Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары гораду ў Ірацкім Курдыстане бягуць у Эўропу празь Беларусь


Пакінутыя жыхарамі мясьціны ў Ірацкім Курдыстане
Пакінутыя жыхарамі мясьціны ў Ірацкім Курдыстане

Нягледзячы на адносную стабільнасьць у курдзкіх раёнах, людзі спрабуюць выехаць у пошуках лепшага жыцьця.

Нягледзячы на вялікую рызыку, мноства людзей з гораду Шыладзэ ў курдзкім рэгіёне Іраку спрабуюць незаконна пераправіцца ў краіны Эўразьвязу празь Беларусь, паведамляюць афіцыйныя асобы, а таксама мясцовыя кантрабандысты. Так перадае «Голас Амэрыкі» паводле матэрыялу агенцтва Reuters.

Кантрабандыст зь ліку ірацкіх курдаў расказаў, што арганізаваў выезд каля 200 чалавек, якія жадаюць пакінуць Шыладзэ і яго навакольле: спачатку яны легальна вылецелі самалётам у Менск, а затым працягнулі шлях наземным шляхам нелегальна.

Паводле крыніцы, бізнэс пайшоў угару ў канцы вясны сёлета, калі колькасьць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЭЗ зь Беларусі, рэзка ўзрасла. Пры гэтым ён з горыччу кажа пра гібель людзей пры спробах незаконнага перасячэньня мяжы.

У мінулым месяцы на мяжы Польшчы і Беларусі памёр ірацкі мігрант, папоўніўшы чараду сьмерцяў у прымежнай зоне на фоне рэзкага павелічэньня нелегальнай міграцыі праз усходнюю мяжу ЭЗ.

Польшча, Літва і ЭЗ абвінавачваюць Беларусь у нагнятаньні міграцыйнага крызісу ў якасьці інструмэнта ціску на блёк у адказ на санкцыі, якія Брусэль увёў у дачыненьні да Менску ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека.

Горад Шыладзэ з насельніцтвам каля 40 000 чалавек стаў адным з асноўных адпраўных пунктаў.

Горад знаходзіцца ў адносна стабільным аўтаномным рэгіёне Ірацкі Курдыстан. Але такія праблемы, як нізкая занятасьць і нізкая заработная плата, а таксама геапалітычная напружанасьць у сувязі з ваеннымі рэйдамі Турэччыны супраць базаваных у Іраку курдзкіх баевікоў, ужо даўно падштурхоўваюць людзей паспытаць шчасьця на Захадзе.

Колькасьць ахвочых выехаць рэзка павялічылася пасьля адкрыцьця маршруту празь Беларусь, бо мігранты лічаць, што гэта больш бясьпечны і хуткі шлях.

Беларусь — адна зь нешматлікіх краін, якія лёгка выдаюць іракцам турыстычныя візы. Пасьля прыбыцьця ў Менск на самалёце мігранты зьвяртаюцца па паслугі кантрабандыстаў.

Рэгіянальны ўрад Ірацкага Курдыстану ў Арбіле пакуль камэнтароў не дае. Міністэрства ўнутраных спраў Іраку заявіла, што нелегальны перавоз людзей уяўляе сабой злачынства і што ўжо былі зроблены адпаведныя захады, але не ўдакладніла ніякіх падрабязнасьцяў.

Мясцовыя ўлады не змаглі даць канкрэтнай статыстыкі пра колькасьць мігрантаў. Паводле мясцовага журналіста, зь вясны гэтага году з Шыладзэ і іншых гарадоў рэгіёну маглі выехаць да 400 чалавек, і гэтая лічба расьце.

Паводле кантрабандыстаў і мясцовых турыстычных агенцтваў, празь якія мігранты рэзэрвуюць авіяпералёты, паездка можа каштаваць да 12 000 даляраў, уключаючы пералёты і незаконны правоз наземным шляхам у Эўропу.

У жніўні Ірак прыпыніў прамыя рэйсы з Багдаду ў Менск пад ціскам ЭЗ. Паводле кантрабандыстаў, мясцовых жыхароў, турыстычных агенцтваў і ганаровага консула Беларусі ў Арбіле, цяпер мігранты лётаюць праз Дубай або Турцыю.

Як адзначае ірацкі аналітык Амін Фарадж, хоць Курдыстан больш стабільны і лічыцца больш квітнеючым, чым астатнія рэгіёны Іраку, эканамічны крызіс, з прычыны якога ўлады ня могуць плаціць заработную плату ў дзяржаўным сэктары, паглыбляецца і адбіваецца на жыцьці многіх курдаў.

Адзначаецца таксама, што горад Шыладзэ разьмешчаны ў горным раёне недалёка ад турэцкай мяжы, дзе бясьпека можа быць нетрывалай. Турэччына неаднаразова наносіла паветраныя ўдары ў паўночным Іраку па курдзкай групоўцы «Рабочая партыя Курдыстану».

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG