- Абвастрэньне мігранцкага крызісу падобнае да сплянаванай і арганізаванай акцыі.
- У Польшчы на тле мігранцкага крызісу ў галасах і ўлады, і апазыцыі загучалі заклікі да адзінства і згуртаваньня.
- Беларускаму рэжыму варта чакаць яшчэ больш жорсткіх эканамічных санкцый звонку і яшчэ большай грамадзкай напружанасьці ўнутры.
Ночы ў лясах пад Горадняй ужо халодныя: тэмпэратура апускаецца да нуля, здараюцца замаразкі. Дадайце да гэтага дождж і вецер, вільготныя балоцістыя мясьціны... Ці доўга ў такіх умовах здольныя вытрымаць сагнаныя ў качавыя лягеры ўраджэнцы сьпякотных блізкаўсходніх пустэльняў і аазісаў, нават маючы намёты і цёплую вопратку? Сумнеўна.
Лістападаўскі наступ мігрантаў зь Беларусі на Польшчу менш за ўсё падобны да стыхійнага і спантаннага кроку абяздоленых і даведзеных да адчаю людзей. Хутчэй — да сплянаванай і арганізаванай акцыі, распрацоўшчыкі якой хочуць прысьпешыць хаду падзей і дамагчыся нарэшце сваіх мэтаў.
Надыходзяць халады, і пазьней ажыцьцявіць нешта падобнае будзе складана (калі ўвогуле магчыма). А пэрспэктыва і надалей усю зіму трымаць у сябе гэтыя тысячы зьвезеных з ісламскага сьвету людзей ня надта вабіць. Калі іх не карміць і не разьмяшчаць у адмысловых лягерах на сваёй тэрыторыі — гэта непазьбежна выкліча напружанасьць у грамадзтве.
Некаторыя мясьціны ў Менску ўжо ператварыліся ў імправізаваныя мігранцкія лягеры, пазначаныя сьмецьцем ды іншымі адкідамі чалавечага існаваньня (да чаго менчукі зусім не прывыклі). У Менску ўсё больш кватэраў, у якіх блізкаўсходнія «турысты» дзеля эканоміі селяцца дзясяткамі — з адпаведнымі наступствамі для астатніх жыхароў пад’езда.
Каму спадабаецца жыць у прахадным двары?
І грамадзкія настроі адносна мігрантаў у Беларусі імкліва мяняюцца. Беларусы, вядома, спагадлівыя і міласэрныя людзі. Але ўсяму ёсьць свае межы. І якія б высілкі ні прыкладала прапаганда, каб пераканаць падначаленае насельніцтва, што гэта Захад запрасіў мігрантаў, а беларускія ўлады тут увогуле ні пры чым, і што яны проста перавозяць дзясяткамі і сотнямі рэйсаў турыстаў, якіх немагчыма адрозьніць ад мігрантаў, — увесьці некага ў зман нават унутры Беларусі наўрад ці магчыма.
Калі ўсё пакінуць так, як ёсьць (працягнуць прыём «турыстаў» і пастаянна павялічваць іх колькасьць на сваёй тэрыторыі), то глухое раздражненьне ўласнага насельніцтва будзе толькі нарастаць. А гэта — яшчэ некалькі градусаў у і без таго добра нагрэтым катле грамадзкага нездавальненьня.
Уся апэрацыя зь мігрантамі грунтавалася на разьліку на «бесхрыбетнасьць», «мяккацеласьць» Захаду. Лёгіка стратэгаў якая? Там, дзе жорсткі аўтарытарны рэжым за пяць хвілін разагнаў бы парушальнікаў «рэжыму памежнай зоны» з дапамогай АМОНу, ГУБАЗІКу, а то і агнястрэльнай зброі, эўрапейскія лібэральныя ўрады з гуманітарных меркаваньняў вымушаныя будуць упусьціць гэтыя натоўпы на сваю тэрыторыю. І тады Менск атрымаў бы пастаянны і эфэктыўны інструмэнт ціску на Захад, высакаліквідны тавар для палітычнага і эканамічнага гандлю.
Першапачаткова гэтак і адбывалася. Толькі польскі ўрад паспрабаваў у жніўні ўвесьці больш жорсткі рэжым у памежнай паласе, толькі пачаў сілай вяртаць парушальнікаў мяжы на тую тэрыторыю, адкуль яны прыйшлі, — як лібэральная апазыцыя падняла крык. Узьняліся шматлікія гуманітарныя, рэлігійныя, праваабарончыя арганізацыі. Прыхільнікі абароны правоў мігрантаў пачалі выводзіць людзей на вуліцу, зьбіраць гуманітарную дапамогу для мігрантаў і адпраўляць яе на мяжу.
Стаўкі падвышаюцца
Але пасьля падзеяў 8-га лістапада грамадзкія настроі ў Польшчы імкліва мяняюцца. Цэлы дзень па ўсіх тэлеканалах дэманструюцца кадры, як з таго боку мяжы мігранты (ці нібыта мігранты) спрабуюць нішчыць памежную агароджу, кідаюць камяні ў бок памежнікаў, як дэманстратыўна валяць дрэвы на калючы дрот і выкарыстоўваюць спэцынструмэнт, каб прадзерціся на польскі бок мяжы. І ўсё гэта на тле беларускіх «сілавікоў», якія недзе на другім пляне моўчкі за ўсім ці то назіраюць, ці то кантралююць і каардынуюць працэс.
І вось ужо рыторыка апазыцыі дзіўным чынам рэзка мяняецца. Выступы ў падтрымку абяздоленых мігрантаў практычна зьнікаюць. У галасах і ўлады, і апазыцыі зьяўляюцца практычна аднолькавыя патрыятычныя ноты непакою і трывогі за лёс радзімы, заклікі да еднасьці і згуртаваньня.І зьдзіўляцца тут няма чаму, бо практычна такія ж настроі, эмоцыі, развагі і высновы — у размовах палякаў на вуліцах, у трамваях, у кавярнях. Па-іншаму і быць не магло пры ўзьнікненьні рэальнай вонкавай пагрозы. І калі беларускі рэжым разьлічваў на нешта іншае — то жорстка пралічыўся.
Цяжка ўявіць, што Польшча (а тым больш Захад у цэлым) саступіць зараз ціску Лукашэнкі, упусьціць гэтыя натоўпы на сваю тэрыторыю, папросіць беларускі рэжым сесьці за стол перамоваў, пагодзіцца адмяніць санкцыі...
Ёсьць непакой за тое, што з таго боку мяжы пачуюцца стрэлы, што зьявяцца ахвяры, што можа пачацца збройнае супрацьстаяньне. Прывід вайны, што блукае гэтымі днямі і начамі ў лясах пад Горадняй, палохае і трывожыць. Але і пра гэтую небясьпеку Захад будзе размаўляць, хутчэй за ўсё, з Масквой, а ня зь Менскам.
Стаўкі ў гэтай гульні падвышаюцца. Напружаньне расьце. Але адначасова падвышаюцца і шанцы на тое, што хутчэй надыдзе разьвязка таго вострага палітычнага крызісу, які пануе на Беларусі.
А беларускаму рэжыму сёньня калі і варта чаго чакаць ад гэтай наладжанай на мяжы апэрацыі, дык толькі яшчэ больш жорсткіх эканамічных санкцый звонку і яшчэ большай грамадзкай напружанасьці знутры. І дзеля чаго тады было заварваць усю гэтую кашу зь мігрантамі?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.