Акурат 90 гадоў таму, цягам тыдня з 14 па 21 лістапада 1926 г., Інстытут беларускае культуры — зь якога фармальна пайшла Акадэмія навук — сабраў у Менску Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
Хаця беларускі народ ужо быў разарваны між бальшавіцкай і польскай дзяржавамі, але беларуская мова імкліва разьвівалася па абодва бакі мяжы — на хвалі надзеяў 1918-га. Тады яшчэ ніхто не навязваў адміністрацыйных рашэньняў згары нашай літаратурнай мове. Яе граматыка і правапіс, укладзеныя Браніславам Тарашкевічам і выдадзеныя ў Вільні ў тым самым 1918-м, былі прынятыя ўсёй беларускамоўнай грамадой і прайшлі вэрыфікацыю практыкай.
Але мяжы дасканаласьці няма: трэба было асвойваць новыя шматлікія пазычаньні; выяўляліся лякальныя правапісныя праблемы; не была завершаная дыскусія наконт выбару альфабэту. Трэ было дамаўляцца ў шырокім коле навукоўцаў, творцаў, пэдагогаў — нармальнае памкненьне.
На дзіва, бальшавіцкая ўлада БССР пагадзілася ня толькі на канфэрэнцыю, але і на яе міжнародны статус ды апалітычны характар. У канфэрэнцыйнай зале нават чырвоны сьцяг спачатку не павесілі — са згоды ўладаў.
Асноўныя дыскусіі адбываліся ў клюбе імя К. Маркса, былой залі дваранскіх сходаў, адным з прэстыжных будынкаў гораду. Там у 1917 годзе працаваў Усебеларускі кангрэс. Цяпер на гэтым месцы станцыя мэтро „Купалаўская“.
А праз дарогу — Беларускі дзяржаўны тэатар (яшчэ адны муры Ўсебеларускага кангрэсу), і мовазнаўцы пасьля вечаровага паседжаньня не маглі не маглі не зьвяртаць увагі на беларускія пастаноўкі. Прыклад — „На Купальле“ Міхася Чарота, музыка Ўладзімера Тэраўскага, паводле жанру musical, які ствараў моду на беларускія песьні — і народныя, і аўтарскія. Славутая „Купалінка“ менавіта адтуль.
Зь фільму „Батлейка“. 1971 г.
„Купалінку“ пазьней доўга пазначалі народнаю песьняю, бо абодвух аўтараў адпаведна ў 1937 і 1938-м расстраляў НКВД. Але тады, у 1926-м, тутэйшыя і асабліва прыежджыя беларусы ды госьці пачыналі спадзявацца, што, нягледзячы на паноўны бальшавізм, і папраўдзе ў БССР магчыма збудаваць беларускі дом.
Чаму ж камуністычная ўлада пайшла на беспрэцэдэнтны дазвол? Паслухайма афіцыйнага віншаваньня.
Минск. Инбелкульт. Из Москвы.
...приветствую Первую Белорусскую Академическую Конференцию, призванную подвести прочный фундамент для белорусского литературного языка, что послужит более тесному об’единению всех белоруссов, находящихся пока за пределами СССР.
Наркомпрос Луначарский.
Гучыць на добры лад бяскрыўдна. І сапраўды, з Коўна, Рыгі, Прагі дабраліся адпаведна Вацлаў Ластоўскі, Кастусь Езавітаў, Уладзімер Жылка. Польскі ўрад ня даў згоды на выезд у Менск віленскіх беларускіх навукоўцаў, таму ані Антон Луцкевіч, ані сам Браніслаў Тарашкевіч у працы форуму ня ўдзельнічалі (Ян Станкевіч, маючы магчымасць паехаць, застаўся „дзеля салідарнасьці пратэсту“), але прыслалі віншаваньні.
У Канфэрэнцыі бралі ўдзел практычна ўсе знаныя беларускія лінгвісты зь Менску — Сьцяпан Некрашэвіч, браты Язэп і Антон Лёсікі, Пятро Бузук, Язэп Воўк-Левановіч, Мікола Байкоў, Леў Цьвяткоў, пісьменьнікі — Купала, Колас, Максім Гарэцкі, Уладзімер Дубоўка, Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), Язэп Пушча, літаратуразнаўцы Іван Замоцін, Міхась Пятуховіч, Уладзіслаў Чаржынскі (Дзяржынскі), нямала пэдагогаў.
Асабіста зьявіліся знакаміты этымоляг русіст Макс Фасмэр з Бэрлінскага ўнівэрсытэту, зь Літвы — рэктар унівэрсытэту Мікалас Біржышка. З Латвіі былі выбітны паэт Яніс Райніс і мовазнаўца Эрнэстс Блесэ (Латвійскі ўнівэрсытэт). Прывітаньні і рэкамэндацыі прыслалі Ян Бадуэн дэ Куртэнэ, Адальф Чэрны, Іларыён Сьвянціцкі, Алена Курыла, акад. Барыс Ляпуноў, іншыя вядомыя славісты. Паўнавартасны міжнародны фармат навуковага форуму, галоўная тэма якога — беларуская мова. Нагадаю, што ўсяго за восем гадоў да таго беларусы яшчэ ня мелі свае навачаснае дзяржаўнасьці.
Радыкал Язэп Лёсік
Навукоўцы скарысталі „вакно магчымасьцяў“. Дыскусія сягнула тэматыкай значна шырэй за графічныя і правапісныя праблемы. Фактычна адбылося стратэгічнае плянаваньне найбольш патрэбных дасьледаваньняў дыялектнай, старабеларускай і новай літаратурнай мовы, укладаньня слоўнікаў.
А ўласна правапісную і графічную дыскусіі да Канфэрэнцыі справакаваў (у добрым сэнсе слова) Язэп Лёсік. Ягоныя прапановы зрэфармаваць Тарашкевічаў правапіс, аднак, былі суб’ектыўныя ды непасьлядоўныя: адны напісаньні наблізіць да жывога вымаўленьня (напрыклад, пашырыць „аканьне“ на чужаземныя словы), а іншыя, наадварот, зрабіць больш умоўнымі (усюды не пад націскам мяняць е на я; пісаць прыназоўнік у нязьменна; не пазначаць асыміляцыйную мяккасьць). Лёсік зыходзіў зь перакананьня, што ўмоўныя напісаньні не зашкодзяць правільнаму вымаўленьню. Як паказала далейшая гісторыя, ён памыляўся. Бо ня мог сабе нават уявіць сытуацыі, калі многім маладым беларусам няма дзе пачуць жывой мовы.
Канцэптуальна крытыкаваў радыкальныя Лёсікавы прапановы Сьцяпан Некрашэвіч, які высока цаніў дасягнутае адзінства беларускае літаратурнае мовы. Іншыя беларускія ўдзельнікі таксама адхілілі бальшыню артаграфічных навацыяў. Прынялі (дэмакратычным чынам) некалькі правапісных рашэньняў з рознай ступеньню абгрунтаванасьці: скасаваць сапраўды складанае Тарашкевічава правіла яканьня ў другім складзе перад націскам (замест нячуваны, але небагаты пісаць нечуваны і небагаты); пашырыць аканьне ў чужаземных словах (замест поэзія пісаць паэзія); не пазначаць яканьня ў пісаных асобна не, без.
Скасаваньню мяккіх знакаў у словах сьвет ці зьвер, якое быў прапанаваў Я. Лёсік, рашуча запярэчылі пэдагогі-практыкі. Яны пераконвалі, што зьнікненьне мяккага знака абцяжарыць навучанне грамаце. Янка Бялькевіч, дырэктар Амсьціслаўскага пэдагагічнага тэхнікуму і лексыкограф:
…гукі зь, ць, сь больш мякка азначаюцца ў псыхіцы дзяцей, чым іншыя гукі. Гэта паказвае, што мяккі знак выкінуць нельга. Дзеці ніколі ня робяць гэтай памылкі — яны ніколі не прапушчаюць мяккага знаку пасьля літар з, ц, с.
Правапісныя дыскусіі ды прапановы канфэрэнцыі, іхны лёс — тэма, вартая такой самай аб’ёмнай кнігі, як і зборнік канфэрэнцыйных матэрыялаў. (Мне даводзілася зьвяртацца да тэмы ў пачатку новага Адраджэньня 1990-х і на палосах Свабоды, дзе ішла гаворка пра пазначэньне асыміляцыйнай мяккасьці.) Можна канстатаваць, што Тарашкевічавы падыходы да правапісу ў 1926 годзе засталіся ў асноўным непарушныя.
Моj jаблык
А вось у кірылічным альфабэце Канфэрэнцыя ўхваліла-такі эпахальныя зьмены.
Ізноў жа прапановы ўзбуральніка спакою Язэпа Лёсіка — замяніць „чыста расейскую“ літару Ээ на сваю старую Єє, а літару Ыы памяняць на „прыгажэйшую“ Ии — не былі падтрыманыя.
Але лацінскі ёт Jj для пазначэньня адпаведнага зычнага гуку ў пачатку і ў канцы складу (jаблык, краjі, моj) і скасаваньне „недарэчнасьці“ (Я. Лёсік) у выглядзе літары Йй нарада прыняла (не спалохаўшыся Вацлава Ластоўскага, які казаў, што гэтым парушаецца „аднацэльнасьць кампазыцыі кірылаўскіх літар“ і што „пахаджэньне ёта ёсьць фалічнае“). Пры гэтым ётаваныя літары Ее, Ёё, Юю, Яя ў становішчы пасьля зычных пакінулі.
Лацінскі ёт ухвалілі, але поўнага пераходу на лацінку бальшыня (не пераважная!) не падтрымала. Вернасьць кірыліцы абгрунтоўвалі тым, што беларусы моцна спрычыніліся да яе ўдасканаленьня (як Ільля Капіевіч, у якога расейскі цар Пётар пераняў ідэю рэформы азбукі).
Адбылася гарачая і выніковая дыскусія не пра замену, а пра ўвядзеньне ў альфабэт новых літараў — замест дыграфаў. Беларускія зычныя гукі [дзь] і [дж] (так званыя афрыкаты) цяпер некаторыя вымаўляюць няправільна, у два гукі, асабліва [дж]: замест джала і джынсы кажуць д-жала, д-жынсы. Бо пішуцца ў дзьве літары. (Падобна казаў на Канфэрэнцыі ўжо згаданы пэдагог і мовазнаўца Янка Бялькевіч.) Язэп Лёсік прапанаваў гукі [дзь] і [дж] абазначаць адпаведна літарамі д̌ і ӂ з птушачкай-гачком уверсе.
Прынцыповых пярэчаньняў сама задума ўвесьці асобныя літары для афрыкатаў ня выклікала: ідэальны альфабэт — той, у якім аднаму гуку адпавядае адна літара. Сьцяпан Некрашэвіч прыпомніў, што гаворка пра дзьве новыя літары ідзе з 1920 году. Але канкрэтныя прапановы Лёсікавы зноў жа крытыкавалі.
Прафэсар Маскоўскага ўнівэрсытэту Павел Растаргуеў, дарэчы, родам з заходняй Браншчыны, запярэчыў прапановам Лёсіка: „...Беларуская афрыката дз зьяўляецца даволі яркім гукам, які розьніцца ад д, і на пісьме гэтыя дзьве літары павінны быць больш выразна адмежаваны...“. Растаргуеў прапанаваў для гукаў [дзь] і [дж] узяць літары ђ і ћ з сэрбскага альфабэту, якія, на думку навукоўца, „формай сваёй не парушалі агульнага стылю беларускай азбукі“.
Дыскутанты, напр., Сьцяпан Некрашэвіч, заўважалі, што літары гэтыя ў сэрбскай азначаюць крыху або і зусім іншыя гукі. Сапраўды, калі беларускі [дзь] даволі блізкі фанэтычна да сэрбскага мяккага гуку [ђ] (вельмі мяккі [дзь] або [джь]), то цьвёрды беларускі [дж] дакладна не адпавядае сэрбскай літары ћ (вельмі мяккі гук [ць] або [чь]). У сэрбскім альфабэце вукавіцы для [дж] ёсьць літара џ, але П. Растаргуеў палічыў быў яе нязручнай для пісаньня.
Не абышлося без таго, пра што палякі кажуць „radosna twórczość“. Янка Бялькевіч і пісьменьнік Міхайла Грамыка прапанавалі завілаватыя лігатуры. На канфэрэнцыі цыркулявала нямала такіх „камбінатаў“ — спалучаных напісаньняў.
Больш традыцыйна падыходзілі да справы іншыя ўдзельнікі. Павел Растаргуеў, перабіраючы варыянты прыдатных графэмаў, называў і літару s (sело — дзэло) пачатнай кірыліцы як варыянт, але непрымальны. Аднак некаторыя, напр., настаўнік зь Віцебску С. Катовіч, падтрымалі гэтую ідэю. Паэт і перакладнік Юрка Гаўрук выступіў за z (для [дзь], як у італьянскай) і j (для [дж], як у ангельскай).
На маю думку, найменш прымальная з гледзішча графэмікі (ёсьць такая галіна мовазнаўства) лігатурная вязь. Ня надта ўласьцівыя кірыліцы дыякрытычныя знакі. І, вядома, непажадана браць зь іншых альфабэтаў літары, цалкам мяняючы іх гукавое значэньне. Галоўнае іншае — мовазнаўцы вырашылі ўдасканальваць альфабэт уласным, беларускім шляхам, не азіраючыся ні на якога „старэйшага брата“.
Графічная падкамісія Канфэрэнцыі нязначнаю бальшынёю галасоў ухваліла прапанову Растаргуева (сэрбскія літары).
Вырашылі таксама прыбраць зь беларускай азбукі літару й (і нескладовае) і абазначаць адпаведны гук на пачатку і ў канцы складу лацінскай літарай j (ёт). (Адпаведна зьнікала патрэба ў апострафе: абjава.) Як паведамілі, за ўвядзеньне j выказаліся таксама Б. Тарашкевіч, А. Луцкевіч, Ігнат Дварчанін і Я. Станкевіч, якія не змаглі прыехаць.
Папраўдзе рашэньні тыя ня мелі імгненных наступстваў. У Агульнай рэзалюцыі Канфэрэнцыі быў пункт:
3) прыняць да ведама і дасьледаваньня ў далейшай працы Аддзелу Мовы і Літаратуры Інбелкульту даклады і ўсе прынятыя пастановы Правапіснай, Азбучнай і Літаратурнай Камісій Конфэрэнцыі, а таксама заявы як груп членаў Конфэрэнцыі, так і паасобныя погляды яе членаў, і неразгледжаныя за бракам часу правапісныя пытаньні...
Наагул графічная рэформа, г. зн. зьмена складу альфабэту (або пагатоў пераход на іншы альфабэт), — вельмі адказная рэч, яна закранае ўвесь будынак мовы і часта зьвязаная з культурна-цывілізацыйным выбарам. Замена ці ўвод нават адной літары ў межах прыблізна 32-літарнага альфабэту — гэта ня ўвод нейкага слова ў вакабуляр з соцень тысяч, гэта не замена правапіснай артаграмы. Гэта рэвалюцыя. Вось чаму графічныя рэформы павінны рыхтавацца і шырока абмяркоўвацца. Дый графіка, бадай, не была асноўнаю тэмаю Канфэрэнцыі. А распавёў я пра тыя спрэчкі, каб чытач адчуў, наколькі жывая і натуральная была атмасфэра тварэньня беларушчыны (і, на жаль, часам бестурботна-ідэалістычная). Канфэрэнцыя ўзварушыла інтэлектуальную і асьветніцкую грамаду Беларусі, правапісныя і наагул моўныя праблемы апынуліся ў цэнтры пазытыўнай грамадзкай увагі.
Адбіваўся сярпом і молатам
Лінгвістычна адораны паэт Уладзімер Дубоўка ўклаў канцэпцыю мілагучнасьці беларускае мовы, рысы якой пачаў паказваць на пісьме (напр., да ‘сноўнай ідэі — сьцяжэньне галосных на сутыку словаў). А прапановы Графічнай камісіі так паўплывалі на Дубоўку, што пасьля канфэрэнцыі ён ня толькі стварыў літары адмысловага дызайну для [дзь] і [дж], але і правёў праз агульны сход згуртаваньня „Ўзвышша“ іх выкарыстаньне ў аднайменным часопісе ў 1929 годзе.
Паказальна, як Дубоўка абгрунтоўваў свае літары. Асноўнай у ягоным тлумачальным артыкуле (Узвышша, 1928, № 4) была модная тады ідэя „міжнароднага ўнівэрсальнага ’льфабэту “, якая дазваляла казаць пра „інтэрнацыяналізм“. Дубоўка супакойваў ідэалягічных наглядчыкаў: „...Проэкт літар для дз зьяўляецца адначасна і сымболем нашае еднасьці з народамі Саюзу ССР, з братнімі па Саюзу ССР армянскім і грузінскім народамі“. А што да літары для [дж], то ім была „...запрапанавана з невялічкімі перайначаньнямі літара, ужываная для гэтага ў ангельскім і італьлянскім альфабэтах“.
І — самая галоўная „адмазка“. Перайначаньні —
„...пахінуць ножку G у сярэдзіну. Гэта не мяняе існасьці, дае тую-ж самую літару, якая нагадвае паводле формы злучэньне сярпа і молата. Будзем спадзявацца, што калі працоўныя ўсяго сьвету будуць выпрацоўваць унівэрсальны альфабэт, дык гэта літара атрымае ў ім пачэснае месца“.
Дубоўка яўна спадзяваўся, што серп з молатам дапамогуць цэнзарам не заўважыць гэткі пасаж:
Гутаркі пра „кірыліцу“, орыентацыю на „братушек-славян“ трэба адкідаць. Беларусы дарасьлі да таго, каб паглядзець сваімі вачыма на тое, што робіцца на сьвеце наогул.
Але заўважылі, і ацанілі, і вельмі хутка.
Чацьвер, пятніца, канцатыдзень
У сваім дакладзе на Акадэмічнай канфэрэнцыі Язэп Лёсік казаў:
Настане час, і наша азбука... рэфармуецца ў тым кірунку, што ў ёй кожная літара будзе мець адно гукавае значэньне. Разумеецца, ідэальнае азбукі няма і быць ня можа, але добрую азбуку зрабіць можна, і гэта будзе зроблена калі не цяпер, то ў чацьвер...
Але ён памыляўся: наступіў зусім іншы „чацьвер“.
Для адчуваньня сапраўднай атмасфэры таго часу нагадаю пра іншыя падзеі. Найважнейшым захадам бальшавікоў супраць беларускага несавецкага палітычнага цэнтру была спэцапэрацыя „развал Рады БНР“ падчас яе Бэрлінскай канфэрэнцыі (кастрычнік 1925 г.), якую зьдзяйсьняў агент Масквы А. Ульянаў. Тады сапраўды частка сяброў кіраўніцтва БНР паверыла ў БССР і склала паўнамоцтвы.
Акадэмічная канфэрэнцыя 1926 году з гледзішча ўлады, відавочна, была яшчэ адным інструмэнтам разбурэньня незалежных беларускіх інтэлектуальных асяродкаў.
Пад уражаньнем Канфэрэнцыі прыняў рашэньне застацца ў БССР выбітны паэт Уладзімер Жылка. Пастанавіў пераехаць у Менск Вацлаў Ластоўскі (на гэта паўплывала і новая, неспрыяльная сытуацыя ў Літве).
Ім абодвум ужо ў 1930-м суджана было трапіць у лапы НКВД. Праз тры гады Жылка загінуў на Ўрале. Ластоўскі расстраляны ў 1938-м. С. Некрашэвіч, Я. Лёсік, У. Дубоўка, М. Байкоў, Я. Бялькевіч, Ул. Чаржынскі, наагул бальшыня беларускіх удзельнікаў Канферэнцыі 1926 г. былі рэпрэсаваныя ўжо ў 1930-м.
Так, менавіта ў 1930-м ВКП(б) яўна спыніла кароткае фліртаваньне з паняволенымі народамі. Пачалася калектывізацыя, так званае „абвастрэньне клясавай барацьбы“ і ў першую чаргу барацьба з „нацыяналізмам“ нярускіх народаў.
Тым, хто не зразумеў, таварыш Сталін растлумачыў на XVI з’ездзе ВКП(б):
Надо дать национальным культурам развиться и развернуться, выявив все свои потенции, чтобы создать условия для слияния их в одну общую культуру с одним общим языком.
Інакш кажучы, скарыстацца натхненьнем новага пакаленьня нацыянальнай інтэлігенцыі для пабудовы новае дзяржаўнае сыстэмы, адначасова выявіць усіх нацыянальна небясьпечных і сыстэмна іх зьнішчыць, каб асадзіць назад — мацаваць расейскую імпэрыю пад савецкай маскай. „Вакно магчымасьцяў“ абярнулася пасткаю. Часовая беларусізацыя ў варунках палітычнай несвабоды прадказальна скончылася, і ўлада пачала выкошваць усіх, хто ў яе паверыў.
З пачатку 1930-х Акадэмічная канфэрэнцыя называлася ўжо не інакш, як
„...адкрытай дэманстрацыяй нацыянал-дэмакратычных контррэвалюцыйных сіл — як тых, што знаходзіліся ў БССР, так і тых, якія ў тыя часы былі па-за межамі Савецкай Беларусі і прыехалі на канфэрэнцыю з эміграцыі — Ластоўскі, Езавітаў, Жылка, Галавінскі і іншыя“
(„«Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі“. Т. 1, ч. 2. Менск, 1931).
Ніводная з графічных прапановаў канфэрэнцыі ў савецкай Беларусі не была ажыцьцёўленая (у Вільні ў сваіх выданьнях Янка Станкевіч ужываў нейкі час j). А пазьнейшая рэформа правапісу беларускай літаратурнай мовы 1933 году ў БССР пайшла зусім у іншым кірунку. Гісторыкі мовазнаўства, у прыватнасьці Сяргей Запрудзкі, апісалі правапісную дыскусію і яе наступствы (якія ў 1930-я гады праявіліся вельмі спэцыфічна).
***
Вось такі аказаўся той тыдзень мяккай беларусізацыі. Дакладней, канцатыдзень (так часам наша паўночнаамэрыканская дыяспара перакладала слова weekend).