь (і нават у тым выпадку, калі віза яму не патрэбная. — РС), замежны грамадзянін абавязаны аформіць мэдычную страхоўку ў дзяржаўнай кампаніі «Белдзяржстрах». Гэта таксама можна зрабіць на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту. Кошт страхоўкі залежыць ад тэрміну, на якія яна афармляецца, і пачынаецца ад некалькіх дзясяткаў даляраў.

Акрамя беларускай візы, мігранту таксама неабходны квіток да Менску. Адзіная беларуская авіякампанія, якую падазраюць у перавозцы мігрантаў, — гэта «Белавія». Па стане на 12 лістапада яна выконвае рэйсы ў два найбольш папулярныя сярод мігрантаў транзытныя пункты — Дубай і Стамбул. Цэны на квіткі ў самалёты «Белавія» ў гэтыя гарады могуць адрозьнівацца, яны залежаць ад дня тыдня і тэрміну папярэдняй рэзэрвацыі, а таксама ад часу вылету. У сярэднім за квіток з Дубая ў Менск на беларускім самалёце трэба заплаціць каля 340 даляраў. Са Стамбула палёт да Менску зь «Белавія» будзе каштаваць каля 250 даляраў. Зьніжак для дзяцей не прадугледжана, бясплатна могуць ляцець толькі немаўляты.

Мігранты ў цэнтры Менску, ілюстрацыйнае фота
Мігранты ў цэнтры Менску, ілюстрацыйнае фота

Які адсотак у кошце квітка застаецца чыстым прыбыткам беларускай дзяржаўнай авіякампаніі, сказаць складана. «Белавія» не публікуе сваіх поўных фінансавых справаздач. Таксама варта адзначыць, што пры падачы дакумэнтаў на беларускую турыстычную візу неабходна прадставіць і зваротны квіток. Таму можна меркаваць, што большасьць мігрантаў набывае квіткі ня толькі да Менску, але і назад.

Пасьля прыбыцьця ў Менск грамадзяне Сырыі і Іраку, як правіла, разьмяшчаюцца ў гатэлях. Зь дзяржаўных гатэляў, дзе рэгулярна заўважаюць мігрантаў, часта згадваюцца «Юбілейны» і «Беларусь». Адпачынак там прапаноўвае найбуйнейшы дзяржаўны турапэратар «Цэнтркурорт», празь які туры ў Беларусь прапануе арганізоўваць, сярод іншага, амбасада Беларусі ў Сырыі. Цэны на пражываньне ў названых дзяржаўных гатэлях Менску адрозьніваюцца ў залежнасьці ад статусу і памеру нумара.

У сярэднім за тыдзень кожны госьць павінен заплаціць каля 250–300 даляраў. У іншых дзяржаўных гатэлях Менску цэны аналягічныя. Дзяржаўныя гатэлі ў Горадні каштуюць недзе на траціну таньней. Пры гэтым вядома, што некаторыя мігранты затрымліваюцца на тэрыторыі Беларусі на значна даўжэйшы тэрмін, можа нават да некалькіх месяцаў.

Такім чынам, з кожнага прыежджага мігранта беларускія дзяржаўныя ведамствы і кампаніі атрымліваюць мінімум каля 1000 даляраў прыбытку. Гэтая сума можа шматкроць павялічвацца, калі мігрант застаецца ў Беларусі на месяц і больш. Агулам з пачатку мігранцкага крызісу — калі прыняць, што ў Беларусь такім парадкам прыехалі каля 20 тысяч мігрантаў, — толькі афіцыйныя прыбыткі беларускіх дзяржаўных структур маглі скласьці каля 20 мільёнаў даляраў.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG