Беларускі блогер Антон Матолька адкрыў сайт свайго праекту «Матолькадапамажы». Раней у праекту быў толькі тэлеграм-канал, але ён, са словаў Матолькі, «моцна абмяжоўваў у некаторых момантах»:
- немагчыма «нагугліць» навіну/інфармацыю;
- нязручна публікаваць вялікія матэрыялы і расьсьледаваньні;
- не хапала англамоўнай вэрсіі, як для працы нашай дыяспары, так і для інфармаваньня замежнікаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
Пакуль няма англамоўнай вэрсіі, сайт працуе на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай. Цяпер ідзе пошук перакладчыка на ангельскую і штату журналістаў.
Пры гэтым Антон Матолька разумее, што старонку неўзабаве могуць заблякаваць улады, якія раней унесьлі яго ў сьпіс «тэрарыстаў».
«Хутчэй за ўсё, яго заблякуюць за суткі/тыдзень пасьля анонсу, але нішто не перашкаджае карыстацца VPN. На жаль, калі беларусы хочуць атрымліваць інфармацыю — VPN павінен быць у кожнага на кампутары або смартфоне».
Праект «МатолькаДапамажы» стаў адным з найпапулярнейшых каналаў беларускага сэгмэнту Telegram, ён піша пра злоўжываньні чыноўнікаў, адсутнасьць парадку на вуліцах, парушэньні выбарчага заканадаўства і многае іншае.