У эфіры АНТ міністар фінансаў Юры Селіверстаў паабяцаў рост заробкаў у наступным годзе. Паводле ягонага прагнозу, рост заробкаў будзе «рэальны», то бок апярэдзіць рост інфляцыі.
«Ён будзе мець і рэальнае значэньне, то бок будзе вышэйшы, чым інфляцыя», — сказаў міністар.
Што цяпер з інфляцыяй і ростам заробкаў
Сярэдні заробак у жніўні склаў 1463 рублі. Гэтая сума на 8,5 рубля меншая, чым у ліпені. Тым часам рост цэнаў у Беларусі па стане на верасень склаў 9,8% да паказчыкаў мінулага году.
Намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў жніўні зьнізіўся ў параўнаньні зь ліпеньскім на 0,6%. Рэальны заробак зьнізіўся яшчэ больш — на 0,8%. У Менску сярэдні заробак зьнізіўся на 45,5 рубля, або больш як на 2%. Заробак вырас нязначна толькі ў Віцебскай і Менскай абласьцях.
Ці рэальнае павышэньне заробкаў?
Чыноўнікі абяцаюць «рост заробкаў, які апярэджвае інфляцыю». Так бывае ў штогадовых прагнозах беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.
«Для таго каб расьлі рэальныя заробкі, трэба, каб расла эканоміка. Пры падзеньні эканомікі дасягнуць росту рэальных даходаў — гэта немагчыма. Можна штучна павысіць намінальныя заробкі, але тады вырасьце інфляцыя, і рэальныя даходы зьменшацца», — кажа Вадзім Іосуб.
Беларускія чыноўнікі прагназуюць у наступным годзе рост эканомікі, але «гэта занадта аптымістычна».
«Прынятыя санкцыі яшчэ не пачалі толкам дзейнічаць і не пасьпелі паўплываць на эканоміку. Яны паўплываюць на эканоміку ў канцы году, на пачатку наступнага году. Чакаюцца новыя пакеты санкцый. З улікам санкцый трэба гаварыць аб зьніжэньні эканомікі ў наступным годзе», — кажа Вадзім Іосуб.
Пры гэтым сусьветныя фінансавыя арганізацыі даюць прагноз падзеньня эканомікі ў наступным годзе ад 1% да 3%. З гэтай нагоды Вадзім Іосуб прагназуе «зьніжэньне рэальных даходаў на гэтыя адсоткі».
Напрыклад, Сусьветны банк пагоршыў свой прагноз наконт эканомікі Беларусі ў 2022 годзе. Сьпярша прагназаваўся рост на 1,2%, а цяпер — падзеньне на 2,8%.