Карэспандэнты BBC знайшлі шматдзетную сям’ю ў прыгарадзе Герату, якая прадала сваю нованароджаную дачку, каб пракарміць іншых дзяцей.
«У нас у доме няма ні мукі, ні масла. Мы былі вымушаныя гэта зрабіць», — расказаў бацька сямейства.
Дзяўчынку прадалі за 500 даляраў, паведамляе BBC. На гэтыя грошы сямʼя зможа пражыць некалькі месяцаў. Калі немаўля навучыцца хадзіць, яе аддадуць пакупніку. Ён абяцаў выдаць яе замуж за свайго сына.
Паводле карэспандэнтаў BBC, гэта не адзіная сямʼя ў Афганістане, якая пайшла на такое. «У краіне адзін з самых цяжкіх гуманітарных крызісаў у сьвеце, — заявіў выканаўчы дырэктар Сусьветнай харчовай праграмы Дэйвід Бізьлі. — Справа набліжаецца да катастрофы».
У жніўні пасьля вываду замежных войскаў з Афганістану ўладу захапіў радыкальны ісламісцкі рух «Талібан», якога да гэтага часу афіцыйна не прызнала ніводная з краін сьвету.
Гэта пазбавіла жыхароў Афганістану дапамогі, якая раней паступала ад краін Эўропы, а таксама з Сусьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду. Доля замежных уліваньняў дасягала 40% ВУП.
У краіне пагоршыўся харчовы і лекавы крызіс. Кошт прадуктаў рэзка ўзрос. Акрамя таго, ужо другі раз за чатыры гады ў Афганістане наступіла самая моцная засуха. У выніку, паводле інфармацыі ААН, штодня дастаткова ежы атрымлівае толькі 5% афганскіх семʼяў.
У верасьні на канфэрэнцыі ў Жэнэве міжнародная супольнасьць абавязалася выдзеліць больш за 1 млрд даляраў на падтрымку афганцаў. Траціна гэтых грошай павінна пайсьці на рэалізацыю Сусьветнай харчовай праграмы. Але адміністрацыя праграмы паведамляе, што пакуль атрымала толькі частку выдзеленых грошай і што гэта «кропля ў моры».