Урыўкі зь ліста Іваненкі публікуе сайт «Вот так TV». Іваненка пацьвердзіў выданьню факт напісаньня ліста і патлумачыў сваю пазыцыю тым, што лічыць Навальнага палітыкам, «ня лепшым за Пуціна».
Эўрапарлямэнт да думкі Іваненкі не прыслухаўся і абвясьціў 20 кастрычніка, што зьняволены ў расейскай калёніі Навальны стаў ляўрэатам прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі».
У сваім лісьце Іваненка, у прыватнасьці, абвінаваціў Навальнага ў падтрымцы анэксіі Крыму і ў тым, што яго погляды па ўкраінскім пытаньні супадаюць з пазыцыяй прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. «У 2014 годзе Навальны заявіў, што „Крым належыць тым людзям, якія жывуць у Крыме, Крым застанецца часткай Расеі і ніколі больш ня стане часткай Украіны ў агляднай будучыні“. „Крым — гэта бутэрброд з каўбасой, ці што, каб вазіць яго туды-сюды?..“» — піша Іваненка, ня згадваючы пры гэтым пра выказваньні Навальнага супраць анэксіі, а таксама супраць умяшаньня Расеі ў справы Ўкраіны.
Іваненка таксама абвінаваціў Навальнага, што той некалькі гадоў таму ўдзельнічаў у дэбатах з былым камандзірам сэпаратыстаў так званай «ДНР» Ігарам Стралковым (Гіркіным). На яго думку, такія факты несумяшчальныя зь імем Андрэя Сахарава.
У інтэрвію «Вот так TV» Іваненка сказаў, што пісаў ліст ад сябе, а не ад партыі. Прысуджэньне Навальнаму прэміі Сахарава ён назваў сумнай падзеяй для дэмакратычнага руху ў Расеі. На думку Іваненкі, Навальны — «нацыяналіст», які «распальвае прымітыўную сацыяльную варожасьць».