Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Расьціслава Лапіцкага, год таму - Сэйм Латвіі не прызнаў Лукашэнку прэзыдэнтам


Расьціслаў Лапіцкі. Карціна Алеся Пушкіна
Расьціслаў Лапіцкі. Карціна Алеся Пушкіна

Падзеі 1 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Год таму ў гэты дзень

  • Сэйм Латвіі прыняў заяву аб непрызнаньні Аляксандра Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Актывістам «Эўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу і Паўлу Юхневічу выставілі абвінавачаньне па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі (удзел у масавых беспарадках).
  • Беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» і яго старшыня Алесь Бяляцкі сталі ляўрэатамі швэдзкай прэміі «За правільны лад жыцьця», якую таксама называюць альтэрнатыўнай Нобэлеўскай.
  • Гандбольны клюб «Віцязь» зьнялі з чэмпіянату за падтрымку арыштаванай баскетбалісткі Леўчанкі.

Дзень у гісторыі

331 да н. э. — Бітва пры Гаўгамелах, вырашальная бітва паміж войскамі Аляксандра Македонскага і пэрсыдзкага цара Дарыя III, пасьля якой Пэрсыдзкая імпэрыя спыніла сваё існаваньне.

1817 — У Віленскім унівэрсытэце заснавалі тайнае студэнцкае патрыятычнае таварыства філяматаў.

Тамаш Зан, ідэоляг філяматаў. Партрэт пяра Валенція Ваньковіча
Тамаш Зан, ідэоляг філяматаў. Партрэт пяра Валенція Ваньковіча

1946 ― завяршыў працу Нюрнбэрскі трыбунал.

1949 — заснаваная Кітайская Народная Рэспубліка.

1988 — Міхаіл Гарбачоў стаў прэзыдэнтам Савецкага Саюзу.

2017 — рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі.

У гэты дзень нарадзіліся

1829 — Уладзіслаў Віктар Акінчыц, лекар, паўстанец 1863 году

1881Міхаіл Станюта, беларускі мастак

1888Лукаш Дзекуць-Малей, беларускі рэлігійны й грамадзкі дзяяч, прапаведнік баптызму, перакладчык рэлігійных тэкстаў

1937 Андрэй Мдзівані, беларускі кампазытар

1952Анатоль Байдачны, расейскі і беларускі футбаліст, футбольны трэнэр, трэнэр зборнай Беларусі па футболе

У памяці

1940Сямён Жыткевіч, грамадзка-культурны дзеяч, актывіст Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады і Таварыства Беларускай Школы. Загінуў у савецкім канцлягеры.

1950 - Расьціслаў Лапіцкі, адзін з кіраўнікоў паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Расьціслаў Лапіцкі
Расьціслаў Лапіцкі

Яшчэ й сёньня ў родных мясьцінах пра яго ходзяць паданьні. Мне вядомыя прыклады, калі, атрымаўшы на ўроку вольную тэму пра героя, на якога яны хацелі б стаць падобнымі, вучні пісалі пра Расьціслава Лапіцкага.

У паваенныя 1940-я ў Мядзельскай дзесяцігодцы не было вучня, таленавіцейшага за Расьціслава.

Ён сьпяваў і граў на тузіне інструмэнтаў, майстраваў ровары і радыёпрыймачы, зрабіў электрамашыну, якой спрабаваў лекаваць людзей ад розных хваробаў, маляваў плякаты для ўрокаў батанікі й заалёгіі.

Аднак большасьць настаўнікаў не ганарылася Расьціславам, а трымалася зь ім насьцярожана. І не адно таму, што ён быў сынам сьвятара.

У школе ведалі, што яшчэ раней, у сямігодцы, Лапіцкага арыштоўвалі за сувязь з падпольнай арганізацыяй навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі й Віленскай сэмінарыі. Шаснаццацігадовы Расьціслаў быў асуджаны на тры га ды, выйшаў на волю ў 1945-м паводле амністыі, але антысавецкіх поглядаў не зьмяніў, прычым адстойваў іх нават на занятках.

Калі Лапіцкія пераехалі ў Смаргонь, дзе Расьціслаў пайшоў у дзясяты кляс, занепакоілася ўжо кіраўніцтва тамтэйшай школы.

Пагатоў, новы вучань на ўроку адмовіўся пісаць твор пра «моладагвардзейцаў», абвясьціўшы, што ў яго і сяброў ёсьць свая «Гвардыя», якая змагаецца за Беларусь.

У словах Расьціслава не было перабольшаньня: ён сапраўды стварыў арганізацыю зь пятнаццаці чалавек.

Юнакі не бяз посьпеху вялі агітацыю на школьных вечарынках і ў клюбе, дзе іхні кіраўнік граў на піяніна. А неўзабаве ў Смаргоні зьявіліся сотні антыкамуністычных улётак.

Расьціслаў мусіў перайсьці на нелегальнае становішча. Партызаны Арміі Краёвай абяцалі пераправіць яго за мяжу, ды перашкодзіла цяжкая хвароба.

Яго арыштавалі ў Кабыльніку на Нарачы. На допытах у Вялейскай турме Расьціслава так зьбівалі, што знаёмы арыштант не пазнаў яго, прыняўшы за старога дзеда.

Выступ на судзе Лапіцкі выкарыстаў не на апраўданьні, а дзеля абвінавачаньня камуністычнага рэжыму ў антынароднай палітыцы — непамерных падатках, калгасным прымусе, закрыцьці храмаў. Трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў яго да расстрэлу. Расьціслаў адмовіўся прасіць памілаваньня.

Біёграфам Лапіцкага стаў гісторык Міхась Чарняўскі, што паходзіць з тых самых мясьцінаў. «Як пошуг маланкі» — назваў ён сваю кнігу, якая выйшла ў сэрыі «Нашы славутыя землякі». Аднайменны фільм зьняў на тэлеканале «Белсат» рэжысэр Валеры Мазынскі.

На месцы расстрэлу героя ў 2008-м усталявалі памятны знак і крыж, якія неўзабаве былі зьнішчаныя ідэйнымі спадкаемцамі сталінскіх катаў, але зноў і зноў аднаўляліся наступнікамі Лапіцкага.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.238-239.

2009Альгерд Невяроўскі, беларускі журналіст

Альгенрд Невяроўскі
Альгенрд Невяроўскі

2018Шарль Азнавур, францускі сьпявак

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG