Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі ля могілак і акцыі пратэсту. Як ва Ўкраіне супрацьстаяць новай хвалі каранавірусу


Каранавірусныя абмежаваньні ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота
Каранавірусныя абмежаваньні ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота

Улады Ўкраіны занепакоеныя імклівым распаўсюджаньнем каранавіруснай інфэкцыі. Але пакуль гаворка не ідзе пра абвяшчэньне локдаўна.

У краіне вызначылі крытэрыі, паводле якіх, адпаведна сытуацыі ў кожным рэгіёне, будуць уводзіцца абмежаваньні. Аднак цалкам спыняць працу пакуль не плянуюць і робяць стаўкі на вакцынацыю.

Ці падтрымліваюць украінцы дзеяньні сваёй улады па барацьбе з каранавірусам?

Карантын, але без локдаўна

У першую хвалю эпідэміі каранавірусу Ўкраіна, як і большасьць эўрапейскіх краін, зачынялася на локдаўн, а ў іншыя хвалі абмяжоўвала эканамічную і грамадзкую дзейнасьць дзяржавы.

Спачатку такія дзеяньні выклікалі ў прадпрымальнікаў разуменьне, але зь цягам часу сярод іх пачаліся хваляваньні — дзяржаўную падтрымку атрымаць было складана, а падаткі і арэнду, хоць і ў меншым аб’ёме, трэба было сплачваць. Ва ўмовах трывалага спыненьня працы гэта рабілася праблематычным.

Тым ня менш акцыі пратэстаў прадпрымальнікаў масавымі ня сталі. Але пасьля іх улада пільней падышла да вызначэньня крытэрыяў «жоўтага» і «чырвонага» ўзроўняў эпідэмічнай небясьпекі.

Цяпер ва ўмовах «жоўтага» ўзроўню кінатэатры, спартзалі, аб’екты культуры, адукацыі і паслуг змогуць працаваць пры ўмове, што 80% пэрсаналу будуць вакцынаваныя або будуць мець нэгатыўны вынік PCR-тэсту, а ва ўмовах «чырвонага» — 100%.

Лекары інфэкцыйнага аддзяленьня, ілюстрацыйнае фота
Лекары інфэкцыйнага аддзяленьня, ілюстрацыйнае фота

У такіх умовах вакцынацыя фактычна стала абавязковай, хоць фармальна ўрад не ўхваляў адпаведнага рашэньня, бо прымусовыя прышчэпкі забароненыя заканадаўствам. Грамадзяне могуць абіраць для сябе — або прышчэплівацца і працаваць, або не прышчэплівацца і не атрымліваць заробкаў. У Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны папярэдзілі, што невакцынаваныя настаўнікі і дзяржаўныя чыноўнікі будуць адхіляцца ад працы без захаваньня заробку.

Ад 21 кастрычніка грамадзкім транспартам можна будзе скарыстацца толькі пры наяўнасьці сэртыфікату вакцынацыі або нэгатыўнага PCR-тэсту. Правяраць іх наяўнасьць будуць паліцэйскія, а таксама супрацоўнікі Дзяржаўнай спажывецкай службы і Цэнтру кантролю і прафіляктыкі захворваньняў.

Абавязковымі застаюцца нашэньне масак у грамадзкіх месцах і трыманьне дыстанцыі.

Вынаходлівасьць антывакцынатараў

Акцэнт уладаў на неабходнасьці прышчэплівацца выклікаў новыя хвалі пратэсту. На пачатку тыдня малебен супраць вакцынацыі дзяцей каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны правялі вернікі Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне. Хоць ва Ўкраіне прышчэпліваць дзяцей не абавязваюць, а толькі рэкамэндуюць і толькі ва ўзросьце ад 12 да 14 гадоў.

Тры дні запар антывакцынатары праводзяць свае маршы ў Кіеве і іншых гарадах, выказваючы пратэст ля сьцен гарадзкіх уладаў, украінскага ўраду і парлямэнту.

«Ніякіх вірусаў не існуе, гэта мэдычны генацыд у інтарэсах міжнароднай фармацэўтычнай мафіі», — кажуць удзельнікі гэтых акцый.

Нядаўна невядомыя разаслалі ў СМІ зварот нібыта Львоўскага мэдычнага ўнівэрсытэту за подпісам ягонага рэктара з патрабаваньнем скасаваць «прымусовую вакцынацыю асобных катэгорый насельніцтва» з прычыны сур’ёзных пабочных эфэктаў ад прышчэпкі Moderna. Ва ўнівэрсытэце катэгарычна зьняпраўдзілі такі зварот і зьвярнуліся ў паліцыю і Службу бясьпекі Ўкраіны з заявай аб злачынстве і падробцы дакумэнту.

«Я ведаю факты, калі людзі стаялі ў чэргах у пунктах вакцынацыі, але прасілі лекараў толькі запісаць, што прышчэпку зрабілі. І некаторыя мэдыкі ішлі ім насустрач, выліваючы вакцыны», — расказала Свабодзе кіраўніца мэдычнай службы аднаго з рэабілітацыйных цэнтраў у Кіеве, мабільныя брыгады якога выяжджалі на кіеўскія прадпрыемствы дзеля вакцынацыі.

Кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Сьвятаслаў (Шаўчук) прышчапіўся вакцынай AstraZeneca
Кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Сьвятаслаў (Шаўчук) прышчапіўся вакцынай AstraZeneca

Сярод мэдыкаў, кажа яна, таксама ёсьць антывакцынатары.

«У нашым цэнтры прышчапіліся 197 з 200 чалавек пэрсаналу. У каго — супрацьпаказаньні, а нехта — прынцыпова супраць вакцынацыі. Але вось цяпер у адной зь лекарак, якая адмовілася прышчэплівацца, муж захварэў на каранавірус. Яна — кантакт першага ўзроўню. І я цяпер хвалююся, як яны перанясуць, бо абое ва ўзросьце 50+, які таксама лічыцца ўжо рызыкай», — патлумачыла доктарка.

Праваахоўныя органы завялі 350 крымінальных спраў аб выдачы падробленых сэртыфікатаў аб вакцынацыі. Цяпер урад распрацоўвае праект закону аб увядзеньні крымінальнай адказнасьці за выдачу такіх дакумэнтаў, і адначасова Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны накіравала 15 мэдычным установам лісты з патрабаваньнем звольніць кіраўніцтва — «праз падазрэньне ў тым, што лекары падраблялі COVID-сэртыфікаты».

Статыстыка падштурхоўвае да вакцынацыі

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на сёньня адной дозай вакцыны прышчапіліся 8 207 903 чалавек, дзьвюма — 6 658 010 з 41 588 000 агульнай колькасьці насельніцтва, што складае адпаведна 19% і 16%. Гэтыя лічбы нават меншыя, чым у Беларусі. Калі адштурхоўвацца ад інфармацыі, распаўсюджанай Беларускім тэлебачаньнем: поўны цыкль вакцынацыі прайшлі каля 19,6%, а першай дозай прышчапіліся 27% беларусаў.

Ва Ўкраіне ўзровень вакцынацыі пачаў рэзка павялічвацца пасьля таго, як апублікавалі статыстыку з рэкорднай для ўсёй эпідэміі колькасьцю сьмерцяў.

Паводле Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, за сем апошніх дзён першую прышчэпку зрабілі яшчэ больш як 762 тысячы чалавек. У большасьці пунктаў вакцынацыі зноў пачалі зьяўляцца чэргі.

«Пакуль з украінцамі гуляесься ў дэмакратыю, яны будуць рабіць выгляд, што практыкуюцца ў „крытычным мысьленьні“ і змагаюцца за мітычныя правы. Як толькі гайкі закручваюцца, прачынаецца савецкая дысцыпліна, любоў да чэргаў і дэфіцыту. Усе дружнымі шэрагамі стаяць па ўкольчык, які жудасна парушае правы, зьяўляецца вынікам глябальнай змовы супраць няшчаснага кандуктара трамваю, мэнэджара па продажы гарэлкі і вахцёркі цёці Галі, але ж дрэнная ўлада прымушае. Працягваюць абурацца, але цішэй — на кухнях ці ў Facebook. Ну, а на пратэсты за свае „правы“ чамусьці не выходзяць, а пакорліва становяцца ў чаргу. І вуаля! Ёсьць рэкордная колькасьць вакцынаваных», — напісала ў Facebook каардынатарка «Мэдыйнай ініцыятывы за правы чалавека» Вольга Рашацілава.

Брыгада хуткай дапамогі
Брыгада хуткай дапамогі

Кепскія навіны паведаміў сёньня ў Вярхоўнай Радзе і кіраўнік парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях здароўя нацыі Міхайла Радуцкі, стваральнік адной зь вядомых прыватных клінік у Кіеве.

«Сёньня Ўкраіна стала другой краінай, на жаль, зьверху, паводле колькасьці памерлых... Чарга катафалкаў у кіеўскім крэматорыі сёньня складае амаль дзьве гадзіны», — заявіў ён з трыбуны Вярхоўнай Рады і заклікаў дэпутатаў, чыноўнікаў і грамадзян тэрмінова вакцынавацца і выконваць усе эпідэмічныя захады, у тым ліку насіць маскі і трымаць дыстанцыю.

У чаканьні піку захворваньняў

За апошнія тры дні інтэнсіўнасьць распаўсюджваньня каранавірусу ва Ўкраіне імкліва павялічваецца. 19 кастрычніка зафіксавалі 18 912 новых выпадкаў — гэта ў два разы больш, чым яшчэ два дні таму.

У Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны, як і ў большасьці эўрапейскіх краін, таксама назіраюць тэндэнцыю, што сярод пацыентаў, якія прадстаўляюць цяжкія і сьмяротныя выпадкі, вакцынаваных амаль няма.

«З 27 488 грамадзян, шпіталізаваных з каранавірусам ва Ўкраіне з 11 да 17 кастрычніка, 94,2% не атрымалі ніводнай дозы антыковіднай вакцыны», — паведамілі ў ведамстве.

Украінскія мэдыкі прагназуюць, што пік захворваньняў будзе з канца кастрычніка да сярэдзіны лістапада. Паводле іх, з канца году і ў першым квартале 2022 году колькасьць захворваньняў будзе зьніжацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG