Падзеі 26 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Год назад у гэты дзень
- На «Гродна-Азоце» пачаўся страйк.
- У 9 ВНУ краіны пачалі страйкаваць некаторыя студэнты.
- Сілавікі затрымалі каля 300 чалавек.
Таксама ў гэты дзень
1795 ― адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай.
1863 — у Жэнэве ўтвораны Міжнародны Чырвоны Крыж.
1947 — праведзеная самая масавая дэпартацыя ўкраінцаў з Заходняй Украіны (каля 78 тысяч чалавек).
1956 — вывад з Аўстрыі войскаў СССР і заходніх саюзьнікаў — пераможцаў у Другой усясьветнай вайне, дзяржаўнае сьвята Аўстрыі — Дзень незалежнасьці і нэўтралітэту.
1956 — створанае Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ).
1962 — падчас Карыбскага крызісу савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пагадзіўся на вяртаньне ў СССР караблёў, якія везьлі на Кубу ядзерную зброю.
2006 — экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандру Мілінкевічу Эўрапарлямэнт прысудзіў прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
У гэты дзень нарадзіліся
1635 — Міхал Казімір Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ.
1685 — Дамэніка Скарлаці, італьянскі кампазытар, аўтар 555 санат для фартэпіяна.
1759 — Жорж Жак Дантон, правадыр францускіх якабінцаў.
1810 — Генрых Дмахоўскі, беларускі скульптар, удзельнік паўстаньня 1863 году. Падчас жыцьця ў ЗША Дмахоўскі стварыў скульптурныя партрэты Тадэвуша Касьцюшкі і амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Вясною 1863 году ён загінуў у баі каля вёскі Парэчча пад Барысавам.
У юнацтве Генрык вывучаў у Віленскім унівэрсытэце юрыспрудэнцыю й адначасова браў урокі маляваньня і скульптуры. Жывучы пасьля паўстаньня 1831 году ў Парыжы, ён не зьбіраўся супакойвацца: зьвязаўся з карбанарыямі, падтрымаў ідэю свайго колішняга паўстанцкага камандзіра Юзафа Заліўскага вярнуцца ў Беларусь і зноў распаліць агонь змаганьня.
На шляху да мэты Генрык мусіў зрабіць сямігадовы прыпынак у турме-фартэцы Куфштайн у Тыролі. У камэры ляпіў з хлебу розныя фігуркі. Потым Генрык адшліхтуе свой талент у мастацкай вучэльні ў Парыжы, будзе ўдзельнічаць там у стварэньні саркафагу Напалеона. (Пасьля Плошчы-2006 мой сын Багдан, узгадаўшы аднаго з бацькавых герояў, зьлепіць у менскай турме з хлебнага мякішу зграбныя шахматы.)
Праз колькі гадоў такая асоба, як Дмахоўскі, у Эўропе зьнікае. Затое ў ЗША зьяўляецца скульптар Гэнры Сандэрз, геній якога нараджае бюсты прэзыдэнтаў, скульптурную групу «Гарыбальдзі з ваярамі», бюст Лаяша Кошута. Чалавек з такімі сымпатыямі ня мог не вярнуцца на радзіму, адкуль даходзілі зьвесткі пра падрыхтоўку новага паўстаньня.
У 1861-м ён зноў ступіў на віленскі брук, адчыніў насупраць катэдры скульптурнае атэлье, а ў 1863-м быў прызначаны камісарам Дзісенскага павету.
У траўні на ягоны аддзел зьнячэўку напалі карнікі. «Дмахоўскі васьмю кулямі прашыты — упаў на рукі моладзі», — пісаў у сваім лісьце адзін з паўстанцаў.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 60–61.
1888 — Нестар Махно, украінскі рэвалюцыянэр, лідэр анархісцкага руху.
1916 — прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, які кіраваў сваёй краінай два тэрміны па 7 гадоў (1981–1995).
1947 — Гілары Клінтан, кандыдатка ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі.
1959 ― Анатоль Сыс, беларускі паэт.
Сыс увайшоў у нашую паэзію і наагул у беларускае жыцьцё ўпэўнена і харызматычна. Ён стаў адным з стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» й арганізатарам першых Дзядоў у 1987-м. Ён зьбіраў на сваіх вечарынах паўнюткія залі. Ягоныя кніжкі «Агмень» і «Пан Лес» імгненна разьляцеліся. Трэцяя — «Сыс» — выйшла адно ў 2002 годзе дзякуючы эмігрантцы Валянціне Якімовіч.
Яго цытавалі студэнты і дактары навук:
…і сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе,
паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
І кожны выпіў: за сябе…
Сяброўства зь ім шукалі ня толькі літаратары, але і міністры, да прыкладу, першы міністар замежных справаў незалежнае Беларусі Пятро Краўчанка. Ягонаму маскоўскаму калегу Андрэю Козыраву Сыс з сцэны Дому літаратара прачытаў верш пра закапаны кулямёт і «мядзьведзя расейскага», публічна нагадаўшы, што тут — Беларусь, якая ніколі ня будзе Расеяй.
Ён быў непрадказальны і таленавіты ўва ўсім. Міталягізаваў родную вёску Гарошкаў. У 1990-м з крыкам «Акупанты, прэч!» спыніў разам зь сябрамі на сталічным праспэкце калёну бранятэхнікі, што рыхтавалася да кастрычніцкага параду. Анатоль падаваў менскім жабракам (а аднаго прывёў у кавярню Дому літаратара і нагадавáў, выдаючы за свайго бацьку), пакуль сам вонкава не ператварыўся амаль што ў аднаго зь іх.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 540–541.
У памяці
1806 — Шарль Агюстэн Кулён, францускі фізык і вайсковы інжынэр, які ў 1785 годзе экспэрымэнтальна ўсталяваў асноўны закон электрастатыкі (закон Кулёна).
1937 ― Юзэф Доўбар-Мусьніцкі, польскі вайсковы дзеяч, генэрал-лейтэнант расейскага войска, генэрал броні, кіраўнік вялікапольскага паўстаньня ў Познані (1918–1919).
1972 — Ігар Сікорскі, авіяканструктар, стваральнік першых у сьвеце гелікоптэраў.