Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ну папрасіце Лукашэнку. Ён вырашыць усё за суткі». Што пішуць прапагандысты пра міграцыйны крызіс


Лукашэнка разам з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ
Лукашэнка разам з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ

Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы стаў адной з ключавой тэмаў для праўладных журналістаў і палітыкаў. Мы сабралі для вас некаторыя цытаты з допісаў прапагандыстаў.

«Па пстрычцы пальцамі да заўтрашняй раніцы мігрантаў на тэрыторыі Беларусі можа ня быць»

Ігар Тур, супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканалу АНТ:

«Ці можа Лукашэнка ўзяцца за пытаньне мігрантаў і закрыць канал? Скажу непапулярную, бадай, штуку — па пстрычцы пальцамі да заўтрашняй раніцы мігрантаў на тэрыторыі Беларусі можа ня быць. Сыстэма да гэтага гатовая даўно.

Але! Мігранцкае пытаньне — праблема Эўразьвязу. Мне зусім не зразумела, чаму Лукашэнка павінен вырашаць праблемы Мэркель, Макрона ды іншых. Тыя санкцыі ўводзяць, а потым скардзяцца, што Менск не рашае іх праблемаў.

Ну папрасіце Лукашэнку. Ён вырашыць усё за суткі. Тут трэба вызначыцца — ці горды дэмакратычны самастрэл сабе ў нагу, ці адэкватнае супрацоўніцтва».

«Ахова мяжы з ЭЗ не ўваходзіць нацыянальныя прыярытэты Беларусі»

Вадзім Гігін, старшыня праўленьня Беларускага таварыства «Веды»

«Дарэчнае пытаньне: чаму Беларусь, вядомая сваёй унутранай дысцыплінай і надзейным кантролем над тэрыторыяй, так спакойна абыходзіцца з усімі гэтымі плынямі мігрантаў. „Аналітыкі“ з боку зьбеглых тут жа выстаўляюць свае вэрсіі, як заўсёды, бліскучыя яркай адборнай кансьпіралёгіяй. Маўляў, гэта Лукашэнка такім чынам спрабуе прымусіць Захад да перамоваў. Проста трэба быць бліжэй да зямлі і да жыцьцёвага разуменьня рэчаў.

Па-першае, некаторы час таму ЭЗаўцы вырашылі ўводзіць супраць нас санкцыі, каб пакараць Беларусь за паводзіны, якія ім не падабаюцца. Робяць яны гэта рэгулярна і зь любой нагоды. Ну дык тады і наша краіна, у сваю чаргу, мае поўнае права пераразьмеркаваць свае выдаткі такім чынам, каб мінімізаваць магчымыя страты.

І ўжо паверце, ахова мяжы з ЭЗ, а тым больш абарона польскага абываталя, чый мірны сон могуць патрывожыць калёны мігрантаў, зусім не ўваходзіць у лік нацыянальных прыярытэтаў Беларусі».

«Адзіным правільным рашэньнем на варшаўскай нарадзе можа быць толькі афіцыйны званок у Менск»

Андрэй Сыч: аналітык, палітычны аглядальнік

«Пакуль польскія паны з разумным выглядам засядалі на нарадзе, уся калёна, больш за тысячу мігрантаў з жанчын і малалетніх дзяцей, перайшла мяжу. Гэта гісторыя посьпеху, якую ўсе яны перададуць на радзіму, а таксама інфармацыйнае асьвятленьне па ўсім сьвеце, паслужыць своеасаблівай рэклямай дзіравай эўрапейскай мяжы. Струмень немінуча будзе мець лявінападобны рост. Адзіным правільным рашэньнем на варшаўскай нарадзе можа быць толькі афіцыйны званок у Менск і прапанова аднавіць супрацоўніцтва, але імавернасьць такога блізкая да нуля. Цяперашні рэжым у Польшчы стаў таксычным для ўсёй Эўропы».

