Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага ў Менску расейца Дуднікава зьмясьцілі ў «самую праблемную камэру»


Ягор Дуднікаў, фота зь сямейнага архіву
Ягор Дуднікаў, фота зь сямейнага архіву

Ягору Дудунікаву працягнулі знаходжаньне пад вартай да 6 жніўня. Паводле маці Ягора Юліі, сьледчы адмовіў у пераводзе яе сына пад хатні арышт. Спаткацца з сынам маці таксама не дазволілі.

Затрыманы ў Менску 20-гадовы грамадзянін Расеі Ягор Дуднікаў, які цяпер утрымліваецца ў менскім СІЗА № 1 на Валадарскага, напісаў маці ліст.

У ім Ягор піша, што цяпер у камэры знаходзіцца 13 чалавек. «Камэра без прагулак (больш за палову ня хочуць хадзіць), — піша Ягор. — Пішуць пастаянна рапарты на сукамэрнікаў. Чарга на карцар. Камэра самая праблемная на „прадоле“. „Стакан“ параўнальна з камэрай — рай, я там кайфану ў цішыні».

Паводле Ягора, ён баіцца піць з кубкаў, бо ў камэры ёсьць хворы на СНІД і гепатыт.

Раней маці паведаміла пра пагаршэньне стану здароўя сына: у Ягора быў «нязводны галаўны боль, разьбіты зуб, які ўвесь час баліць, і панічныя атакі».

У апошнім лісьце Ягор паведаміў, што яму палячылі зуб, паставілі часовую плёмбу.

«Псыхоляг ходзіць. Слухаюць, нешта гавораць і сыходзяць. Кажуць, каб я лічыў авечак», — піша Ягор.

Ягор просіць перадаць снатворнае і іншыя рэчы.

Паводле Ягора, у камэры няма тэлевізара. Піша, што ў ранейшай камэры прыгатаваў торт «Валадарскія руіны».

  • Грамадзяніна Расеі Ягора Дуднікава 5 траўня зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а неўзабаве завялі супраць яго крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за агучваньне відэаролікаў і аўдыёпаведамленьняў у тэлеграм-канале «ОГСБ». Ягор празь ліст з СІЗА расказаў пра катаваньні і біцьцё, якія ўжываліся да яго пасьля затрыманьня. 31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Адвакат падаваў скаргу на меру стрыманьня, выбраную Дуднікаву, але яна не была задаволеная.
  • 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі выкрылі «сьпячыя» тэрарыстычныя групоўкі, «так званыя атрады самаабароны».
  • Каардынатарамі ён назваў Літву, Польшчу, ЗША, Украіну і Нямеччыну. Згадаў тэлеграм-рэсурс «Отряды самообороны Беларуси» і назваў «асноўным мадэратарам» грамадзяніна Расеі Дуднікава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG