Міжнародны кансорцыюм журналістаў-сьледчых (ICIJ) 3 кастрычніка апублікаваў вынікі расьсьледаваньня «Дасье Пандоры». Журналісты прааналізавалі 12 мільёнаў дакумэнтаў з дадзенымі аб уладальніках афшорных кампаній з усяго сьвету.
Згодна з матэрыяламі расьсьледаваньня, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і яго сваякі набылі нерухомасьць на суму каля 700 мільёнаў даляраў у Вялікай Брытаніі, у асноўным у Лёндане, праз афшорныя кампаніі.
Адзначаецца, што вялікая частка нерухомасьці была набытая за наяўныя. Як паведамляе BBC са спасылкай на дакумэнты, Аліевы набылі 17 аб’ектаў нерухомасьці.
Калі сыну Аліева Гейдару было 11 гадоў, яму належалі ўжо чатыры будынкі ў лёнданскім раёне Майфэр. Нерухомасьць коштам $ 44,7 млн была набытая кампаніяй, якая належыць аднаму з чальцоў сям'і Аліевых, а празь месяц пераведзена на імя Гейдара Аліева — малодшага. Адміністрацыя Аліева і яго сямейнікі пакуль не камэнтавалі гэтае расьсьледаваньне.
Усяго ў расьсьледаваньні «Дасье Пандоры» ўзялі ўдзел больш за 600 журналістаў з 120 краінаў сьвету. Сярод тых, хто трапіў у іх поле зроку, — прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, кароль Ярданіі Абдула II, набліжаныя да першага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, прэмʼер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш, былы брытанскі прэмʼер Тоні Блэр.