Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Добрускай папяровай фабрыцы перад візытам Лукашэнкі звальняюць 70 «неляяльных» працаўнікоў


Добруская папяровая фабрыка, архіўнае фота
Добруская папяровая фабрыка, архіўнае фота

Некалькі працоўных Добрускай папяровай фабрыкі апавялі Свабодзе, што начальства чакае візыт Лукашэнкі на прадпрыемства. Ён заплянаваны на 29 кастрычніка. У сувязі зь візытам з фабрыкі звальняюць 70 чалавек, якія «засьвяціліся» на пратэстах улетку і ўвосень 2020 году.

Апроч сьпісу з 70 чалавек, на фабрыцы склалі яшчэ адзін сьпіс — тых, хто прыме ўдзел у сустрэчы з Лукашэнкам. Для іх цяпер шыюць новыя робы.

«Гэта сьпіс тых, хто будзе ўдзельнічаць у сустрэчы. Паглядзіце сваіх людзей і тэрмінова напішыце імя, імя па бацьку і прозьвішча, рост і памер для робы, бо заўтра для нас запускаюць швейны цэх», — напісала кіраўніцтва ў групе ў Viber.

Што адбываецца цяпер на фабрыцы

«Лукашэнка даўно патрабаваў запусьціць вытворчасьць кардону. Тую вытворчасьць будавалі кітайцы. І яна не запускаецца ніяк, ужо ўсе тэрміны мінулі. Цяпер яе спрабуюць запусьціць аўстрыйцы.

І вось празь візыт Лукашэнкі склалі сьпіс — звольніць 70 чалавек! Некаторых звальняюць семʼямі! Спачатку прапануюць напісаць заяву па ўласным жаданьні.

Калі хто ня згодны — забіраюць пасьля зьмены з прахадной на трое і больш сутак у ізалятар часовага ўтрыманьня. І потым звальняюць. Ужо аднаго з нашых паказвалі пасьля затрыманьня па прапагандысцкіх telegram-каналах.

Кіраўнікі настолькі згубілі прыстойнасьць, што ў вочы кажуць: „Так, гэта рэпрэсіі і перасьлед“. Людзі баяцца», — расказаў Свабодзе адзін з былых работнікаў фабрыкі.

«У нас маленькі гарадок, усе ўсіх ведаюць, усе навідавоку. Мы даведаліся ад знаёмага ў выканкаме, што на фабрыку „спушчаны“ сьпіс з 70 чалавек. Цяпер кіраўніцтва шукае спосабы, каб выжыць людзей. Пачалі правяраць прапускны рэжым, адсочваць уваходы і выхады з працы», — дадаў адзін з працоўных.

Што з прадпрыемствам, якое будавалі кітайцы?

Будаўніцтва кардоннай фабрыкі з прыцягненьнем кітайскіх крэдыту і будаўнікоў пачалося ў 2010 годзе. Меркавалася, што фабрыка запрацуе ў 2015 годзе. Будавала яе кітайская кампанія. Будаўніцтва суправаджалася мноствам скандалаў.

У 2015 годзе кітайскія працоўныя ішлі маршам на Менск, бо не атрымлівалі заробак. Пазьней беларускія ўлады прызналі, што кампанія ня мела досьведу падобнага будаўніцтва. Дабудоўвала фабрыку іншая кітайская кампанія.

Пуск вытворчасьці адкладалі з году ў год. Цяпер яе спрабуюць запусьціць аўстрыйскія спэцыялісты, хоць улады яшчэ ўлетку адрапартавалі, што фабрыка выпускае кардон.

Лукашэнка ўжо прыяжджаў на фабрыку 4 лютага 2020 году. Тады кіраўніцтва канцэрну «Беллеспаперпрам» заявіла, што фабрыка гатовая на 95%. Але, каб запусьціць яе, трэба яшчэ 83 мільёны даляраў. Лукашэнка абяцаў дапамагчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG