Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мэдыкаў і настаўнікаў падаюць заробкі. Экспэрты кажуць, што гэта добра


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Сярэдні заробак у Беларусі ў жніўні зьнізіўся на 0,6% у параўнаньні зь ліпенем. Глядзім, якія спэцыялісты сталі зарабляць меней.

Намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў жніўні зьнізіўся ў параўнаньні зь ліпеньскім на 0,6%. Рэальны заробак зьнізіўся яшчэ больш — на 0,8%. У Менску сярэдні заробак зьнізіўся на 45,5 рубля, ці больш як на 2%. Заробак вырас нязначна толькі ў Віцебскай і Менскай вобласьці.

Глядзім, у якіх сфэрах заробак зьнізіўся найбольш.

У настаўнікаў — мінус 19 рублёў

За месяц сярэдні заробак у адукацыі зьнізіўся на 19 рублёў? ці на 2%. У сфэры аховы здароўя заробак упаў на 37 рублёў, ці на 3%.

Гандаль — мінус 24,5 рубля

У сфэры аптовага і раздробнага гандлю сярэдні заробак зьнізіўся на 24,5 рубля, ці на 2%. Зьнізіўся нават заробак у сфэры інфармацыі і сувязі, то бок у ІТ. У ліпені ён складаў 4632,7 рубля, а ў жніўні — 4470,3 рубля. Мінус 162,4 рубля, ці больш за 3%.

Страхавая дзейнасьць — мінус 106 рублёў

За месяц упаў заробак у сфэры фінансавай і страхавой дзейнасьці. Падзеньне — 106,7 рубля, ці 5%. У ліпені ў гэтай сфэры зараблялі 2224,3 рубля, а ў жніўні — 2116,7 рубля.

Дзе заробкі вырасьлі

  • Нягледзячы на агульнае падзеньне, ёсьць сфэры, дзе заробкі працягвалі расьці. Напрыклад, у сфэры сельскай і лясной гаспадаркі заробак за месяц вырас на 4 рублі, ці на 0,37%.
  • У прамысловасьці заробак вырас на 26 рублёў, ці амаль на 2%.
  • У сфэры будаўніцтва заробак вырас на 30,6 рубля, або на 2%.

«Падзеньне — гэта добра»

Пры зьніжэньні эканомікі агулам зьніжэньне заробкаў сьведчыць, «што не ўключаецца друкаваны станок».

«Рост заробкаў можа адбывацца ці падчас росту эканомікі, ці яго можна стымуляваць штучна, калі друкуюцца грошы. Апошнія месяцы рост эканомікі запаволіўся і таму спыніўся рост намінальных заробкаў, пачалося іх зьніжэньне. З макраэканамічнага пункту гледжаньня можа парадавацца, бо заробкі рэагуюць на запавольваньне росту эканомікі. Калі эканоміка не расьце, а заробкі растуць, то можна атрымаць дэвальвацыю», — кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб.
Вадзім Іосуб.

Фінансавы аналітык зазначае, што зьніжэньне сярэдніх заробкаў «адчуваюць ня ўсе». Заробак можа зьнізіцца за кошт асобных катэгорый, напрыклад за кошт айцішнікаў.

«Сярод айцішнікаў ідзе рэлякацыя найбольш высокааплатных супрацоўнікаў. Гэта можа ўплываць на сярэдні заробак у галіне па краіне. Да таго ж зьніжаецца курс даляра, а ў многіх айцішнікаў заробак прывязаны да даляра», — гаворыць Вадзім Іосуб.

А рост заробкаў у сфэрах, зьвязаных зь дзяржавай (сельская гаспадарка, прамысловасьць, будаўніцтва) якраз «падмацоўваецца бюджэтнымі сродкамі, заробкі індэксуюцца плянава і не залежаць ад эканамічных посьпехаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG