Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палату прадстаўнікоў унесьлі законапраект пра крымінальную адказнасьць за заклікі да санкцый


Дэпутат Віктар Сьвіла, адзін зь лабістаў крымінальнай адказнасьці за заклікі да міжнародных санкцый супраць уладаў Беларусі
Дэпутат Віктар Сьвіла, адзін зь лабістаў крымінальнай адказнасьці за заклікі да міжнародных санкцый супраць уладаў Беларусі

Закон, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за заклікі да санкцый, можа быць прыняты ўжо гэтай восеньню.

Пра гэта сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, якога цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА. Андрэйчанка заявіў, што ўладам неабходна цалкам выкарыстаць усе прававыя мэханізмы супрацьдзеяньня санкцыйнай палітыцы Захаду.

«У парадку рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы дэпутатамі ў Палату прадстаўнікоў унесены законапраект, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за заклікі да санкцый. Яго неабходна апэратыўна падрыхтаваць і разгледзець на восеньскай сэсіі ў першым і ў другім чытаньнях».

Законапраект аб увядзеньні крымінальнай адказнасьці за заклікі да санкцый своечасовы, падтрымаў калегу намесьнік старшыні камісіі ў дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраваньні Віктар Сьвіла.

Ён нагадаў, што восеньская сэсія адкрыецца 4 кастрычніка, парадак дня ўжо ўключае 20 пытаньняў.

«У першым чытаньні прапануецца разгледзець 6 пытаньняў, у тым ліку законапраект, ініцыяваны Алегам Белоконевым. Гаворка пра зьмены ў заканадаўства за заклікі да санкцый. Дакумэнт прадугледжвае новую рэдакцыю арт. 361 Крымінальнага кодэксу і ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за заклікі да міжнародных арганізацый, дзяржаў альбо бязадрасна да дзеяньняў, якія павінны прывесьці да санкцый супраць Беларусі. Гэта значыць, нанесьці шкоду, страты нацыянальнай бясьпецы», — адзначыў дэпутат.

На вясновай сэсіі Палата прадстаўнікоў ужо прыняла цэлы пакет рэпрэсіўных законаў у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці, якія ў падачы афіцыйнай прапаганды «мусяць спрыяць умацаваньню сувэрэнітэту і абароне канстытуцыйнага ладу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG