У студзені на мяжы зь Беларусьсю затрымалі 20 чалавек, у лютым — 13, у сакавіку — 8, у красавіку — 70, у траўні — 77, у чэрвені — 473, ад пачатку ліпеня — 2070, падае статыстыку літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы.
Сярод затрыманых — грамадзяне Іраку (1631), Конга (191), Камэруну (129), Гвінэі (78), Ірану (79), Аўганістану (77), а таксама Расеі, Сырыі ды іншых краін.
Праз рэзкае павелічэньне колькасьці мігрантаў урад Літвы 2 ліпеня аб’явіў надзвычайнае становішча на нацыянальным узроўні. Да аховы мяжы залучылі сілы іншых ведамстваў, дапамогу аказваюць прадстаўнікі Эўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex) і памежнікі Эстоніі. 9 ліпеня пачалося будаўніцтва загароды з калючага дроту.
19 ліпеня ў інтэрвію эмірацкаму тэлеканалу Sky News Arabia Аляксандар Лукашэнка выявіў абазнанасьць, што ў Літве нібыта ёсьць «групоўкі злачыннага характару, чыё дачыненьне да нелегальнай міграцыі відавочнае»: маўляў, за грошы перавозяць нелегальных мігрантаў. І прапанаваў «дапамогу», але за грошы.
У адказ міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што рэжым Лукашэнкі, які «даўно парушае элемэнтарныя правы чалавека і працягвае разбураць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі», цяпер выкарыстоўвае ў сваіх мэтах мігрантаў: жанчын, дзяцей ці цэлыя сем’і.