Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У дзяржапараце мусяць працаваць толькі шчырыя лукашысты». У чым сэнс новага «чыноўніцкага» дэкрэту


Каляж.
Каляж.

Падаецца, што сэнс дэкрэту № 6 палягае ў тым, каб стварыць юрыдычную базу для палітычных чыстак.

Сьцісла:

  • Новы дэкрэт пашырае сфэру прыцягненьня чыноўнікаў да крымінальнай адказнасьці.
  • Крымінальная адказнасьць за няправільную характарыстыку ці за тое, што не таго чалавека ўзялі на працу, уражвае.
  • З падзей мінулага году Лукашэнка зрабіў выснову, што дзяржапарат трэба зрабіць яшчэ больш маналітным, каб там працавалі толькі шчырыя лукашысты.
  • А мэтады для вырашэньня гэтых задач выкарыстоўваюцца традыцыйныя: пагроза крымінальнай адказнасьці і характарыстык.

Фактычна ўсе заканадаўчыя акты гэтага году скіраваныя да аднаго: пашырэньня падставаў, каб мацней караць грамадзян. Але дасюль гэта ў асноўным тычылася праціўнікаў рэжыму. Новы дэкрэт № 6 (ад 12.10.2021) пашырае сфэру прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці розных начальнікаў, якія працуюць у дзяржапараце.

Чыноўнікаў могуць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за парушэньні парадку прыёму на працу, прызначэньня на пасаду ў дзяржаўных органах і арганізацыях або выдачу ілжывых характарыстык, якія прывялі да «прычыненьня шкоды дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».

Гэты дакумэнт даволі знакавы. Шмат хто думаў, што рэпрэсіўны рэжым скіраваны толькі супраць апазыцыі, а ляяльных да ўлады ён не закране. Дык вось дэкрэт № 6 дэманструе, што гэта ня так. Досьвед эвалюцыі недэмакратычных рэжымаў паказвае, што рана ці позна рэпрэсіі закрануць усіх, у тым ліку і саміх чыноўнікаў. Дыктатура — яна для ўсіх дыктатура. Крымінальная адказнасьць за няправільную характарыстыку або за тое, што не таго чалавека ўзялі на працу, — гэта ўражвае.

Падаецца, што сэнс гэтага дэкрэту палягае ў тым, каб стварыць юрыдычную базу для палітычных чыстак. Цяпер грамадзян пры прыёме на працу ў дзяржаўныя арганізацыі будуць старанна і дакладна правяраць на прадмет ляяльнасьці.

Падзеі мінулага году паказалі, што дзяржапарат — надзвычай важнае апірышча існай сыстэмы. Ён пад ціскам пратэстаў не перайшоў на бок народу, не раскалоўся. Лукашэнка зрабіў з гэтага досьведу важныя высновы. Ён упэўнены, што дзяржапарат трэба зрабіць яшчэ больш маналітным, каб там працавалі толькі шчырыя лукашысты. Што неабходна вычысьціць зь дзяржаўных устаноў, бюджэтных арганізацый усіх неляяльных.

А мэтады для вырашэньня гэтых задач выкарыстоўваюцца традыцыйныя. Гэта запужваньне ўсіх начальнікаў пагрозай крымінальнай адказнасьці. І, што асабліва ўражвае, абараніць дзяржаўныя ўстановы ад неляяльных людзей прапануецца з дапамогай... характарыстык.

Лукашэнка ня здольны выйсьці за межы ўласнага жыцьцёвага досьведу, пазбавіцца ад традыцый савецкіх часоў, калі таксама на ўсіх пісалі характарыстыкі. Пісьмовыя характарыстыкі як мэханізм кантролю за палітычнай ляяльнасьцю грамадзян у інфармацыйную эпоху — такі адказ прапануе дэкрэт на выклік мінулага пратэставага году.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG