Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархіста Міколу Дзядка пакаралі 5 гадамі зьняволеньня


Мікола Дзядок падчас слуханьняў справы 29 чэрвеня 2021
Мікола Дзядок падчас слуханьняў справы 29 чэрвеня 2021

Актывіста анархісцкага руху судзілі ў Менскім гарадзкім судзе.

Судзьдзя Анастасія Папко пакарала Дзядка 5 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў прасіў менавіта такі тэрмін для палітвязьня.

Аўтара газэты «Новы час» анархіста Міколу Дзядка прызналі вінаватым паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў);
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе інтэрнэту).

Сам Дзядок не прызнаў віны ні па адным з названых артыкулаў, ацэньваючы гэта як перасьлед за погляды, перакананьні і жаданьне гаварыць праўду. Падчас суду выявіліся неадпаведнасьці паказаньняў сьведак на сьледзтве і пазьней у судовай залі.

Апошняе слова Міколы Дзядка:

«Усе ўдзельнікі працэсу зь юрыдычнай адукацыяй выдатна бачаць і разумеюць, што адбываецца. Я толькі хачу падзякаваць сваім родным, сябрам, таварышам-анархістам, журналістам, праваабаронцам, усім неабыякавым, усім, хто шануе маю працу, за тое, што падтрымлівалі мяне на працягу гэтага году і дапамагалі матэрыяльна. Гэта вельмі важна для мяне. Ну а ўсім, хто мае дачыненьне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, я хачу сказаць: ня майце ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор ня здольныя спыніць вызваленьне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!»

Міколу Дзядка затрымалі позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманьні моцна пабілі, а ў вочы распылілі пярцовы газ. Пасьля затрыманьня Міколу адвезьлі ў Менск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу, яго пры гэтым білі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваньнем.

Некалькі разоў Міколу пераводзілі ў Жодзіна і назад у Менску у СІЗА на Валадарскага. За час зьняволеньня Дзядка неаднаразова кідалі ў карцар. Палітвязень паведамляў, што турэмная адміністрацыя абмяжоўвае ліставаньне зь ім і не аказвае неабходнай мэдычнай дапамогі.

Мікола Дзядок раней ужо быў у зьняволеньні, прызнаваўся палітвязьнем. 27 траўня 2011 году яго асудзілі да 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 339 ч. 2 (Хуліганства) за напад на амбасаду Расеі ў Менску.

Віны ён не прызнаў, адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. У лютым 2015-га яму прысудзілі яшчэ 1 год турмы за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Быў вызвалены ў 2015 годзе разам зь іншымі палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG