Польскія мэдыкі валянтэрамі выпраўляюцца ў памежныя раёны, каб лячыць мігрантаў. Палякі, гатовыя дапамагчы іншаземцам, пакідаюць на вокнах зялёныя лямпачкі. Польскія НДА дабіваюцца ад дзяржаўных службоўцаў справядлівага стаўленьня да гэтых людзей. Расказваем, як у Польшчы дапамагаюць мігрантам, якія рвуцца ў Эўразьвяз празь беларускую мяжу.
Сёньня ў польскіх мэдыя тэма сытуацыі на дзяржаўнай мяжы займае першыя пазыцыі.
Дыскусіі паміж праціўнікамі і і прыхільнікамі пропуску ў краіну мігрантаў, якія хочуць празь Беларусь нелегальна трапіць у Польшчу, не сьціхаюць. Адны палякі падтрымліваюць дзеяньні ўладаў, у тым ліку ўвядзеньне імі надзвычайнага становішча на мяжы, іншыя ж абураныя паводзінамі польскай памежнай службы і адсутнасьцю магчымасьці для бесьперашкоднага знаходжаньня ў зоне НС мэдыкаў, прадстаўнікоў незалежнай прэсы і актывістаў. На думку апошніх, уведзеныя абмежаваньні толькі пагаршаюць і без таго напружаную сытуацыю.
«У шпіталі Гайнаўкі 12 мігрантаў, адзін у цяжкім стане»
На гэты момант у Польшчы функцыянуюць дзясяткі няўрадавых арганізацый і ініцыятываў , якія аказваюць дапамогу нерэгулярным мігрантам:
- Amnesty International Polska,
- Dialog,
- Fundacja Ocalenie,
- Fundacja Polskie Forum Migracyjne,
- Grupa Granica,
- Helsińska Fundacja Praw Człowieka,
- Medycy na Granicy,
- Stowarzyszenie Interwencji Prawnej,
- Uchodźcy.info і іншыя.
Многія з уцекачоў пасьля некалькіх дзён, а часам і тыдняў, праведзеных у лясах на мяжы, знаходзяцца ў цяжкім маральным і фізычным стане.
У выпадках неабходнасьці тэрміновай мэдыцынскай дапамогі мігрантаў толькі зрэдку можа забраць хуткая дапамога (выданьне «Rzeczpospolita» са спасылкай на інфармацыю, атрыманую ад Управы Падляскага ваяводзтва, піша, што з 24 жніўня да пачатку кастрычніка «хуткія» прыяжджалі да мігрантаў 350 разоў, што ў сярэднім абышлося дзяржаве ў 2 млн злотых).
Так, напрыклад, паводле дадзеных з 8 лістапада, у аддзяленьнях шпіталя горада Гайнаўкі цяпер знаходзяцца 12 мігрантаў, адзін зь якіх у цяжкім стане.
Дырэктар мэдустановы Гжэгаж Тамашук паведаміў у інтэрвію польскаму каналу «Interia», што новых уцекачоў шпіталізуюць у іх штодня. Паводле яго, іншаземцы, якія знаходзяцца ў гэты момант на лячэньні, паступілі ў лякарню з пераахаладжэньнем, ранамі ног, былі таксама выпадкі абмарожаньня.
Значную частку хворых складаюць дзеці, самаму малодшаму зь іх каля года.
Па дадзеных Rzeczpospolitą, толькі за кастрычнік у падляскія лякарні шпіталізавалі некалькі сотняў нерэгулярных мігрантаў. Паколькі ва ўцекачоў няма страхоўкі, Нацыянальны фонд аховы здароўя Польшчы ня будзе аплачваць іх лячэньне. Таму мэдыцынскія ўстановы выстаўляюць рахункі памежнай службе. Як далей гэтае пытаньне будзе вырашацца, на дадзены момант невядома
Аднак у большасьці выпадкаў мэдыцынскую дапамогу мігрантам аказваюць не ў лякарнях, а «на месцах».
Гэтым займаецца арганізацыя «Medycy na Granicy» («Мэдыкі на мяжы»), у якую ўваходзяць амаль паўсотні чалавек з мэдычнай адукацыяй. Усе яны добраахвотна працуюць у раёнах прымежнай зоны і цягам некалькіх месяцаў зьвяртаюцца да ўладаў дазволіць працу непасрэдна на тэрыторыі НС, аднак безвынікова.
Акрамя мэдыцынскай дапамогі, мігрантам таксама трэба цёплыя рэчы і гарачая ежа. У горадзе Міхалова, які знаходзіцца недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, створана некалькі спэцыяльных пунктаў, дзе дзень і ноч дзяжураць валянтэры. Там мігранты могуць паесьці і пераапрануцца.
Напрыклад у Punkcie Pomocy Osobom Potrzebującym (Help Point), які функцыянуе з 4 кастрычніка, для уцекачоў зьбіраюць прадметы першай неабходнасьці: вопратку, абутак, коўдры.
Тут мігранты могуць сагрэцца і паесьці. Пра іх зьяўленьне адразу ж інфармуюць польскіх памежнікаў. У Help Point дзяжураць таксама пажарныя і валянтэры
Ужо доўгі час у горадзе таксама вісяць плякаты з інфармацыяй для мігрантаў аб цэнтрах, якія аказваюць ім неабходную падтрымку.
Паводле намесьніка мэра гораду Міхалова Конрада Сікоры, большасьць мясцовых жыхароў ставіцца да мігрантаў станоўча. Пасьля абвяшчэньня аб стварэньні пунктаў падтрымкі зьявілася шмат людзей, якія прапанавалі дапамагчы фінансава.
«Дзеля салідарнасьці зь людзьмі»
Таксама ў раёне Міхалова і іншых гарадах праводзіцца масавая акцыя «Зялёнае сьвятло», ініцыяваная адным з жыхароў польска-беларускага памежжа.
Акцыя заклікае павесіць зялёную лямпачку на плот ці дзьверы і ўключыць увечары ў якасьці сыгналу для мігрантаў, што тут яны могуць знайсьці дапамогу, зарадзіць тэлефон, атрымаць харчы або лекі.
«Мы не дапаможам вам ні ва ўцёках, ні ў вашым далейшым шляху, а толькі ў тым, каб выжыць, — дзеля салідарнасьці зь людзьмі», — зазначаецца на старонцы акцыі ў сацсетках.
Тэкст апублікаваны ў інтэрнэце на ангельскай, арабскай, курдзкай і францускай мовах.
Ад 25 злотых і лістоў у дзяржустановы — да арганізацыі дэманстрацый
Многія буйныя арганізацыі, такія як «Ocalenie», публікуюць інструкцыі для неабыякавых да сытуацыі на мяжы палякаў, у якіх пералічаны самыя неабходныя на гэты момант спосабы дапамогі ўцекачам.
Напрыклад, можна дапамагчы грашыма, зрабіўшы банкаўскі перавод на рахунак арганізацыі або выбраўшы канкрэтную суму на яе афіцыйным сайце:
- чатыры пачкі пажыўных напояў — гэта 25 злотых (каля 15 беларускіх рублёў);
- пакет з харчамі — 50 злотых;
- дапамога перакладчыка падчас начной інтэрвэнцыі — 100 злотых (каля 60 беларускіх рублёў);
- пакет зь цёплым адзеньнем і зьменным абуткам, тэрмакоўдрамі і паўэрбанкам — 150 злотых;
- бак паліва для групы актывістаў — 300 злотых; іхнае пражываньне цягам тыдня — 1000 злотых (каля 614 беларускіх рублёў);
- юрыдычныя паслугі для аднаго ўцекача — 500 злотых.
Таксама «Ocalenie» заклікае палякаў
- часьцей тлумачыць свайму асяродзьдзю на працоўным месцы, у касьцельнай парафіі, сябрам і знаёмым пра тое, што адбывацца на мяжы;
- арганізоўваць дэманстрацыі ў сваім горадзе альбо проста браць у іх удзел з мэтай прыцягненьня ўвагі да сытуацыі, якая склалася зь мігрантамі;
- у Варшаве, напрыклад, пісаць крэйдай на тратуары паведамленьні для памежнай службы каля іх галоўнага будынка;
- спрабаваць рознымі спосабамі ўплываць на чыноўнікаў, камэнтаваць іх пасты ў сацсетках, пісаць ім лісты. Арганізацыя падкрэсьлівае, што дзяржаўныя службоўцы мусяць адчуваць пастаянны націск, бо гэта сапраўды важна.
Валянтэры працягваюць інфармаваць людзей, што, нягледзячы на незаконнасьць працы непасрэдна на мяжы, бязвыплатнае аказаньне дапамогі ўцекачам па-за тэрыторыяй НС — законнае.
Актывісты таксама зазначаюць, што, нягледзячы на няспынны паток паведамленьняў на мэсэнджары з просьбамі аб тэрміновай дапамозе, ад чаго ім неабходна пастаянна быць у стане поўнай гатоўнасьці, бессані і зьнясіленасьці, яны будуць працягваць працаваць, бо нязгодныя з парушэньнем правоў чалавека і пакутамі іншых людзей.