Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 верасьня: абвінавачаньні блогеру Vadimati, новыя затрыманьні рабочых у Наваполацку

абноўлена

Затрыманьні рабочых у Наваполацку, ілюстрацыйнае фота
Затрыманьні рабочых у Наваполацку, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі не спыняецца перасьлед удзельнікаў мірных пратэстаў. Апошнімі днямі ў іх ліку і шматлікія актывісты прафсаюзнага руху.

Палітвязьню Кубараву працягнулі зьняволеньне да 8 гадоў

У судзе Заводзкага раёну Менску 27 верасьня вынесьлі другі прысуд палітвязьню Дзмітрыю Кубараву.

Яго пакаралі трыма гадамі калёніі за знойдзеныя ў кватэры складнікі для вырабу «кактэйляў Молатава». Раней яго асудзілі на сем гадоў калёніі за арганізацыю масавых беспарадкаў. Агульны тэрмін пакараньня — 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміла «Вясна».

Дзмітры Кубараў на судзе адмовіўся даваць паказаньні, таму зачыталі ранейшыя. Зь іх вынікала, што на акцыі пратэсту пасьля выбараў Дзьмітры пазнаёміўся зь Віталём Шклярам, які сказаў, што хоча зрабіць «кактэйлі Молатава» і мае мае для гэтага складнікі. Кубараў прапанаваў прывезьці іх да яго — і Шкляраў прывёз каністры растваральніка. Падчас вобшуку пасьля затрыманьня Кубарава гэтыя каністры знайшлі.

Віталь Шкляр на працэс не прыйшоў. Яго абʼявілі ў вышук, а справу вылучылі ў асобную вытворчасьць.

Працэс вяла судзьдзя Жанна Хвайніцкая, дзяржабвінаваўцам быў пракурор Аляксандар Кулакоўскі.

У 64-гадовай Алены Гнаўк правялі ператрус у справе аб пагрозах пракурору

У берасьцейскай актывісткі Алены Гнаўк вечарам 27 верасьня адбыўся ператрус. Канфіскавалі ноўтбук, флэшку і мабільны тэлефон.

Пра гэта яна паведаміла ў сваім інстаграме. Ператрус праходзіў у справе аб пагрозах у адрас старшага пракурора Берасьцейскай гарадзкой Міхаіла Булыгіна.

У пачатку верасьня Алена Гнаўк даведалася, што яна сьведка ў крымінальнай справе, заведзенай з прычыны трапляньня асабістых дадзеных пракурора Міхаіла Булыгіна ў телеграм-канал «ЧКБ Брест и область».

Менавіта пракурор прадстаўляў дзяржаўнае абвінавачаньне на судзе 2–3 верасьня над Аленай Гнаўк. Тады ёй прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі.

Блогера абвінавацілі ў абразе прэзыдэнта і зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў

Вадзіма Ермашука, вядомага як блогер Vadimati, абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368)
  • зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370).

Віны ён не прызнаў. На гэтым тыдні яго этапуюць у Горадню, паведаміў тэлеграм-канал «Право имеют».

Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня. Спачатку яго асудзілі за заклікі на спартовую імпрэзу, потым — за нецэнзурныя выказваньні ў адрас ЖКГ і гарвыканкаму. 24 верасьня яго ўзялі пад варту.

На «Нафтане» працягваюць перасьледаваць работнікаў

Раніцай 28 верасьня КДБ на працоўным месцы затрымаў Натальлю Вусько, інжынэра плянава-дамоўнага сэктару «Нафтану», паведаміла «Вясна».

Акрамя таго, дома ў машыніста помпаў устаноўкі рыформінгу № 5 ААТ «Нафтан» Сяргея Плігаўкі прайшоў ператрус, яго даставілі на допыт. Рабочы — удзельнік страйку прадпрыемства.

Апоўдні на працоўным месцы затрымалі Дзьмітрыя Кайро, электраманцёра заводу «Палімір». Яго забралі дадому для правядзеньня ператрусу.

27 верасьня правялі ператрус у інжынэра-канструктара, намесьніка старшыні нізавой арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў ААТ «Нафтан» Аляксандра Балонкіна. Яго затрымлівалі, але потым адпусьцілі. Сутнасьць абвінавачаньня невядомая.

Пачынаючы з 21 верасьня, пракацілася хваля затрыманьняў на прадпрыемствах «Гродна Азот», «Нафтан», БМЗ ды іншых. Паводле праваабаронцаў, усе праходзяць у межах артыкулу 356 (здрада дзяржаве), санкцыя якога прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

26 верасьня на тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт пра затрыманых рабочых, дзе паведамілі яшчэ пра адну крымінальную справу — за стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня (арт. 361-1 КК). У адносінах да некаторых актывістаў гаворка і пра іншыя артыкулы, напрыклад арт. 357 (змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).

Віцяблянку адлічылі з унівэрсытэту і судзяць за надпіс «БЧБ Жыве»

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 27 верасьня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 19-гадовай Юліі Алейнік — былой студэнткі мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржунівэрсытэту. За надпіс «БЧБ Жыве» на бэтоннай трубе ёй пагражае да трох месяцаў арышту, паведаміла «Віцебская Вясна».

Труба над ярам у Віцебску
Труба над ярам у Віцебску

Юлія Алейнік прызнала, што сёлета 30 траўня зрабіла надпіс балёнчыкам на трубе, што ідзе над ярам паміж вуліцай Праўды і праспэктам Фрунзе. «Віцебскводаканал» налічыў шкоды на 28 рублёў 17 капеек.

6 ліпеня Юлію Алейнік затрымалі і да 8 ліпеня трымалі ў ізалятары.

Летась у жніўні Юлію Алейнік аштрафавалі ў Вушачах за ўлёткі з надпісам «Несумленныя выбары».

Паводле дзяўчыны, яна напісала заяву пра адлічэньне з 3-га курсу ВДУ пад ціскам адміністрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG