Пазьней у вечаровым сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі заявілі, што прызначэньні ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі — гэта закрытая інфармацыя «па зразумелых прычынах». А на кадры, дзе Лукашэнка паказаны зь сілавікамі, твары службоўцаў былі схаваныя спэцэфэктам.
Перад прызначанымі людзьмі Аляксандар Лукашэнка паставіў шэраг задач, напісаў тэлеграм-канал «Пул первого».
«Зьвярніце ўвагу: сытуацыя застаецца напружанай. Дата чарговай спробы рэвалюцыі — пэрыяд правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму», — сказаў Лукашэнка, якога цытуе БелТА:
«Хачу зьвярнуць увагу: сытуацыя застаецца напружанай, і нам супакойвацца яна не дае. Вам лепей за іншых вядома, што няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту не зьмяніла плянаў праціўніка.
Калектыўны Захад працягвае ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, нацэліўшыся на зьмену ўлады, а самае небясьпечнае для нас – зьнішчэньне незалежнасьці нашай дзяржавы. Гэта мы павінны памятаць. Разумець і адчуваць кожны дзень і кожную гадзіну, асабліва вы. Задзейнічаюцца санкцыі, фінансуюцца пратэсты, экстрэмізм, тэрарызм. Падбіраюцца і рыхтуюцца баевікі. Мы гэта не проста ведаем, мы з гэтым працуем».