Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні кідок на Захад. Безнадзейная спэцапэрацыя зь мігрантамі набліжаецца да фіналу


Затрыманы ла латвійска-беларускай мяжы мігрант, архіўнае фота
Затрыманы ла латвійска-беларускай мяжы мігрант, архіўнае фота

Мігранцкі крызіс на беларускіх межах можа скончыцца гэтак жа нечакана і раптоўна, як і пачаўся.

Толькі што тут былі тысячы мігрантаў, якія брылі бясконцым табарам уздоўж усёй тысячакілямэтровай заходняй мяжы, грэліся ля шматлікіх вогнішчаў, паўзьлі пад калючым дротам. Усё гэта можа хутка зьнікнуць — нібы восеньскі туман разьвеяўся.

Апошнія дні ўражваюць статыстыкай. Колькасьць адагнаных польскімі і літоўскімі памежнікамі ды вайскоўцамі ад сваіх межаў нелегальных мігрантаў кожныя суткі вымяраецца ўжо не дзясяткамі — сотнямі. У Польшчы толькі з пачатку жніўня зафіксавана больш як 16 000 спробаў нелегальнага прарыву мяжы.

На ўсіх тэлеканалах Варшавы і Вільні штодзённыя зводкі зь беларускага памежжа, гэта як прагноз надвор’я: бязь іх не абыходзіцца ніводзін інфармацыйны выпуск. Штодня лічбы ўсё растуць, і на першы погляд можа здацца, што крызіс толькі нарастае.

Але многія ўскосныя прыкметы сьведчаць пра тое, што гэта падманлівае ўражаньне. Зусім магчыма, што мы назіраем апошні высілак арганізатараў гэтай спэцапэрацыі, апошні і досыць безнадзейны кідок на Захад са спадзяваньнем, што колькасьцю ўдасца дамагчыся таго, што не ўдалося ў папярэднія месяцы сыстэмнай атакай на ўсіх напрамках.

Бо рэсурс часу сканчаецца. У лясах пад Сапоцкінам і Высокім ужо пачаліся марозныя ночы. Абмаражэньні тых, хто начуе ў памежных лясах, ня рэдкасьць. Неўзабаве сыноў блізкаўсходніх пустыняў і фінікавых аазісаў не завабіш у нашы засьнежаныя пушчы ніякімі абяцанкамі лёгкадасяжнага эўрапейскага раю. Шырокая плынь можа разысьціся сама сабой. Спроба закінуць іх цяпер як мага больш робіцца, хутчэй за ўсё, нават не ў разьліку на дасягненьне ранейшай мэты, а хутчэй як імкненьне проста пазбавіцца ад клопату: каб ня швэндаліся па беларускіх гарадах і вёсках ды каб было меней галаўнога болю з прымусовай адпраўкай іх назад на Блізкі Ўсход ці ў Афрыку.

Ну і варта мець на ўвазе некаторыя псыхалягічныя адметнасьці галоўнага кіраўніка спэцапэрацыі. Прайграваць ён, як вядома, не прывык. Мігранты, завабленыя ў Беларусь, яшчэ нядаўна лічыліся высокаліквідным экспартным таварам. У яго падрыхтоўку ўклалі нямала сродкаў і сілаў. Спадзяваліся прадаць дорага — за перамовы, за гандаль, за кампэнсацыі на памежную інфраструктуру, за адмену санкцый, а калі ўдасца, то і за замежнапалітычнае прызнаньне рэжыму. І тут раптам за гэта не даюць ні шэлега. Крыўдна.

Мігранты ў Беларусі не затрымаюцца

Пры гэтым самім беларусам дужа перажываць за тое, што мігранты могуць застацца ў Беларусі і наствараюць тут розных праблемаў, наўрад ці варта. Тыя, хто кажуць, што рэжым Лукашэнкі сам захлынецца ад гэтых плыняў, што мігранты, не прапушчаныя на Захад, асядуць у Беларусі і вось-вось ператворацца ў марадэраў і рабаўнікоў, не ўлічваюць адной важнай акалічнасьці.

Краіны, якімі кіруюць дыктатарскія рэжымы, ня тое месца, дзе мігранты могуць адчуваць сябе прывольна і дзе яны імкнуцца асесьці. Забясьпечваць іх сацыяльнымі дабротамі тут ніхто не зьбіраецца. Увогуле, праблема мігрантаў колькі-небудзь працяглы час у такіх сыстэмах улады існаваць ня можа.

