Іх ахвярамі сталі 216 тысяч дзяцей, у асноўным гэта хлопчыкі, многія зь якіх на той момант былі ва ўзросьце ад 10 да 13 гадоў, высьветліла незалежная камісія па расьсьледаваньні выпадкаў сэксуальнага гвалту ў Рымска-каталіцкай царкве ў Францыі. Пра гэта піша BBC.
У камісію ўвайшлі лекары, сацыёлягі, гісторыкі і тэолягі. За два з паловай гады працы яны апыталі больш як 6500 ахвяраў і сьведак злачынстваў. Справаздача камісіі заняла 2500 старонак. Расьсьледаваньне было праведзена па просьбе Рымска-каталіцкай царквы ў Францыі.
Кіраўнік гэтай камісіі Жан-Марк Савэ сказаў, што колькасьць дзяцей, якія зазналі гвалт, можа вырасьці да 330 тысяч, калі ўлічваць злачынствы, учыненыя парафіянамі.
«Гэтыя лічбы больш чым трывожныя, яны жудасныя і ніякім чынам ня могуць застацца без адказу», — адзначыў Савэ.
Камісія перадала пракурорам сьведчаньні 22 выпадкаў гвалту, па якіх усё яшчэ можна распачаць крымінальныя справы. Паводле яго слоў, біскупам і іншым высокапастаўленым служыцелям царквы было паведамлена пра абвінавачаньні на адрас тых сьвятароў, якія да гэтага часу жывыя.
Высокапастаўлены прадстаўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Францыі заявіў, што гэта «жах і сорам». Ён таксама папрасіў прабачэньня за тое, што адбылося.
Большасьць выпадкаў лічацца занадта даўнімі для судовага перасьледу паводле францускага заканадаўства, аднак Саве заклікаў царкву выплаціць пацярпелым рэпарацыі, асудзіўшы царкву за «сыстэмны характар» намаганьняў па абароне духоўных асобаў ад заяў аб сэксуальным гвалце.
Каталіцкая царква ў апошнія гады перажыла некалькі скандалаў, зьвязаных з дамаганьнямі сьвятароў да дзяцей. Папа Францішак неаднаразова пацьвярджаў намер выкрываць падобныя выпадкі і не замоўчваць іх. У лютым 2019 году папа Рымскі прызнаў, што ў апошнія некалькі гадоў у каталіцкай царкве было некалькі выпадкаў, калі сьвятары рознага рангу (аж да біскупаў) разбэшчвалі і гвалтавалі манашак, дамагаліся іх і нават трымалі ў сэксуальным рабстве.