У выніку дзеяньня кантракту агульныя пастаўкі амэрыканскага звадкаванага прыроднага газу ў Польшчу дасягнуць 5,5 млн тон у год, або 7,4 млрд кубамэтраў пасьля рэгазыфікацыі. Першыя пастаўкі па кантракце чакаюцца ў 2023 годзе, піша Голас Амэрыкі.
Намесьнік прэм’ер-міністра Польшчы Яцэк Сасін падкрэсьліў важнасьць кантракту для энэргетычнай незалежнасьці краіны.
«Амэрыканскі газ, які пастаўляецца надзейным патэнцыйным партнэрам, разам з палівам, якое паступае ў Польшчу праз Балтыйскі трубаправод з Нарвэгіі, дазволіць нам не залежаць ад паставак з усходу», — сказаў Сасін.
Майк Сабэль з кампаніі Venture Global адзначыў экалягічныя перавагі амэрыканскага газу, ён адзначыў, што гэта зьнізіць выкіды вугляроду.
Раней міністарка энэргетыкі ЗША Джэніфэр Ґрэнґольм назвала расейскі газ «самым брудным у сьвеце», паколькі яго здабыча і выкарыстаньне суправаджаюцца значнымі выкідамі вугляроду.