Якія мігранты маглі быць у СССР? Сталін за 48 гадзін перасяляў зь месца на месца (з Крыму і Паўночнага Каўказу — у Казахстан і Сярэднюю Азію) цэлыя народы. Хто б пры ім паспрабаваў прарывацца празь дзяржаўную мяжу на Захад альбо апэляваць да «правоў чалавека» і гуманізму?

Адзін загад Лукашэнкі — і ніводзін мігрант не наблізіцца да дзяржаўнай мяжы бліжэй чым на 10 кілямэтраў. Прыблізна так было ў СССР. Памежная зона — рэжымны аб’ект. У 10-кілямэтровую зону нікога чужога і блізка не пускалі. У любой аўтобуснай ці чыгуначнай касе ў таго, хто купляў квіток да Сапоцкіна ці Высокага, патрабавалі альбо пашпарт з прапіскай, альбо камандзіровачнае пасьведчаньне. Які б незнаёмец ні зьяўляўся ў памежнай вёсцы, праз 10 хвілін перад ім паўставаў нарад памежнікаў ці міліцыі. Негалосныя добраахвотныя памочнікі зь ліку мясцовых жыхароў назіралі за сытуацыяй спраўна. Гэта цяпер на іхныя сыгналы ніхто не зьвяртае ніякай увагі. Але ж вярнуць стары парадак — справа некалькіх хвілінаў.

Спроба нелегальнага перасячэньня мяжы ў Савецкім Саюзе была адным з найцяжэйшых крымінальных злачынстваў. Памежніка, які б застрэліў парушальніка проста на мяжы, узнагародзілі б. А калі б парушальніка не застрэлілі, а злавілі, ён бы па вэрдыкце савецкага народнага суду паехаў гадоў на дзесяць на сібірскі лесапавал.

Гэты парадак можа вярнуцца ў Беларусь вельмі хутка. А на тое, каб пазбавіцца ад мігрантаў, якія зь нейкіх прычынаў затрымаюцца на беларускай тэрыторыі, хутчэй за ўсё, нават дзяржаўныя сродкі на квіткі да Багдада ці Масула траціць не давядзецца. Калі пасадзіць мігранта на пару дзён на Акрэсьціна, а потым даць яму ў рукі мабільны тэлефон і паставіць перад выбарам: ці ён хоча застацца далей у беларускай турме, ці самастойна знойдзе грошы на зваротную дарогу, то адказ досыць відавочны. Схема гэтая, дарэчы, у Беларусі ўжо апрабаваная. Дзейнічае безадмоўна.

Беларускі калідор на Захад закрываецца?

Навіны апошніх дзён: «турысты» з Сырыі, Эгіпту, Афганістану, Пакістану, Емэну, Ірану і Нігерыі больш ня змогуць атрымліваць візы ў менскім аэрапорце, як гэта было раней. Адзін за адным адмяняюцца «турыстычныя» рэйсы ў Менск з блізкаўсходніх гарадоў — нават тыя, квіткі на якія ўжо былі раней раскупленыя. І гэта індыкатар таго, што апэрацыя, хутчэй за ўсё, будзе згорнутая. Гешэфт не атрымаўся. Для беларускага рэжыму гэта, выглядае, стала ўжо відавочным.

Што праўда, Менск дамогся, каб Захад раскашэліўся і рэзка падняў выдаткі на ахову сваіх усходніх межаў. Вось толькі да Беларусі гэтыя грошы ня дойдуць. Настроі ў Эўразьвязе такія, што Захад хутчэй патраціць мільярды на будаўніцтва бэтоннага муру пад Беластокам, чым гэтыя ж мільярды выдаткуе на залагоджваньне Лукашэнкі. А справа муру, дарэчы, — пытаньне ўжо амаль вырашанае.

Польскі ўрад распрацаваў праект адпаведнага закону. Неўзабаве ён будзе разглядацца ў Сэйме, і мала сумневаў у тым, што будзе прыняты. Размова не пра звычайную агароджу з калючага дроту, якая і так ужо стаіць на мяжы, а пра будаўніцтва «трывалай, высокай перашкоды, аснашчанай сыстэмай маніторынгу і дэтэктарамі руху». Польскія заканадаўцы асьцярожна ўжываюць шматзначнае слова «zapora», што ў перакладзе можа азначаць і «дамбу», і «плаціну», і «перашкоду», хоць у рэальнасьці размова ідзе менавіта пра сьцяну — шматмэтровы мур з бэтону і сталі, накшталт таго, што часткова ўзьведзены на межах ЗША і Мэксыкі ці Вугоршчыны і Сэрбіі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG