У паведамленьні кампаніі, якое цытуюць агенцтвы, гаворыцца, што на нітцы былі праведзеныя пусканаладачныя работы, і цяпер яна можа напаўняцца газам для пачатку тэхнічнага тэставаньня трубаправоду.
Раней у панядзелак Дацкае энэргетычнае агенцтва абвясьціла, што кампанія Nord Stream 2 выканала ўсе ўмовы для ўводу газаправоду — часткова ён праходзіць праз дацкія воды — у эксплюатацыю.
Калі газаправод будзе цалкам гатовы да пачатку паставак паліва — пакуль не паведамляецца. Акрамя тэхнічных работ, ня скончаны і працэс яго сэртыфікацыі. Нямецкія ўлады пачалі гэты працэс у верасьні, ён можа заняць 4 месяцы.
Газаправод «Паўночны паток — 2», пабудова якога была завершаная ў жніўні, стаў прадметам палітычнай барацьбы. Злучаныя Штаты, шэраг краін ЭЗ і Ўкраіна выступаюць супраць яго ўвядзеньня ў эксплюатацыю, баючыся, што ён стане інструмэнтам ціску Масквы на Эўропу. ЗША ўвялі шэраг санкцый у сувязі з пабудовай газаправоду. У апошнія месяцы цэны на газ на эўрапейскім рынку дасягнулі рэкордных значэньняў, і шэраг экспэртаў і палітыкаў асьцерагаюцца, што Расея будзе выкарыстоўваць гэтую сытуацыю, каб дамагчыся ад ЭЗ новых саступак у абмен на больш хуткае ўвядзеньне «Паўночнага патоку — 2» у эксплюатацыю.