Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Судовая сыстэма Беларусі як зброя супраць іншадумцаў. Што казалі ўдзельнікі міжнароднай дыскусіі, арганізаванай Фондам Клуні

Судовая сыстэма Беларусі як зброя супраць іншадумцаў. Што казалі ўдзельнікі міжнароднай дыскусіі, арганізаванай Фондам Клуні


Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў, можа застацца без апошняга абаронцы — адваката Яўгена Пыльчанкі, якога 28 кастрычніка выклікаюць у Мін’юст. Раней тры іншыя адвакаты, якія абаранялі Бабарыку, страцілі ліцэнзіі.
Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў, можа застацца без апошняга абаронцы — адваката Яўгена Пыльчанкі, якога 28 кастрычніка выклікаюць у Мін’юст. Раней тры іншыя адвакаты, якія абаранялі Бабарыку, страцілі ліцэнзіі.

27 кастрычніка адбылася онлайн-дыскусія «Зьнішчэньне дэмакратыі ў Беларусі праз суды». Яе арганізавалі амэрыканскі Фонд Клуні за справядлівасьць і Цэнтар правоў чалавека Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў.

Удзельнікі дыскусіі абмяркоўвалі тое, як суды ў Беларусі выкарыстоўваюць для зьнішчэньня іншадумства. Прапануем вашай увазе некаторыя тэзісы з дыскусіі.

Джулі Фішэр, прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі, спэцыяльная пасланьніца ЗША для Беларусі.

  • Аляксандар Лукашэнка ўжо не адзін год выкарыстоўвае судовую сыстэму, а таксама іншыя часткі юрыдычнай сыстэмы, для палітычнага перасьледу. Адказам у тым ліку і на такія дзеяньні сталі санкцыі з боку ЗША і іншых дзяржаваў Захаду — краінаў Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і Канады. У прыватнасьці, былі ўведзеныя санкцыі супраць шэрагу судзьдзяў і пракурораў.
  • Санкцыі паказваюць рашучасьць супрацьстаяць дзеяньням рэжыму. Рэжым Лукашэнкі пакуль не дэманструе намераў зьменшыць рэпрэсіі супраць беларусаў. Цяпер у Беларусі больш за 800 прызнаных палітвязьняў. І кожны выпадак — гэта трагедыя.
  • Наконт Беларусі ў Вашынгтоне існуе кансэнсус — непрыняцьце дыктатуры і парушэньняў правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі.

Бэт Ван Схаак, прафэсарка Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, экспэртка праграмы TrialWatch, якая адсочвае судовыя працэсы па ўсім сьвеце.

  • Улады Беларусі выкарыстоўваюць судовую сыстэму як зброю супраць іншадумства.
  • У Беларусі ў апошнія гады адбываецца сыстэматычны перасьлед журналістаў — яркі прыклад тут прысуды Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай — а таксама перасьлед грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі і адвакатаў, якія абараняюць такіх людзей.
  • Юрыдычная сыстэма варожа ставіцца да любых спробаў абараніць абвінавачаных. Абвінаваўцы дзейнічаюць у змове з судзьдзямі.
  • Журналістаў судзяць за выкананьне сваіх абавязкаў — жывую трансьляцыю падаюць як антыдзяржаўную змову.
  • Вынік суду над Андрэевай і Чульцовай быў перадвызначаны, нягледзячы на доказы іх невінаватасьці.

Марыя Садоўская-Комлач, журналістка, кіраўніца групы Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў арганізацыі Free Press Unlimited

  • Тое, што цяпер за кратамі больш за 800 палітвязьняў, у тым ліку 28 журналістаў, выклікана ў тым ліку і ранейшымі падыходамі Захаду. Раней Захад кожны раз быў гатовы таргавацца і ісьці на скасаваньне санкцыяў за вызваленьне палітвязьняў. Міжнародныя інстытуцыі давалі грошы рэжыму ў Беларусі, а краіны захаду наладжвалі бізнэс-сувязі.
  • У цяперашняй працы беларускіх журналістаў найбольшая праблема — бясьпека камунікацый. Людзі хочуць дзяліцца інфармацыяй, але баяцца наступстваў.

Сяргей Зікрацкі, адвакат, які абараняў Максіма Знака і журналістаў, пазбаўлены ліцэнзіі ў Беларусі. Цяпер — прадстаўнік офісу Сьвятланы Ціханоўскай у юрыдычных пытаньнях.

