Пружанскіх актывістаў шантажуюць дзецьмі
У Пружанах супрацоўнікі КДБ правялі як мінімум тры ператрусы, інфармуе «Вясна». Прыйшлі да Анатоля Дзевянцейчыка, Юліі Лаптановіч і яе бацькоў. Юлію, Анатоля і ягоную жонку Аксану затрымалі, прычым Аксану забралі з працы.
У дом Юліі Лаптановіч сілавікі заявіліся са службай апекі. У жанчыны і яе мужа-палітвязьня Ігара (асуджаны ў рамках «карагоднай справы» і за «паклёп» на сябраў выбарчай камісіі на 2,5 года калёніі) трое дзяцей. Раней іх ужо гразіліся адабраць з прычыны грамадзянскай пазыцыі бацькоў.
Аднак падставаў, каб гэта зрабіць, не знайшлося: дзяцей узяла да сябе маці Юліі, на якую загадзя аформілі даверанасьць.
Праваабаронцам вядома, што пасьля ператрусу Юлію Лаптановіч павезьлі ў Берасьце, з дому яна выходзіла з дарожнай сумкай.
Няма сувязі зь яшчэ адной пружанскай актывісткай Ганнай Баран.
Штраф за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў
Яшчэ летам дадому да 16-гадовага студэнта менскага каледжу прыйшлі зь ператрусам, забралі ягоны тэлефон.
У прыватным ліставаньні міліцыянты знайшлі рэпосты зь некалькіх «экстрэмісцкіх» каналаў. За гэта ў Маскоўскім РУУС Менску на студэнта склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці).
Суд адбыўся толькі цяпер. На працэсе студэнт растлумачыў, што ня ведаў пра «экстрэмісцкі» статус каналаў, таму проста дзяліўся зь сябрамі навінамі.
У выніку судзьдзя Маскоўскага раёну Сяргей Кацар пакараў маладога чалавека штрафам у памеры 290 рублёў (10 базавых велічынь).
Суд у адсутнасьць падсуднага аднавіўся
Суд Савецкага раёну Гомля 13 кастрычніка працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза судзьдзі або народнага засядацеля) і арт. 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь), піша «Вясна».
Па справе праходзяць 23 пацярпелыя. Гэта супрацоўнікі органаў унутраных спраў, судзьдзі, пракурорскія работнікі і Лукашэнка.
Паколькі ў працэсе ад пачатку першага пасяджэньня 29 верасьня зьмяніліся адразу і судзьдзя, і дзяржабвінаваўца, новы судзьдзя Аляксандар Мохараў паведаміў, што справа будзе разглядацца па сутнасьці нанава.
Сам абвінавачаны ў судзе не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек у дэпрэсіўным стане, у яго панічныя атакі. За час зьняволеньня ў СІЗА Гомля Юры схуднеў больш як на 20 кіляграмаў. Ягоным законным прадстаўніком у судзе выступае бацька — Сяргей Прахарэнка.
Прадстаўнік дзяржабвінавачаньня Кадоба больш як гадзіну зачытваў эпізоды і прозьвішчы пацярпелых. Ніводзін зь іх на суд не прыйшоў. Судзьдзя Мохараў вымушана перапыніў працэс, каб выклікаць у суд пацярпелых. Судовае пасяджэньне працягнецца 27 кастрычніка а 10-й гадзіне.
Мянчанку арыштавалі за БЧБ-сьцяг, які павесілі міліцыянты
48-гадовую Іну Драніцу затрымалі днём 4 кастрычніка, калі яна выяжджала на машыне з двара. Да яе падыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і заявілі, што прыехалі праводзіць ператрус. Дома ў Іны забралі тэхніку, у кватэры знайшлі БЧБ-сьцяг, які пры панятых унесьлі ў пратакол, паведамляе канал «„Вясна“ назірае».
Але потым, па словах Драніцы, сілавікі адпусьцілі панятых, разгарнулі сьцяг і самі павесілі на акно, прыляпіўшы яго скотчам. Сьцяг адразу сфатаграфавалі для пратаколу па адміністрацыйнай справе. У Фрунзэнскім РУУСе, куды жанчыну прывезьлі пасьля допыту ў ГУБАЗіКу, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаваньне».
Драніца на судзе адзначыла, што яе суседзі могуць пацьвердзіць — сьцяг на акне ніколі не вісеў. Але судзьдзя Тацяна Палулех адхіліла хадайніцтва адвакаткі аб выкліку суседзяў і прысудзіла жанчыне 30-суткавы арышт.