Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 лістапада: затрыманьні ў Салігорску і Менску; супраць хворай на рак пэнсіянэркі завялі новую крымінальную справу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Працягваюцца ператрусы, затрыманьні, суды, зьяўляюцца новыя крымінальныя справы. Улады працягваюць перасьледаваць беларусаў за грамадзянскую пазыцыю і пратэст.

Супраць хворай на рак рэчыцкай пэнсіянэркі завялі новую крымінальную справу

Супраць 65-гадовай рэчыцкай пэнсіянэркі Людмілы Хлусевіч, якую ўжо асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за абразу міліцыянта ў «Одноклассниках», завялі новую крымінальную справу, паведамляе «Гомельская Вясна». Зноў за абразьлівы камэнтар. Жанчыне пакуль ня выставілі абвінавачаньне, яна ў статусе падазраванай.

Падчас папярэдняга сьледзтва па першай справе Людміла перажыла ператрус, больш за 10 допытаў, праверку ў адной крымінальнай справе і абвінавачваньне ў другой. З прычыны моцнага стрэсу жанчына нават пакідала перадсьмяротную запіску.

Жанчыну пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі» за «абразу» Касьянчык у камэнтары

У судзе Менскага раёну вынесьлі прысуд 42-гадовай жыхарцы Фаніпаля Анастасіі Баранавай. Судзьдзя Новікава прызнала яе вінаватай у абразе памочніцы пракурора Фрунзенскага раёну Менску Аліны Касьянчык і вынесла пакараньне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна».

Камэнтар быў пакінуты пад пастом з матэрыялам пра тое, як Касьянчык падала ў суд на высяленьне з кватэры: пазьней жанчыну, якую абвінавацілі па той справе, асудзілі на тыя ж два гады «хатняй хіміі». Абвінавачаная напісала тэкст, які ўтрымліваў выраз: «Як зямля носіць такую гніду?».

Лінгвістычная экспэртыза, каб пацьвердзіць абразьлівы характар камэнтара, не праводзілася.

1,5 года «хатняй хіміі» за нанясеньне трох надпісаў на прыпынках

У судзе Драгічынскага раёну 10 лістапада вынесьлі прысуд Яўгену Кажуху, якога вінавацілі ў апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці (арт. 341 КК). Судзьдзя Юлія Кукса пагадзілася з пазыцыяй дзяржаўнага абвінавачваньня і прысудзіла мужчыну 1,5 года «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна».

Паводле сьледзтва, увечары 16 жніўня 2021 году Яўген нанёс на сьцены прыпынкаў надпісы і малюнкі: «Жыве Беларусь», «Не забудем. Не простим», «3% уходи», чым прычыніў шкоду на 82 рублі 98 капеек.

Мужчына віну прызнаў, добраахвотна ў дасудовым парадку пакрыў шкоду і сказаў, што «ўсьвядоміў сваю памылку».

Затрыманьні ў Салігорску і Менску, ператрус у Бабруйску

10 лістапада ў Бабруйску быў ператрус у Аляксандра Шкрадзюка. Справа тычылася зьневажальнага камэнтару ў тэлеграм-канале «Бобруйск Online».

9 лістапада ў Салігорску затрымалі 53-гадовага Ўладзімера Далматовіча, у Менску — Аксану Зыбіну (пэўна, за Пагоню на аўтамабілі).

Таксама «Вясьне» стала вядома, што 8 лістапада ў Менску дома затрымалі Тацяну Альшэўскую. Яшчэ ў ізалятары Кірыл Гайдай. Сутнасьць прэтэнзій да іх невядомая.

Паведамляюць таксама пра затрыманьне ў дэканаце студэнта 4-га курсу гістфаку Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка Мацьвея Грынкевіча. Яму прад'яўляюць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Мацьвея ідэнтыфікавалі па фота.

Таксама ў Менску затрыманы 24-гадовы Дзьмітры Казелька. Ён пайшоў у РУУС адзначацца наконт «хатняй хіміі», але адтуль яго адвезьлі ў ІЧУ.

10 лістапада актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе. Судзьдзя Анастасія Папко пакарала Дзядка 5 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG