Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты непадалёк ад памежнага пераходу «Брузгі» — «Кузьніца»
Мігранты непадалёк ад памежнага пераходу «Брузгі» — «Кузьніца»

Стральба і новыя спробы прарыву ў Польшчу. Крызіс на мяжы: што адбываецца 10 лістапада

  • 8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
  • 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
  • Уначы з 9 на 10 лістапада дзьве групы мігрантаў прарваліся ў Польшчу.
  • Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
14:54 10.11.2021

Мэркель патэлефанавала Пуціну абмеркаваць міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЭЗ

Выканаўца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель патэлефанавала прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, каб абмеркаваць міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы, паведамляе Deutsche Welle.

Мэркель назвала бесчалавечнай «інструмэнталізацыю» мігрантаў беларускімі ўладамі і папрасіла Пуціна паўплываць на гэта.

У адказ расейскі прэзыдэнт прапанаваў краінам ЭЗ непасрэдна размаўляць зь Менскам.

14:11 10.11.2021

Міністар замежных спраў Расеі Лаўроў: «Міграцыйны крызіс павінен вырашацца праз дыялёг»

У Крамлі прапанавалі перамовы, каб разьвязаць міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу.

Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах павінен вырашацца праз дыялёг, пра гэта 10 лістапада заявіў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, паведамліў «Інтэрфакс-Захад».

Паводле Лаўрова, «іншага выйсьця, акрамя як размаўляць і вызначаць на падставе рэальных фактаў, што ж адбылося насамрэч, проста не існуе».

Яшчэ ў верасьні прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заяўляў, што польскія службы маюць факты актыўнай зацікаўленасьці Расеі ў далейшых міграцыйных праблемах на польскіх межах; у лістападзе ён заявіў, што Пуцін асабіста зьяўляецца куратарам нападу на польскую мяжу. Польскія спэцслужбы казалі, што 20% мігрантаў маюць сувязі са спэцслужбамі Расеі.

Польскія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што дзеяньні Лукашэнкі не самастойныя, а крызіс зрэжысаваны ў Маскве; адпаведна, Лукашэнка і Пуцін дзейнічаюць разам і ўзгоднена супраць Эўразьвязу.

14:10 10.11.2021

Што пішуць прапагандысты пра міграцыйны крызіс

Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы стаў адной з ключавой тэмаў для праўладных журналістаў і палітыкаў. Мы сабралі для вас некаторыя цытаты з допісаў прапагандыстаў.

14:09 10.11.2021

Польшча пагражае цалкам закрыць пераходы зь Беларусьсю

Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.

У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.

13:20 10.11.2021

Пасьля закрыцьця «Кузьніцы» чарга ў «Баброўніках» дасягнула 39 гадзін

Кіроўцам грузавікоў давядзецца чакаць 39 гадзін для перасячэньня польска-беларускай мяжы ў Баброўніках. У чарзе стаіць каля 840 аўтамабіляў, перадае Ineria. За мінулыя содні мяжу прайшлі каля паўтысячы грузавікоў.

Прычым тыдзень таму ў гэты ж час у Баброўніках увогуле не было чаргі грузавых аўтамабіляў, а два тыдні таму чакаць трэба было ўсяго дзьве гадзіны.

У аўторак вечарам час чаканьня ў Баброўніках дасягаў аж двух содняў.

Паводле беларускага Памежнага камітэту, у чарзе зь беларускага боку, у пункце пропуску «Бераставіца», стаіць 160 грузавікоў. Уначы іх колькасьць дасягала 260.

Тыдзень таму ў сераду выезду зь Беларусі ў «Бераставіцы» чакалі 100–150 грузавікоў.

12:48 10.11.2021

Чаму мігранты жывуць у лесе і што парушаюць памежнікі? Праваабаронца адказвае на вашыя пытаньні пра крызіс на мяжы

Хто вінаваты ў мігранцкім крызісе на беларуска-польскай мяжы? Ці легальна такая колькасьць мігрантаў знаходзіцца ў Беларусі? Ці законна дзейнічаюць памежнікі? Чаму мігранты жывуць у лесе, а не ў адмысловых цэнтрах? Ці ёсьць віна Польшчы ў эскаляцыі напружанасьці?

Разьбіраемся з праваабаронцай Human Constanta Аленай Чаховіч.

12:44 10.11.2021

Мэдыкі на памежжы, зялёныя лямпачкі ў вокнах, ціск на чыноўнікаў. Як палякі дапамагаюць мігрантам

Польскія мэдыкі валянтэрамі выпраўляюцца ў памежныя раёны, каб лячыць мігрантаў. Палякі, гатовыя дапамагчы іншаземцам, пакідаюць на вокнах зялёныя лямпачкі. Польскія НДА дабіваюцца ад дзяржаўных службоўцаў справядлівага стаўленьня да гэтых людзей. Расказваем, як у Польшчы дапамагаюць мігрантам, якія рвуцца ў Эўразьвяз празь беларускую мяжу.

12:11 10.11.2021

У Беларусі стварылі пэтыцыю супраць незаконнай высечкі лесу мігрантамі

Пэтыцыю справакавалі дзеяньні мігрантаў на беларускай памежнай паласе з Польшчай.

Пэтыцыя зьявілася пасьля таго, як у раёне пункту пропуску «Брузгі» мігранты масава пачалі высякаць лес, каб разводзіць вогнішчы і грэцца каля іх. Высяканьне дрэваў адбываецца пры згодзе беларускіх сілавікоў, якія прысутнічаюць пры гэтым і ня робяць нічога, каб прадухіліць відавочнае парушэньне закону.

Меркавана ўчастак, дзе высякаюцца дрэвы, знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Індурскага лясьніцтва Горадзенскага лясгасу. Але дадзеныя структуры маўчаць пра нанесеную прыродзе шкоду.

Аўтары пэтыцыі прыводзяць у тэксьце нарматыўныя акты, якія сваімі дзеяньнямі шматкроць парушылі мігранты. Яны просяць пакараць вінаватых і не дапускаць далейшай незаконнай высечкі.

На гэты момант пэтыцыя сабрала ўжо 825 подпісаў.

11:38 10.11.2021

Польшча і Нямеччына патрабуюць як мага хутчэй новых санкцыі ЭЗ супраць афіцыйнага Менску

Бэрлін падтрымлівае ўвядзеньне новых санкцый ЭЗ супраць Менску з прычыны абвастрэньня праблемы з мігрантамі на мяжы Беларусі з Польшчай і краінамі Балтыі, заявіў міністар замежных спраў ФРГ Гайка Маас.

«Мы будзем караць усіх тых, хто ўдзельнічае ў мэтанакіраваным незаконным увозе мігрантаў», — гаворыцца ў заяве Мааса, распаўсюджанай у сераду, якую цытуе Інтэрфакс.

«Лукашэнка павінен зразумець, што ягоныя разьлікі не працуюць», — сказаў кіраўнік МЗС Нямеччыны, дадаўшы, што ЭЗ будзе працаваць над «працягненьнем і ўзмацненьнем жорсткасьці санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі».

Маас заявіў, што ЭЗ таксама гатовы дзейнічаць супраць іншых краін і авіякампаній, якія ўдзельнічаюць у транзыце мігрантаў.

«Нікому не павінна быць дазволена беспакарана ўдзельнічаць у бесчалавечнай дзейнасьці Лукашэнкі», — падкрэсьліў Маас, дадаўшы, што «Эўрапейскі Зьвяз нельга шантажаваць».

Кіраўнік ураду Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў аб намеры Варшавы паставіць перад кіраўніцтвам ЭЗ пытаньне аб узмацненьні санкцый у дачыненьні да Беларусі.

«Я ўнёс такую прапанову і паўтару яе старшыні Эўрапейскай рады Шарлю Мішэлю: ня варта чакаць сьнежня (на гэты тэрмін заплянавалі чарговае паседжаньне Эўрапейскай рады), а сустрэцца раней, хай і дыстанцыйна», — сказаў прэмʼер, выступаючы на надзвычайным паседжаньні Сэйму аб сытуацыі на польска-беларускай мяжы.

