Паводле генпракурора Андрэя Шведа, у Беларусі няма належнага прававога рэгуляваньня выкарыстаньня бесьпілётных лятальных апаратаў у паветранай прасторы, што не спрыяе гарантаваньню грамадзкай бясьпекі. Пра гэта ён паведаміў прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку.
У Генпракуратуры адзначаюць, што ў жніўні 2018 году над Заслаўскім вадасховішчам на вышыні каля 900 мэтраў пры заходзе на пасадку зафіксавалі небясьпечнае збліжэньне Boeing-737 «Белавія» зь бесьпілётнікам, апэратар якога ня быў устаноўлены.
У мінулым і гэтым гадах фіксавалі факты супрацьпраўнага выкарыстаньня дронаў, а ў верасьні 2021 году быў «акт тэрарызму з ужываньнем бесьпілётніка». У ведамстве не ўдакладнілі, пра які акт тэрарызму ідзе гаворка, але 25 верасьня «Кібэрпартызаны» заяўлялі, што група «Чорны бусел» пад раніцу зьдзейсьніла атаку з дронаў на базу АМАП ва Ўруччы: на яе нібыта скінулі з вышыні дзьве 5-літовыя ёмістасьці з запальнай сумесьсю.
У сувязі з гэтым, каб павысіць узровень бясьпекі палётаў і мінімізаваць рызыкі правапарушэньняў, Генпракуратура прапануе:
- увесьці нормы да сэртыфікацыі і ўліку бесьпілётнікаў і іх апэратараў;
- вызначыць парадак абароту бесьпілётнікаў з улікам іх узьлётнай масы і прызначэньня;
- прадугледзець адказнасьць за невыкананьне ўведзеных патрабаваньняў.