  • Справа Андрэевай і Чульцовай, у якой я быў абаронцам, — яркі прыклад перасьледу за выкананьне прафэсійных абавязкаў. Журналісты асьвятлялі мірны пратэст, але ў абвінавачаньні іх назвалі арганізатарамі незаконных дзеяньняў. Нібыта яны арганізоўвалі пратэст праз правядзеньне жывога эфіру. Пры тым, што ўдзельнікі пратэсту відавочна ня мелі доступу да інтэрнэту.
  • Права на мірны пратэст гарантаванае дакумэнтамі ААН. Але судзьдзя праігнаравала відавочныя рэчы і прызнала іх вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і прысудзіла ім рэальныя турэмныя тэрміны.
  • Я пасьпеў напісаць апэляцыйную скаргу, але быў пазбаўлены ліцэнзіі і магчымасьці іх надалей абараняць. Каля 30 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій, і гэта вялікі ўдар па адвакатуры, бо агулам 100-120 адвакатаў былі гатовыя абараняць людзей у палітычных справах. Рэформа адвакатуры надалей зьменшыць колькасьць такіх юрыстаў.
  • Міжнародная супольнасьць можа ціснуць на рэжым і фіксаваць парушэньні.

Людміла Казак, адвакатка, якая абараняла Марыю Калесьнікаву, была пазбаўленая ліцэнзіі.

  • Мы называем лічбу каля 30, але ўжо больш за 30 адвакатаў пазбаўленыя ліцэнзій. Найбліжэйшымі днямі заплянаванае яшчэ адно паседжаньне камісіі, таму мы, хутчэй за ўсё, страцім яшчэ некалькіх адвакатаў.
  • Пазбаўленьне Віктара Бабарыкі адвакацкай абароны адлюстроўвае страх улады. Улада хоча цалкам ізаляваць вязьняў ад вонкавага сьвету. Цяпер некаму з адвакатаў будзе цяжка ўзяцца за справу Бабарыкі, а калі нехта возьмецца, дык можа быць прадказальны вынік.
  • Цяпер адвакату агулам цяжка ўзяцца за абарону абвінавачаных у палітычных справах.

Лела Мэтрэвэлі, прадстаўніца зарэгістраванай у Малдове праваабарончай арганізацыі Нuman Rights Embassy, якая займалася маніторынгам судовай сыстэмы Беларусі.

  • Судовыя працэсы ў Беларусі робяцца ўсё больш закрытымі. Шырокае грамадзтва пазбаўлена магчымасьці атрымоўваць інфармацыю пра судовыя парушэньні. Людзі, якія трапляюць пад перасьлед, застаюцца сам-насам з сыстэмай.
  • Нават у фармальна адкрытых судовых слуханьнях назіральнікаў часам не дапускалі ў судовую залю (як на судзе над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дарʼяй Чульцовай). Назіральнікам было цяжка атрымліваць інфармацыю, у тым ліку пра час і месца слуханьняў. Часта інфармацыю вывешвалі за паўгадзіны, ці нават за 10, за 7 ці за 3 хвіліны да самога паседжаньня.

Аляксей Лойка, праваабарончы цэнтар «Вясна».

  • Сёлета «Вясьне» споўнілася 25 гадоў, і зь іх 18 гадоў яна вымушаная працаваць без рэгістрацыі ў Беларусі. Увесь час яе перасьледавалі за праўду пра парушэньні правоў чалавека ўладамі.
  • Кіраўнікі «Вясны» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, гэтаксама як і некаторыя рэгіянальныя прадстаўнікі «Вясны», цяпер за кратамі.
  • На сёньня ў Беларусі 833 афіцыйна прызнаныя палітвязьні, тысячы людзей былі вымушаныя зьбегчы з краіны, тысячы прайшлі празь нялюдзкія ўмовы падчас затрыманьняў. Праваабаронцы намагаюцца дакумэнтаваць усе такія выпадкі.

Пра арганізатараў дыскусіі:

  • Фонд Клуні «За справядлівасьць» (Clooney Foundation for Justice), заснаваны амэрыканскай юрысткай Амаль Клуні і яе мужам, галівудзкім акторам Джорджам Клуні, сваёй задачай называе «барацьбу за справядлівасьць і патрабаваньне адказнасьці за парушэньне правоў чалавека». Фонд рэалізуе праваабарончыя праекты па ўсім сьвеце.
  • Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association) — аб’яднаньне юрыстаў ЗША, якое прымае ў свае члены таксама і юрыстаў іншых краін. Гэта адна з найбуйнейшых асацыяцый у сьвеце, цяпер яна абʼядноўвае больш за 400 тысяч чалавек з усяго сьвету, сярод якіх шмат і студэнтаў юрыдычных факультэтаў унівэрсытэтаў. Сярод асноўных мэтаў арганізацыі — распрацоўка этычных стандартаў для юрыстаў розных спэцыялізацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG