Анколяг Надзя Пятроўская ў інтэрвію Свабодзе тлумачыла, што падчас пандэміі COVID-19 колькасьць людзей у сьвеце, якім упершыню быў дыягнаставаны рак, значна зьменшылася. Гэты трэнд заўважаны і ў Беларусі. І гэта не азначае, што раку стала меней, а хутчэй азначае, што людзі не дайшлі да дактароў праз пандэмію.
Надзея Пятроўская: Гэтыя трывожныя тэндэнцыі кажуць нам пра тое, што ў пэрыяд пандэміі многія віды раку не дыягнастуюцца і ня лечацца. Колькасьць скрынінгавых тэстаў на рак шыйкі маткі, абадковай і прамой кішкі, малочнай залозы, прастаты і лёгкіх рэзка зьнізілася з прычыны боязі з нагоды COVID-19. Нацыянальны інстытут раку (NCI) прадказаў амаль 10 000 дадатковых сьмерцяў у ЗША толькі ад рака малочнай залозы і тоўстай кішкі на працягу наступных 10 гадоў праз зьвязаныя з пандэміяй затрымкі ў скрынінгу і лячэньні.
Гэта значыць, можна зрабіць выснову, што ў маштабах краіны кожны месяц вымушанай адтэрміноўкі плянавых і скрынінгавых дасьледаваньняў, гэта страчаныя жыцьці, якія можна было захаваць. У краінах ЭЗ масавая вакцынацыя дазволіла грамадзтву вярнуцца да звыклага ладу жыцьця, а анкалягічным пацыентам — да праграмнага лячэньня бязь хібаў у таймінгаў і схемах тэрапіі. А ў Беларусі мы цяпер маем сытуацыю вясны 2020 году.