Прэпарат мольнупіравір распрацаваны ў выглядзе пілюлі і рэкамэндаваны для выкарыстаньня людзям у пачатковай стадыі захворваньня, да развіцьця ўскладненьняў. Ён рэкамэндаваны, у прыватнасьці, людзям з групы рызыкі — тым, хто пакутуе ад хранічных захворваньняў.
Гэта першы прэпарат ад COVID-19, прызначаны для масавага выкарыстаньня. Да гэтага часу спэцыфічныя прэпараты для лячэньня каранавіруснай інфэкцыі прымяняліся толькі ў лякарнях для дапамогі пацыентам у цяжкім стане.
Клінічныя выпрабаваньні паказалі, што новыя лекі могуць напалову зьнізіць рызыку шпіталізацыі і сьмерці для людзей з групы рызыкі.
У Брытаніі — як і ў іншых эўрапейскіх краінах — з надыходам восені расьце колькасьць інфікаваных каранавірусам, нават нягледзячы на параўнальна высокі працэнт вакцынацыі. Колькасьць новых выпадкаў інфэкцыі за дзень часам дасягае максымальных значэньняў з пачатку пандэміі — як, напрыклад, у Нямеччыне, дзе за апошнія суткі выяўлена больш як 33 тысячы інфікаваных. Пры гэтым колькасьць сьмерцяў па-ранейшаму істотна ніжэйшая, чым мінулай восеньню і вясной, што зьвязваюць з эфэктам вакцынацыі: большасьць пацыентаў зь цяжкім цячэньнем інфэкцыі па-ранейшаму складаюць непрышчэпленыя.
У Брытаніі зь лета адменены практычна ўсе абмежаваньні, зьвязаныя з эпідэміяй. У большасьці краін ЭЗ гэта ня так — там існуе абавязак насіць маскі ў памяшканьнях, а ў грамадзкія месцы можна трапіць толькі з сэртыфікатам аб вакцынацыі ці адмоўным тэстам. Поўны локдаўн, на ўзор мінулага году, быў уведзены толькі ў Латвіі.