Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэра, які запеніў дзьверы кватэры міліцыянткі, зьняволілі на 1,5 года


Суд Фрунзенскага раёна Менска, архіўнае фота.
Суд Фрунзенскага раёна Менска, архіўнае фота.

55-гадовага вайсковага пэнсіянэра, грамадзяніна Расеі Ігара Капанайку асудзілі па двух артыкулах: хуліганства і абраза прадстаўніка ўлады. Прысудзілі 1,5 года калёніі агульнага рэжыму і 7 тысяч рублёў кампэнсацыі шкоды.

Па вэрсіі сьледзтва, ён запеніў дзьверы і паштовую скрыню, напісаўшы на ёй «Мент убийца», чым «панізіў аўтарытэт пацярпелай і падарваў прэстыж кіраўніцкай дзейнасьці ў дзяржаве».

Ігар Капанайка мае від на жыхарства ў Беларусі, ён вайсковы пэнсіянэр.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», у судзе Фрунзэнскага раёну Менску 16 лютага вынесьлі вырак па крымінальнай справе ў дачыненьні да менчука, які запеніў дзьверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі. Грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі Ігара Капанайку прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: артыкул 339 (хуліганства) і артыкул 369 (абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў).

Справу разглядала судзьдзя Алена Бушава, дзяржабвінаваўца — пракурор Грэская.

Пацярпелая па справе — прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Менску Тацяна Абозная.

З матэрыялаў сьледзтва вядома, што днём 13 лістапада 2020 году 55-гадовы мужчына зайшоў у пад’езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Менску і з хуліганскіх памкненьняў заліў мантажнай пенай уваходныя дзьверы кватэры супрацоўніка органаў унутраных спраў. Таксама ён запеніў мэханізм замка дзьвярэй і паштовую скрыню.

Акрамя таго, як сьцьвярджае Сьледчы камітэт, на паштовай скрыні абвінавачаны напісаў фразу, якая публічна абражае супрацоўніцу міліцыі ў сувязі з выкананьнем ёю службовых абавязкаў, і зьнік зь месца здарэньня.

Апрача таго, пацярпелая Абозная падала заяву ў Фрунзенскі РУУС аб узбуджэньні яшчэ адной крымінальнай справы супраць абвінавачанага — за паклёп.

Што сказаў адвакат у спрэчках

У спрэчках адвакат выказаў нязгоду з кваліфікацыяй абвінавачаньня:

«Дзеяньні кваліфікаваныя няправільна і не павінны прымяняцца да падабароннага, паколькі ім не было нанесена пашкоджаньняў. У пратаколе апытаньня пацярпелая ня мела прэтэнзій. Замок адкрыўся. А пену можна было зьняць з выкарыстаньнем спэцыяльнага сродку, тым самым не пашкодзіўшы дзьверы. Паўторны агляд месца здарэньня, зроблены 28 лістапада, ня можа быць прызнаны доказам. Такім чынам немагчыма даказаць, ці былі нанесеныя пашкоджаньні менавіта падабаронным Капанайкам».

Абаронца мяркуе, што ў дзеяньнях Капанайкі адсутнічае склад злачынства. Бо не было дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак. А мэтай нанясеньня на паштовую скрыню абразьлівага надпісу было данесьці да Абознай, што аб сьмерці Рамана Бандарэнкі іншыя думаюць інакш.

«Гаворка ідзе аб агульначалавечых каштоўнасьцях»: што падсудны сказаў у апошнім слове

«Мне не хацелася б паўстаць перад судом старым маразматыкам. Я дакажу, што Абознай былі вымаўленыя словы аб тым, што Раман Бандарэнка выйшаў вечарам пʼяны. Я не хуліган, не злачынец. Я афіцэр запасу. Калі я бачу несправядлівасьць, я заводжуся з паўабароту. Так было і тады. Сьмерць Рамана Бандарэнкі ўразіла ўсю Беларусь. Ён таксама служыў, як і я. Ён мне за сына мог бы быць. Ён загінуў у цэнтры Менску, у мірны час, у краіне, якую называюць краінай для жыцьця.

На наступны дзень я зайшоў у інтэрнэт і прачытаў паведамленьне Абознай, у якім не было спачуваньняў родным і блізкім, а толькі хлусьня. Усё гэта перапоўніла чашу майго цярпеньня, і я ня памятаю, калі мне было так балюча за краіну, у якой я жыву. Я прынёс прабачэньні бацькам і дзіцяці Абознай, паколькі яны тут ні пры чым.

Я не лічу, што надпіс „Мент-забойца“ — гэта абраза, гэта — канстатацыя факту.

Прыедзьце да тых, хто зьбітыя сядзяць у Жодзіне і на „Валадарцы“, у чыіх дзеяньнях няма складу злачынства. Пакажыце ім гонар і годнасьць. Я не зьбіраўся палітызаваць працэс. Гаворка ідзе аб агульначалавечых каштоўнасьцях».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG