Усталяваньне Літвой загароды на мяжы зь Беларусьсю запатрабуе набыцьця яшчэ 300 км калючага дроту з вострымі лёзамі (Канцэрціна). Пра гэта ў суботу паведаміла МУС Літвы, інфармуе ТАСС.
«Для перакрыцьця самых праблемных участкаў мяжы трэба будзе закупіць 300 км калючага дроту», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства. «У цяперашні час мы маем 556 км Канцэрціна, зь іх 306 км было закуплена, 250 км паступіла ў дар ад Славеніі, Украіны і Эстоніі», — удакладніў МУС. Ужо нацягнута 46 км калючага дроту.
Агульная працягласьць мяжы Літвы зь Беларусьсю складае каля 680 км. На гэтым рубяжы Вільняй вырашана пабудаваць чатырохмэтровую загароджу з мэталічнай стрыжневай сеткі, над якой будзе нацягнуты калючы дрот. Перад плотам усталёўваецца дадатковая лінія з калючага дроту вышынёй тры мэтры.
Арыенціровачны кошт работ складае € 152 млн. Праект давядзецца фінансаваць за кошт дзяржаўных сродкаў. Літва спадзявалася атрымаць на гэтыя мэты асыгнаваньні па лініі Эўразьвязу, аднак у Брусэлі заявілі, што не фінансуюць будаўніцтва перашкодаў і бар’ераў.