Сёлета ў красавіку Рома Кагадоўскі вынес з палаючага дому ў Мядзельскім раёне паўтарагадовага брата. Пры гэтым атрымаў апёкі больш за 50% цела і шматлікія парэзы. Ягоны стан мэдыкі ацэньвалі як надзвычай цяжкі і давалі асьцярожныя прагнозы на аднаўленьне.
Але намаганьнямі спэцыялістаў хлопчыка выратавалі, апошнія паўгода ён быў на лячэньні і рэабілітацыі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
2 лістапада ў Палацы Незалежнасьці прайшла цырымонія ўзнагароджаньня Рамана Кагадоўскага ордэнам «За асабістую мужнасьць». Таксама адзначылі дактароў, якія лячылі маленькага пацыента ад апёкаў і траўмаў.
Побач з сынам увесь гэты час заставалася маці: больш за 100 дзён была разам зь ім у лякарні.
Афіцыйныя СМІ пішуць, што Лукашэнка зладзіў для юнага ардэнаносца экскурсію па сваім кабінэце: дэманстраваў тэчкі з дакумэнтамі і нешта паказваў на глёбусе.
З фотасправаздач відаць, што ўсе кантакты падчас і пасьля афіцыйнай цырымоніі адбываліся бяз масак.