Кнігу, якая зьмяшчае інтэрвію зь беларускімі апазыцыянэрамі і іншадумцамі розных пакаленьняў, падрыхтавалі дзьве чэскія журналісткі, Тэрэза Шупава (Tereza Šupová) і Адэла Талісава Дражанава (Adéla Tallisová Dražanová). Кнігу апублікавала выдавецтва Kniha Zlin, якое належыць да Albatros Media, найбуйнейшага выдавецкага канцэрну ў Чэхіі.
Свабода пагаварыла з адной з аўтарак, Адэлай Дражанавай, журналісткай месячніка Reportér.
Адэла Дражанава кажа, што ўжо шмат гадоў у кола яе журналісцкіх зацікаўленьняў уваходзяць палітычна-грамадзкія працэсы на постсавецкай прасторы — у Беларусі, Украіне, на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі. Гэтая зацікаўленасьць перанеслася і ў заснаваны ў 2014 годзе месячнік Reportér, у якім яна працуе ад пачатку па сёньняшні дзень. Зь месячнікам пастаянна супрацоўнічае і суаўтарка кнігі пра Беларусь, Тэрэза Шупава, журналістка чэскага агенцтва навін ČTK.
«Ідэя кнігі пра Беларусь выйшла з выдавецтва Albatros пад канец мінулага году. Ня мела ўжо сэнсу пісаць пра тое, што ў Беларусі адбылося, паколькі ідэя прыйшла пазнавата, затое мела сэнс прыблізіць чэскім чытачам кантэкст таго, што там адбылося, — кажа Адэла Дражанава. — Мы з калегай, Тэрэзай Шупавай, захацелі паказаць гістарычны кантэкст леташніх падзей у Беларусі і спрабавалі растлумачыць прычыны гэтых падзей, паказваючы іх праз асабістыя гісторыі людзей розных пакаленьняў. Мы дапоўнілі гэтую сэрыю гутарак размовамі зь беларускай гістарычкай Аленай Маркавай, якая жыве ў Празе, і з чэскай журналісткай Пэтрай Прохазкавай, якая тлумачыць беларускі кантэкст чэскім чытачам».
Суразмоўцаамі Адэлы Дражанавай і Тэрэзы Шупавай сталі: Алесь Бяляцкі, Ірына Халіп, Алесь Міхалевіч, Сьвятлана Ціханоўская, Тацяна Гацура-Яворская, Макс Шчур, Франак Вячорка.
«Мы хацелі зьвярнуць увагу на розныя фазы і аспэкты позьнесавецкага і постсавецкага палітычнага жыцьця ў Беларусі, пачынаючы з 1980-х гадоў. Мы стараліся паказаць асабістыя гісторыі людзей, іншадумцаў і апазыцыянэраў у Беларусі, гісторыі, якія маглі б ілюстраваць тое, што адбывалася ў краіне».
Зь Сьвятланай Ціханоўскай аўтаркі пагутарылі, калі яна наведала Прагу ў чэрвені сёлета. Інтэрвію зь героямі кнігі зь Беларусі адбываліся анлайн.
«Праца над кнігай не была лёгкай. Даволі складана было дамовіцца на размовы зь людзьмі зь Беларусі. Напрыклад Таня Гацура-Яворская, зь якой я кантактавала, прасіла, каб зрабіць размову як мага хутчэй, бо, маўляў, у Беларусі ўсё ідзе не да добрага. І фактычна, некалькі дзён пасьля таго, як мы пасьпелі зь ёю пагаварыць, яе затрымалі. У турме цяпер і Алесь Бяляцкі, легендарная постаць беларускага іншадумства. Мы моцна цэнім тое, што гэтыя людзі наагул захацелі з намі гаварыць».
Адэла Дражанава сказала, што, рыхтуючыся да размоваў, яна прачытала шмат кніг, якія датычылі як Беларусі, так і постсавецкай прасторы, у тым ліку творы Сьвятланы Алексіевіч. Наконт таго, ці патрэбная такая кніга, як «Беларусь на шляху да свабоды», чэскім чытачам цяпер, яна адзначыла:
«Я спадзяюся, што зацікаўленасьць нашай кнігай будзе, таму што зацікаўленасьць Беларусьсю ў Чэхіі ўсё яшчэ вялікая, хоць, зразумела, зь цягам часу яна слабее, як наагул бывае з падзеямі, якія адбываецца за мяжой. Але ў нашай кнігі ёсьць адна перавага — гэта не сухая палітычная аналітыка, а асабістыя гісторыі жывых людзей, якія вырашылі супрацьстаяць жорсткаму рэжыму».
З кнігі:
Сьвятлана Ціханоўская: «Аднойчы ў сярэдзіне перадвыбарчай кампаніі мне патэлефанавалі і сказалі, што калі я не спыню сваю дзейнасьць, мяне арыштуюць, а дзяцей адправяць у дзіцячы дом. Гэта быў моцны ўдар. У той момант я сапраўды была гатовая кінуць усё. Рэжым ведае, якім спосабам аказаць цісе на жанчыну. Тады я вырашыла адправіць дзяцей за мяжу, але сама яшчэ не хацела здавацца. Я думала, што нехта паклапоціцца пра іх, калі мяне пасадзяць. У рэшце рэшт і ў мяне нешта зламалася, і я пакінула краіну — празь дзяцей. Калі б у мяне іх не было, я магла б вырашыць інакш».
Пэтра Прохазкава: «Беларусы дакладна ведаюць, што шлях у Эўропу вядзе праз рэвалюцыю — і яны гэтага не хочуць. Іх патрабаваньні не рэвалюцыйныя, а эвалюцыйныя: яны ў асноўным хочуць новых выбараў, гэта для іх прынцыпова. На дэманстрацыях пасьля выбараў не гучалі заклікі, каб расейскія танкі пакінулі беларускія базы і каб краіна аддзялілася ад Расеі. Я б сказала, што большасьць звычайных людзей аддалі перавагу б таму, каб Беларусь выконвала ролю нэўтральнай краіны, якая будзе сябраваць і з Расеяй, і з Эўропай. Краіна, якая будзе мець гандлёвыя адносіны з Расеяй і Эўропай, і ні з кім ня будзе канфліктаваць. Гэта іх ідэальнае ўяўленьне».