Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі сэнатар не дае зацьвердзіць дзясяткі паслоў праз «Паўночны паток — 2»


Сэнатар Тэд Круз
Сэнатар Тэд Круз

Амэрыканскі сэнатар-рэспубліканец Тэд Круз ужо некалькі месяцаў фактычна перашкаджае зацьвярджэньню ў Сэнаце кандыдатур, прапанаваных адміністрацыяй Джо Байдэна на пасады чыноўнікаў Дзярждэпартамэнту і амбасадараў у замежных дзяржавах.

Сваімі дзеяньнямі ён дамагаецца ад адміністрацыі ўвядзеньня санкцый супраць газаправоду «Паўночны паток — 2» з Расеі ў Нямеччыну.

Пра канфлікт Круза і Белага дома піша выданьне Politico. Паводле яго, з прычыны наладжанай сэнатарам абструкцыі ў Сэнаце «завісьлі» кандыдатуры дзясяткаў амбасадараў, прапанаваных адміністрацыяй Байдэна.

Як правіла, сэнатары ад абедзьвюх партый не пярэчаць супраць кандыдатураў амбасадараў і ўхваляюць іх у рамках паскоранай працэдуры. Аднак Круз — адзіны з сотні сэнатараў — патрабуе разгляду па поўнай працэдуры, са шматгадзіннымі дэбатамі. Гэта, у сваю чаргу, перашкаджае Сэнату займацца іншымі справамі. У тым ліку таму за амаль 10 месяцаў прэзыдэнцтва Байдэна Сэнат зацьвердзіў толькі дзьве кандыдатуры амбасадараў — у Мэксыцы і ў ААН.

Усяго ж, па падліках Politico, тэрмін чаканьня зацьвярджэньня кандыдатураў у адміністрацыю Байдэна ў Сэнаце складае цяпер больш за тры месяцы. Меншы ён быў нават пры Дональду Трампу, супраць шэрагу кандыдатураў якога выступалі дэмакраты.

Па словах чыноўніка адміністрацыі, якога цытуе Politico, сытуацыя зь непрызначэньнем амбасадараў «пачынае наносіць ЗША шкоду на міжнароднай арэне».

Круз — адзін з самых пасьлядоўных крытыкаў «Паўночнага патоку — 2». Ён быў адным з ініцыятараў увядзеньня санкцый супраць суднаў-трубаўкладчыкаў, празь якія газаправод быў дабудаваны на паўтара года пазьней, чым плянавалася. Цяпер ён заяўляе, што ўсяго толькі дамагаецца ад адміністрацыі выконваць закон аб санкцыях, і патрабуе іх увесьці ня толькі супраць кампаній — уладальнікаў трубаўкладчыкаў, але і супраць самога газаправоду.

Адміністрацыя Байдэна фармальна ўвяла санкцыі супраць кампаніі «Паўночны паток — 2» і яе кіраўніка, аднак тут жа іх прыпыніла, спаслаўшыся на меркаваньні нацыянальнай бясьпекі. Белы дом сьцьвярджае, што па-ранейшаму супраць газаправоду, лічачы яго мэханізмам шантажу Масквы ў адносінах з ЭЗ і Ўкраінай, аднак ня хоча псаваць адносіны зь Нямеччынай. Акрамя таго, адміністрацыя сумняецца, што новыя санкцыі перашкодзілі б ужо дабудаванаму газаправоду пачаць дзейнічаць.

Як піша Politico, у жніўні дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Сэліван спрабаваў пераканаць Круза адмовіцца ад абструкцыі, аднак размова завяршылася «дрэнна»: сэнатар настойваў на сваім, а прадстаўнік адміністрацыі даў яму зразумець, што дадатковыя санкцыі падчас прэзыдэнцтва Байдэна ўводзіцца ня будуць.

«Паўночны паток — 2», які падтрымліваюць Нямеччына і шэраг іншых краінаў ЭЗ і супраць якога выступаюць Украіна і некалькі дзяржаваў ЭЗ, дабудаваны і цяпер праходзіць працэдуру сэртыфікацыі. Яна можа завяршыцца на пачатку наступнага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG