Такім чынам, удалося пераадолець рознагалосьсі паміж Малдовай і Расеяй, якія прывялі ў апошнія тыдні да вострага недахопу газу ў Малдове.
Увечары 29 кастрычніка «Газпром» у сваёй заяве назваў умовы новага пагадненьня ўзаемавыгаднымі. Міністар інфраструктуры Малдовы Андрэй Спыну паведаміў у суботу, 30 кастрычніка, што на перамовах была прынятая прапанаваная малдоўскай дэлегацыяй формула цаны, якая разьлічваецца на падставе рынкавых цэнаў на газ і нафту.
Пастаўкі газу з улікам нанава вызначанай цаны павінны пачацца 1 лістапада 2021 году. Андрэй Спыну абвясьціў, што Малдова будзе плаціць 450 даляраў за тысячу кубамэтраў газу ў лістападзе. «Затым цана можа зьмяншацца ў залежнасьці ад рынкавых коштаў. Каб спыніць любыя спэкуляцыі — падпісаны пратакол, які не прадугледжвае ніякіх палітычных умоўнасьцяў і ніякім чынам ня згадвае Прыднястроўскі край», — адзначыў Спыну.
Што тычыцца доўгу, утворанага ў «Малдовагазе», яго незалежны аўдыт будзе праведзены ў 2022 годзе. «На падставе гэтага аўдыту будзе вызначаная сума, і ў нас будуць новыя перамовы па вызначэньні спосабу і тэрмінаў выплаты гэтай запазычанасьці ў „Малдовагаз“. Для грамадзянаў і бізнэсу важнае тое, што з 1 лістапада мы забясьпечылі пастаўкі газу ў дастатковых абʼёмах па цане як мінімум удвая ніжэйшай за бягучую рынкавую. Прадпрыемствы ня спыняцца, і ў дамах будзе больш цяпла», — цытуе міністра малдоўская служба Радыё Свабода.
Кантракт на пастаўкі газу паміж Расеяй і Малдовай быў заключаны яшчэ ў сярэдзіне 2000-х і з таго часу неаднаразова працягваўся. Ён заканчваецца ў лістападзе. Ранейшыя перамовы паміж Расеяй і Малдовай па пастаўках газу скончыліся безвынікова. Масква прапаноўвала зьніжку памерам 25% пры ўмове аплаты доўгу за газ у памеры 709 мільёнаў даляраў. Кішынёў не пагаджаўся на такія ўмовы. «Газпром» прыгразіў спыніць пастаўкі газу ў Малдову, калі яна ня выплаціць доўг.
22 кастрычніка ў Малдове на месяц увялі рэжым надзвычайнага становішча праз дэфіцыт газу ў краіне. «Малдовагаз» зьвяртаўся да насельніцтва і субʼектаў гаспадараньня з просьбай эканоміць газ для зьмякчэньня наступстваў крызісу.
Сёлета цана расейскага газу для Малдовы была 790 даляраў за тысячу кубамэтраў, хоць яшчэ летась краіна плаціла за аналягічны абʼём каля 150 даляраў.