«Перамовы зь беларускім бокам — самае разумнае рашэньне»

Алег Гайдукевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў

«І штучнае нагнятаньне вось гэтай гістэрыі на мяжы. Не перамовы зь беларускім бокам (а гэта было б самае разумнае рашэньне з боку польскіх уладаў — сесьці за такія перамовы зь Беларусьсю) — не, ня трэба, мы выставім войскі, мы будзем страляць. Яны страляюць ужо ў паветра. Я баюся, што ахвяры будуць, нейкія правакацыі. Жанчыны і дзеці — удумайцеся».

«Цікава, як курды адлюструюць сваё перасяленьне ў фальклёры»

Аляксей Дзермант, філёзаф

«Гэта вельмі ўражвае. Тысячы курдаў рыхтуюцца да прарыву польскай мяжы. Разьбілі лягер, паляць вогнішчы. Новае перасяленьне народаў.
Некалі готы ішлі з поўначы ў зваротным кірунку. І таксама праз палескія лясы і балоты. Тады ў іхнай сьвядомасьці гэта знайшло адлюстраваньне ў вобразе краіны Оюм — непераадольнага балотнага мора. Цікава, як курды адлюструюць сваё перасяленьне ў фальклёры? Як апішуць зьверствы палякаў і подзьвіг беларускіх мэдыкаў, якія ратуюць іхных дзяцей?»

«Наш памежнік — эўрапеец»

Юры Шаўцоў, палітоляг

«Польшча жыве нейкімі жахлівымі ўяўленьнямі пра сябе і рэальнасьць. Чынячы зьверствы на мяжы, яны парушаюць эўрапейскія і хрысьціянскія каштоўнасьці. Калі наш памежнік аддае сваю ежу курдзкаму дзіцяці, ён эўрапеец, а палякі — не».

«Немцы стукаюцца ў дзьверы Крамля, але з Масквы іх з халоднай пуцінскай ветлівасьцю адпраўляюць у Менск»

Аляксандар Шпакоўскі, палітычны камэнтатар

«Небясьпеку сытуацыі, якая склалася, у адрозьненьне ад ашалелых ад ксэнафобіі прыбалтаў з палякамі, добра разумеюць у Нямеччыне. Аднак немцы ня могуць бяз „страты твару“ ісьці на перамовы зь „нелегітымнай уладай“, таму настойліва стукаюцца ў дзьверы Крамля, але з Масквы іх з халоднай пуцінскай ветлівасьцю адпраўляюць у Менск.

... Імавернасьць эскаляцыі выглядае значна вышэйшай за сцэнар стабілізацыі. Трывожыць той факт, што значную частку мігрантаў складаюць жанчыны і дзеці, якія ў найбольшай ступені ўразьлівыя.

Безумоўна, патэнцыйныя ахвяры паспрабуюць зваліць на Беларусь, таму вельмі важна максымальна выкарыстоўваць сродкі візуальнага кантролю на мяжы, каб імгненна паказаць усяму сьвету бясспрэчныя доказы ў дачыненьні да сапраўдных падпальшчыкаў вайны».

«Польшча не пакінула ў думках ідэі ўсё ж прыбраць да рук Беларусь»

Мікалай Шчокін, філёзаф

«На жаль, польскае кіраўніцтва вырашыла разыграць сваю палітычную карту. З аднаго боку, Польшча сябе лічыць новым наглядальнікам, з падачы Вашынгтона, у Эўропе, а з другога боку, не пакінула ў думках ідэі ўсё ж прыбраць да рук Беларусь. Трэба прызнаць, што на сёньняшні дзень крызісная сытуацыя зь мігрантамі набыла ўжо вельмі вострую фазу.

У Польшчы зараз ёсьць два варыянты: альбо яна працягвае тую ж палітыку і страчвае сваю дзяржаўнасьць, як і Літва, і Эўропа рассыпаецца, альбо яны спыняюцца, адводзяць свае войскі і пускаюць мігрантаў у Нямеччыну праз сваю тэрыторыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG