Зь іх цалкам выключылі пункт 41¹, які абавязваў людзей насіць маскі і трымаць дыстанцыю ва ўстановах, арганізацыях і грамадзкім транспарце.
Пазьней у камэнтары да зьменаў Мінздароўя адзначыла, што ўсё ж рэкамэндуе карыстацца маскамі падчас наведваньня абʼектаў і арганізацый «ва ўмовах наяўнай эпідэміялягічнай сытуацыі».
У Менску цалкам адмянілі рашэньне 3073 ад 14 кастрычніка, якім у сталіцы ўводзіўся абавязковы масачны рэжым ва ўстановах і грамадзкім транспарце, і сацыяльная дыстанцыя. Зьнялі абмежаваньні з працы выставаў, музэяў, бібліятэк, цэркваў. Перадумалі ўводзіць абавязковую вакцынацыю для кіроўцаў грамадзкага транспарту, курʼераў, работнікаў цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня.
У Бабруйску адмянілі загад правяраць сэртыфікаты аб вакцынацыі ці ПЦР-тэсты ў наведнікаў начных клюбаў і дыскатэк. У горадзе зноў можна заходзіць ва ўстановы і езьдзіць у грамадзкім транспарце бяз масак. У крамах адмянілі забарону на абслугоўваньне кліентаў бяз масак.
19 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка загадаў Міністэрству аховы здароўя вярнуць плянавыя агляды і апэрацыі, а таксама выказаўся за тое, каб кожны сам вырашаў, ці насіць яму маску:
«І маскі, і засьцерагальныя захады, і вакцынацыя — гэта выключна добраахвотная справа кожнага чалавека», — заявіў ён.
21 кастрычніка ў Беларусі зарэгістравалі рэкордную колькасьць новых хворых на COVID-19.