11:36 10.11.2021

Украіна ўзмацняе спэцтэхнікай сваю мяжу зь Беларусьсю праз міграцыйны крызіс

Украіна не выключае, што міграцыйныя праблемы, зь якімі цяпер сутыкаюцца эўрапейскія краіны на мяжы зь Беларусьсю, могуць закрануць і ўкраінскую тэрыторыю.

«Украінскія межы падрыхтаваныя да такіх правакацый. Ужо пралічаныя магчымыя накірункі, якімі мігранты могуць дабрацца да Ўкраіны», — сказаў першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Яўген Енін у камэнтары ўкраінскім СМІ.

Паводле яго, цяпер мяжа цалкам кантралюецца, і адначасова ўзмацняецца яе ахова.

11:35 10.11.2021

Прэм’ер Польшчы: Напад на мяжу курыруе прэзыдэнт Пуцін

Польшча абвінаваціла Беларусь у арганізацыі «нападзеньня» на польскую ўсходнюю мяжу. На адрас прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна прагучала крытыка за «кіраваньне патокам мігрантаў, які расьце». Гэты паток павінен, як лічаць у Варшаве, паводле задумы Пуціна, дэстабілізаваць Эўрапейскі Зьвяз.

«Куратарам гэтага нападу, якім камандуе Лукашэнка, зьяўляецца прэзыдэнт Пуцін», — заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі на надзвычайным паседжаньні польскага парлямэнту 9 лістапада.

11:15 10.11.2021

У Літву ўчора спрабаваў трапіць 281 мігрант

Большай лічба была толькі на самым пачатку міграцыйнага крызісу — 4 жніўня. Тады межы Літвы за содні штурмаваў 321 чалавек, паведаміў Delfi.

9 жніўня літоўскія памежнікі ўсіх выяўленых мігрантаў не прапусьцілі ў краіну.

Літоўскія памежнікі таксама заявілі, што чулі каля 20 стрэлаў зь беларускага боку.

Адзін іракец спрабаваў праехаць у Літву як пасажыр аўтобуса. У яго літоўскія памежнікі выявілі падробленыя дакумэнты. Яго вярнулі ў Беларусь.

Днём раней, у панядзелак, было амаль у чатыры разы меней спробаў — 73.

Ад пачатку міграцыйнага крызісу ў жніўні літоўскія памежнікі разьвярнулі на мяжы 6298 мігрантаў. Больш за 4 тысяч чалавек па першым часе трапілі ў цэнтры ў міграцыйныя цэнтры Літвы, але потым улады краіны вырашылі больш не пускаць мігрантаў.

Уначы з панядзелка на аўторак каля літоўскай мяжы непадалёк ад беларускай вёскі Кады́ш выявілі каля паўтысячы мігрантаў.

Яны расказалі, што іх аддзялілі ад астатніх каля памежнага пераходу Брузгі — Кузьніца і прывезьлі з-пад польскай мяжы беларускія сілавікі.

Паводле мігрантаў, сілавікі сказалі ім, што павязуць у Польшчу. Калі людзі адмовіліся сядаць у машыны, людзі ў форме пачалі страляць у паветра. Па прыезьдзе мігрантам загадалі разьбіцца на дробныя групы па 5-7 чалавек, паведаміў Delfi.

10:46 10.11.2021

Беларускія сілавікі крычаць мігрантам «Пошёл!» і страляюць

Польскае Міністэрства абароны апублікавала відэа, на якім зь беларускага боку мяжы чуваць, як людзі ў форме пхаюць мігрантаў, крычаць «Пошёл!» і страляюць.

10:40 10.11.2021

Польскія памежнікі паведамілі пра 599 спробаў парушэньня мяжы

9 лістапада Польская памежная служба зафіксавала 599 спробаў парушэньня мяжы з боку зь Беларусі. Затрымалі 9 мігрантаў і трох іхных памагатых. 48 асобам выдалі пастановы пра выезд з краіны. Гэта значыць, што, калі яны ня просяць прыстанішча ў Польшчы, іх вяртаюць на мяжу.

10:04 10.11.2021

Міністар абароны Польшчы: Было шмат спробаў парушэньня польскай мяжы

«Гэта не была спакойная ноч на мяжы Польшчы і Беларусі. Было шмат спробаў парушэньня польскай мяжы. Усе, хто прарваўся, былі затрыманыя. На мяжы цяпер 15 тысяч салдатаў», — сказаў Марыюш Блашчак на Першым канале Польскага радыё.

«Калі ў нас два дні таму была адна вялікая група, сканцэнтраваная непадалёк ад Кузьніцы Беластоцкай, і там была такая спроба перасячы мяжу, то цяпер маем справу зь меншымі, але шматлікімі групамі, якія адначасова атакуюць мяжу», — адзначыў міністар.

09:42 10.11.2021

Польскі прэзыдэнт заявіў, што беларускія сілавікі не даюць мігрантам адысьці ад мяжы

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 9 лістапада выступіў з нагоды апошніх падзеяў на мяжы.

Ён заявіў, што

  • міграцыйны крызіс — гэта гібрыдная атака беларускага рэжыму супраць Польшчы і Эўрапейскага Зьвязу;
  • беларускія сілавікі заблякавалі мігрантаў, каб яны не маглі адысьці ад мяжы;
  • праз крызіс на мяжы яму давялося адмяніць частку візыту ў Славаччыну.


09:16 10.11.2021

Да вечара аўторка ў Літву спрабавалі трапіць на сто мігрантаў болей, чым напярэдадні

За палову содняў 9 лістапада ў Літве прадухілілі 170 спробаў пераходу мяжы нерэгулярнымі мігрантамі, перадае Delfi. Днём раней такіх спробаў было 73.

Прадстаўнік службы аховы мяжы паведаміў, што зь беларускага боку ходзяць групы мігрантаў. Ня ўсе зь іх наважыліся перасякаць мяжу, некаторыя адышлі.

Мігранты канцэнтруюцца непадалёк ад скрыжаваньня межаў Беларусі, Польшчы і Літвы на Горадзеншчыне.

09:10 10.11.2021

Вялікая Брытанія назвала міграцыйны крызіс «агіднай спробай» Лукашэнкі зашкодзіць Эўразьвязу

«Вялікая Брытанія салідарная з Польшчай — міграцыйны крызіс, створаны рэжымам Лукашэнкі, — апошняя з шэрагу агідных спробаў зашкодзіць эўрапейскім партнэрам. Мы ўвялі пасьлядоўныя санкцыі і будзем далей прыцягваць рэжым да адказнасьці», напісала ў твітэры міністарка ў справах Эўропы і Амэрыкі Вялікай Брытаніі Ўэндзі Мортан.

08:11 10.11.2021

Памежная служба Польшчы паведаміла, што дзьве вялікія групы мігрантаў — па некалькі дзясяткаў чалавек у кожнай — прарваліся ў Польшчу з тэрыторыі Беларусі

Гэта адбылося ўначы ў ваколіцах Крынак і Белавежы. Каб перасекчы мяжу, мігранты зламалі агароджу, Частку мігрантаў удалося перахапіць і вярнуць на лінію мяжы, астатніх шукаюць, паведаміла радыё «Беласток», перадае TVP.

Паводле ж прадстаўніка польскай памежнай службы Міхала Такарчыка, усіх мігрантаў затрымалі, паведаміў ён радыё «Люблін».

Польская паліцыя апублікавала фота затрыманых увечары 9 лістапада мігрантаў.

Беларускі памежны камітэт заявіў, што на ўначы ў лягеры мігрантаў выявілі чатырох курдаў зь сьлядамі гвалту. Паводле БПК, мігрантаў сілай выштурхнулі на беларускі бок польскія памежнікі.

Што было ў папярэднія дні — у хроніцы Свабоды

XS
SM
MD
LG