Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы судзьдзя ня будзе разглядаць справу Статкевіча, Лосіка і іншых ад самага пачатку


Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў
Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Пра гэта стала вядома зь ліста палітвязьня Мікалая Статкевіча з-за кратаў.

Марына Адамовіч напісала ў сваім фэйсбуку, што пасьля перапынку атрымала адразу два лісты ад Міколы Статкевіча.

«Пасьля новага прызначэньня „нашага“ судзьдзі найбольш баялася, ці не пачнецца „суд“ нанова. Мікалай напісаў: „Што тычыцца „суду“, то не хвалюйся — „дублёр“ сядзеў ад пачатку. І мне ад пачатку сказалі пра гэта меркаванае прызначэньне як узнагароду. Пра што я адразу там і спытаўся».

Далей Адамовіч піша, што атрымала чарговую адмову з суду на заяву аб спатканьні з мужам.

«Усё тое ж, што і раней, акрамя прозьвішча судзьдзі. З высокай (~100%) імавернасьцю гэта той самы „дублёр“. Так што „суд“, які цягнецца ўжо чацьвёрты месяц“, працягнецца і далей», — напісала Марына Адамовіч і дадала, што Мікалай Статкевіч у працэсе ня ўдзельнічае.

Новым судзьдзём у справе групы палітвязьняў, уключна са Статкевічам, стаў Мікалай Доля, інфармуе «Эўрарадыё». Папярэдняга — Мікалая Бакунова — павысілі, ён стаў старшынём суду Чыгуначнага раёну Гомля.

Мікалай Доля таксама браў удзел у «палітычных» працэсах — 10 гадоў таму. У 2011 годзе ў Рэчыцы ён аштрафаваў заснавальніка гомельскага сайту «Сильные новости» Пятра Кузьняцова за «парушэньне заканадаўства аб друку». Тады супрацоўнікі ДАІ знайшлі ў машыне Кузьняцова ўлёткі пра разгон Плошчы 2010 году ў Менску. Судзьдзя палічыў іх пэрыядычным выданьнем.

У 2014 годзе Долю перавялі з Рэчыцы ў Гомельскі абласны суд, дзе ён працуе і сёньня. Уваходзіць у калегію ў крымінальных справах.

Менавіта ў гэтым судзе слухаюць справу палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакалова і Зьмітра Папова.

Суд адбываецца ў закрытым рэжыме, зьвестак пра яго амаль ня маюць нават сваякі падсудных. Падсудным пагражае да 12–15 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG