Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За бела-чырвоны шалік — месяц турмы, за сьвядомае заражэньне каранавірусам нават не штрафуюць. Парадоксы беларускага аўтарытарызму


Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня стаўпецкай лякарні, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня стаўпецкай лякарні, архіўнае фота

Ва ўсім — дыктатура, а ў змаганьні з пандэміяй — дэмакратыя. Многія і сёньня лічаць стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі да праблемы пандэміі невытлумачальным, ірацыянальным. Між тым наўрад ці ўлада наважылася б так грэбліва-паблажліва ставіцца да ўсіх мераў засьцярогі ад пандэміі, ігнараваць просьбы мэдыкаў, адмяняць абавязковы масачны рэжым, пускаць на самацёк вакцынацыю, калі б не была ўпэўнена, што гэтак жа да праблемы ставіцца і значная частка грамадзтва.

Беларусь зь яе цяперашняй жорсткай аўтарытарнай сыстэмай лёгка магла б стаць адным зь лідэраў у колькасьці вакцынаваных. Такой, як пасьляваенны СССР ці як цяперашняя Куба. Я зь некаторым зьдзіўленьнем знаёміўся з апошнімі статыстычнымі зьвесткамі. Куба зь яе 11-мільённым насельніцтвам яшчэ на пачатку траўня ўвогуле ня мела ніякай вакцыны. А на канец кастрычніка — 9 мільёнаў 888 тысяч вакцынаваных (больш як 87 працэнтаў насельніцтва).

Аказваецца, у некаторых сытуацыях жорсткі аўтарытарны рэжым здольны рабіць цуды. Адна цьвёрдая каманда лідэра — і вось нацыя амаль пагалоўна вакцынаваная, а колькасьць тых, хто штодня памірае ад COVID-19 на Кубе, набліжаецца да нуля.

Дарэчы, прыблізна тое ж было ў пасьляваенным Савецкім Саюзе. Калі б у СССР гэтак жа ставіліся да вакцынацыі, як у цяперашняй Беларусі, то Саюз, напэўна, распаўся б задоўга да Гарбачова: ад эпідэмій воспы, чумы, сухотаў, дыфтэрыі ці поліяміэліту. Тады ніхто не пытаўся ў бацькоў, хочуць яны вакцынаваць немаўлят ці не. І ні пра якіх воспа-дысыдэнтаў ніхто нават ня чуў.

Адзін з успамінаў дзяцінства. 70-я гады. У маю маленькую лясную вёсачку (да бліжэйшай лякарні 30 км) прыяжджае зялёны мэдыцынскі фургончык з чырвоным крыжам на кузаве. Адчыняюцца дзьверы, фэльчар проста ў фургоне пачынае вакцынацыю ад нейкай заразы. Вяскоўцы паслухмяна выстройваюцца ў чаргу. Хочаш ці ня хочаш — ніхто ні ў каго не пытае. Аргумэнт адзін: «Дактары лепш ведаюць».

Адсталі нават ад Гандураса

У сёньняшняй Беларусі спэцыфічная сытуацыя: ковід-дысыдэнцтва значнай часткі не прывучанага да адказнасьці за сваё здароўе грамадзтва наклалася на такое ж стаўленьне да пандэміі з боку аўтарытарнага лідэра. І гэта ва ўмовах, калі дзяржава мае поўны кантроль практычна ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця.

Мы можам толькі здагадвацца, што ў галаве ў чалавека, ад якога ў Беларусі цалкам залежыць, як дзяржава будзе змагацца (і ці ўвогуле будзе) з пандэміяй.

Можна меркаваць, што ён кіруецца прынцыпам, пра які летась часта згадваў: «Не замінайце хутчэй усім перахварэць і такім чынам атрымаць калектыўны імунітэт». Апошнім часам адкрыта гэты прынцып не прапагандуецца, Але ўсе дзеяньні ўлады аб’ектыўна накіраваны на яго рэалізацыю: хто ня хоча — не засьцерагайцеся і не вакцынуйцеся, улада нікому нічога не забараняе і не загадвае.

Што адметна: прынцып рана ці позна спрацуе. Пандэмія немінуча праз пэўны час скончыцца. Як канчаліся страшныя эпідэміі ў Сярэднявеччы, калі не было ніякіх вакцын і лекаў. Мацнейшыя выжывалі і атрымлівалі імунітэт. Але які лёс напаткаў слабейшых? Як выглядалі пасьля эпідэміі спустошаныя гарады і вёскі? Якая цана была заплачаная за той калектыўны імунітэт?

На сёньня ў Беларусі толькі каля 22% вакцынаваных: гэта паказьнік на ўзроўні бедных краін Азіі і Афрыкі. (Для параўнаньня: у суседніх Польшчы — 53 працэнты, Літве — 67, Латвіі — 62, нават у Расеі 37. Ды што казаць пра іх: нават у Гандурасе — 38 працэнтаў). І гэта праз паўтара года пасьля таго, як пачалася пандэмія, і праз паўгода пасьля пачатку вакцынацыі. І гэта нягледзячы на тое, што прышчэпкі ў Беларусі ў цэлым даступныя і бясплатныя, а ў некаторых установах за вакцынацыю нават адзначаюць прэміямі.

І справа тут ня толькі ў тым, што такое стаўленьне да пандэміі дэманструе першая асоба ў дзяржаве. Усё больш схіляюся да думкі, што стэрэатыпнае ўяўленьне пра беларусаў як пра адукаванае і «прасунутае» грамадзтва моцна перабольшанае. Як і ў іншых постсавецкіх краінах, якія ня маюць досьведу жыцьця ў дэмакратычнай дзяржаве, у якіх дзесяцігодзьдзямі ўлада сама вырашала, як і дзе чалавеку жыць, дзе і чым лячыцца, на якія сродкі ён будзе жыць, калі пастарэе.

У Расеі, напрыклад, большасьць апытаных сацыёлягамі грамадзянаў (64%) выступаюць супраць увядзеньня бестэрміновага масачнага рэжыму ў грамадзкіх месцах. Ня думаю, што ў Беларусі карціна моцна адрозьніваецца.

У людзей няма адказнасьці за ўласны лёс, уласнае здароўе. Ва ўсім — традыцыйнае спадзяваньне на дзяржаву.

Вынікі сацапытаньняў сьведчаць: у Беларусі гатовая добраахвотна прышчапіцца менш як палова насельніцтва. Зь іх толькі траціна пагаджаецца на даступныя вакцыны расейскай і кітайскай вытворчасьці. І размова тут ня толькі пра малаадукаваную частку насельніцтва, схільную да прымхаў, забабонаў і лячэньня з дапамогай сьвятой вады і «пояса Багародзіцы».

Размаўляю са сваім старым знаёмым. Чалавек з вышэйшай адукацыяй, шмат чытае, добра арыентуецца ў палітыцы. І пры гэтым сьвядома адмаўляецца рабіць прышчэпку. Чаму?

«Мне шкада маю імунную сыстэму. Я не прымаю антыбіётыкаў, не хварэю, загартоўваюся, шмат часу праводжу на адкрытым паветры. І тут па ёй такі ўдар. Чаму я павінен захварэць?»

А многія па інэрцыі прывыклі слухаць тое, што кажа ўлада. І калі першая асоба дэманструе грэбліва-іранічнае стаўленьне да тых, хто носіць маскі, якія кпліва называе «наморднікамі», то чаго чакаць ад іншых? Здавалася б, відавочная рэч: ты мусіш выбіраць ці высокую рызыку заразіцца небясьпечнай хваробай, ці — выклікаць асуджальны і недаверлівы позірк з боку начальніка.

І што выбірае сярэднестатыстычны беларус? Паглядзіце на відэасюжэты БТ зь якой-небудзь нарады ці сходу з удзелам Лукашэнкі. Размова ня толькі пра высокапастаўленага чыноўніка, міністра, якому ёсьць што губляць. Рэдка-рэдка, дзе-небудзь у задніх шэрагах прамільгне твар, захілены маскай. Ды і зь яго праз нейкі час маска зьнікае: відавочна, няпроста вытрымліваць асуджальныя позіркі ці кплівыя ўсьмешкі калегаў. А то яшчэ і ў ляяльнасьці могуць засумнявацца. Сёньня носіш «наморднік», а заўтра, глядзіш, надзенеш бела-чырвоны шалік.

Лукашэнка, відаць, і сам належыць да гэтай часткі грамадзтва. Тое, што ён так скептычна ставіцца да масак і да абавязковай вакцынацыі, сустракае немалую падтрымку ў грамадзтве. І ён пра гэта ведае. Да таго ж працягвае працаваць добра адладжаная адміністрацыйная машына, якая імкнецца ўгадваць і апярэджваць любое пажаданьне гаспадара. Для прыкладу, рэкляма, прапаганда масачнага рэжыму нібыта не забароненыя. Але паспрабуйце заклікаць людзей насіць маскі.

Памятаю, летась толькі я парадаваўся зьяўленьню ва Ўруччы з ініцыятывы гандлёвай сеткі «Гіпа» вялізнага постэра, на якім бэгемоцік у масцы кажа: «Нашу — і ўсё тут», толькі запосьціў гэтае фота ў фэйсбуку — як празь дзень рэклямны шчыт зьнік. У краіне, дзе «ад вірусу ніхто не памёр» і дзе першыя асобы дэманстратыўна ня носяць маскі ў грамадзкіх месцах, такая рэкляма — амаль выклік, фронда, палітычная дэманстрацыя.

Рэклямны шчыт «Насіце маскі» зьнік праз два дні пасьля зьяўленьня
Рэклямны шчыт «Насіце маскі» зьнік праз два дні пасьля зьяўленьня

Выспа свабоды для ковід-дысыдэнтаў

Што адметна: ва ўсіх іншых сфэрах — жорсткая дыктатура, за чырвона-белыя шкарпэткі можна атрымаць месяц турмы. А ў пытаньні вакцын і масак — нейкая нечуваная дэмакратыя і поўная свабода. Хочаш — насі маску, а хочаш — бесьперашкодна расьсейвай вірус па ўсіх людных месцах, ніхто табе ня мае права запярэчыць. Караць за адсутнасьць ня ўздумайце, змушаць да вакцынацыі — ні ў якім разе.

Сам ня раз быў сьведкам гэтага — нават у той час, калі яшчэ нібыта існаваў такі-сякі кантроль за масачным рэжымам: прынамсі, у менскім мэтро. Ахоўнік на ўваходзе кожнага, хто бяз маскі, просіць надзець яе. Вось набліжаецца да турнікету барадаты маладзён бяз маскі. Ахоўнік спрабуе спыніць яго: «Малады чалавек, надзеньце маску!»

— У мяне няма маскі.

— І што?

— І ўсё!..

І моўчкі прайшоў праз турнікет, пакінуўшы ззаду разгубленага ахоўніка.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG