Бульба — мінус 14%
У параўнаньні з 2019 годам бульбы сталі зьбіраць менш ва ўсіх катэгорыях гаспадарак (дзяржаўныя арганізацыі, фэрмэры) на 14%. Калі ў 2019-м сабралі 6105 тысяч тон, то летась — толькі 5 231 тысячу.
Калі браць сельскагаспадарчыя арганізацыі (збольшага яны дзяржаўныя), то валавы збор бульбы з 2014 году скараціўся амаль удвая.
Цукровыя буракі — мінус 18,9%
Па ўсіх катэгорыях гаспадарак у 2020 годзе сабралі на 18,9% менш цукровых буракоў, чым годам раней.
Настолькі ж скараціўся збор цукровых буракоў у сельскагаспадарчых арганізацыях (якія збольшага дзяржаўныя).
Гародніна — мінус 5,5%
Валавы збор гародніны па гаспадарках усіх катэгорый таксама скараціўся з 2019 па 2020 год на 5,5%. Было 1 854 тысяч тон, стала — 1 751 тысяча.
Проса, пшаніца, ячмень — рост
Ёсьць сельскагаспадарчыя культуры, якія, наадварот, у 2020 годзе паказалі рост па ўраджайнасьці. Так, ураджай проса вырас у 1,3 раза, пшаніцы — на 18,9%, ячменю — у 1,25 раза.
Але калі параўноўваць, напрыклад, з 2014 годам, то тады гэтых культур усё адно зьбіралі болей.
Што прынёс 2021 год
Вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі да 2020 году за дзевяць месяцаў скарацілася на 6,6%.
Збор зерневых і зернебабовых культур на 1 кастрычніка зьменшыўся адносна такога ж пэрыяду летась на 19,7%, бульбы — на 28,4%, цукровых буракоў — на 18%.
А што ў іншых краінах?
Больш не аграрная краіна?
Беларуская сельская гаспадарка — гэта 6,7% валавога ўнутранага прадукту. Пры гэтым сярэдні тэмп росту ІТ-сфэры істотна большы, чым тэмпы росту сельскай гаспадаркі.
За 2019 год (адносна пасьпяховы для сельскай гаспадаркі па ўраджаі) сельская гаспадарка забясьпечыла прырост ВУП толькі на 0,2%, а «інфармацыя і сувязь» — на 0,4%.
Па ацэнках эканаміста Льва Львоўскага, сярэдні тэмп росту галіны сельскай гаспадаркі з 2011 году — 1,9%, а сфэры ІТ — 10,3% у год.
З краін-суседак большая доля ВУП у сельскай гаспадарцы — ва Ўкраіне, там яна складае звыш 10%. У Літве доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — больш за 3%, у Латвіі — больш за 4%, у Расеі — больш за 4%.