Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самы сумленны горадзенскі блогер». Хто такі Vadimati, якога асудзілі па «народным артыкуле»


Блогер Вадзім Ермашук
Блогер Вадзім Ермашук

Яго выхоўвала цётка і любяць бабулі на раёне, а яму самому было непрынцыпова, пад якім сьцягам выходзіць. Сябры расказалі, хто такі Vadimati, які называе сябе «першым блогерам Горадні» і «народным дэпутатам».

Асудзілі на 25 содняў за «заклік на скейт-пляцоўку»

Вадзіму Ермашуку 36 гадоў, жыве ў Горадні, па адукацыі юрыст. Прадае адзеньне на адным з гарадзкіх рынкаў, вядзе свой інстаграм з 45 тысячамі падпісчыкаў, вырашае «народныя праблемы», у апошні год наведвае «палітычныя» суды.

18 жніўня ён сам аказаўся на месцы падсуднага па «палітычнай» справе. Ермашука асудзілі на 25 содняў за тое, што нібыта заклікаў прыняць удзел у спартовым мерапрыемстве на скейт-пляцоўцы (артыкул 24.23 КаАП Беларусі). Пастанову агучыў суд Шчучынскага раёну. Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Цівунчык. Сяброў і знаёмых на разгляд справы не пусьцілі, толькі адваката і сьведак.

16 жніўня Вадзіма затрымалі ў Шчучыне, калі ён аглядаў мясцовую скейт-пляцоўку, бо хацеў зь сябрамі дапамагчы стварыць падобную ў Горадні. Дагэтуль ён езьдзіў на такія ж пляцоўкі ў Маладэчне і Вілейцы, размаўляў з падлеткамі, якія там катаюцца, і меўся падзяліцца вынікамі з гарадзкімі ўладамі.

У дзень затрыманьня 16 жніўня Ермашук пасьпеў наведаць абвяшчэньне прысуду тром гарадзенкам, якіх судзілі за счэпку.

Раней ён прысутнічаў на многіх іншых «палітычных» працэсах у Горадні, прыкладам, па «справе Ціханоўскага» або над гаспадыняй крамы «Адметнасьць». З судоў ён вёў стрымы, расказваў пра ўдзельнікаў працэсу і пра рашэньні па справах.

Гэтым ягоным фота з суду дзялілася ў сваім акаўнце Сьвятлана Ціханоўская.

Летась у кастрычніку Ермашука аштрафавалі за нібыта «мадэрацыю мітынгу» на 540 рублёў.

«За тыдзень ягоныя сторыз праглядаюць каля 100 тысяч чалавек»

Вадзім называе сябе «першым блогерам Горадні», аднак ён ня лідэр у горадзе па колькасьці фолавэраў. У яго больш за 45 тысяч падпісчыкаў у Instagram, праўда, сочыць за ім у два разы больш людзей.

«За тыдзень ягоныя сторыз праглядаюць каля 100 тысяч чалавек. Я гэта дакладна ведаю. Ён мне паказваў статыстыку. То бок 50% сочаць за ім без падпіскі», — кажа знаёмы блогера.

Vadimati і Сьвятлана Ціханоўская, 2020 год

«Ён самы сумленны горадзенскі блогер. Я дакладна магу сказаць, што гэта асабістыя яго падпісчыкі, не накручаныя. Гэта ягоныя прыхільнікі, якія сачылі за сытуацыяй у краіне, горадзе, якія маглі да яго зьвярнуцца», — кажа сяброўка Вадзіма Надзея.

«Паміж дупай і канапай вынік не праскочыць»

Блогер, зь ейных словаў, быў злучальным зьвяном паміж простымі людзьмі і чыноўнікамі.

«Яны ведалі, што празь яго можна дагрукацца да чыноўнікаў. Ён агучваў іхныя думкі. Адзначаў акаўнты аблвыканкаму, гарвыканкаму або іншых чыноўнікаў. Такім чынам, зваротная сувязь была, калі не заўсёды, то вельмі часта», — расказвае Надзея.

Вадзім жыве ў старым спальным раёне Горадні і спрычыніўся да ягонага добраўпарадкаваньня.

«Бабулі яго вельмі моцна любяць, бо Вадзім прыхарашыў у сваім раёне ўсе дарожкі, пандусы ў крамах, ямкі [прыбраў]. Ён заўжды казаў, што паміж дупай і канапай вынік не праскочыць, што заўжды ўсяго трэба дамагацца. Ён і дамагаўся», — мяркуе сяброўка.

Адсюль і яшчэ адзін тытул Vadimati — «народны дэпутат».

«Бабулі, нават калі не падзялялі ягоную палітычную пазыцыю, былі вельмі яму ўдзячныя за ягоную актыўную грамадзянскую пазыцыю. Калі некаторыя блогеры казалі, што ня будуць пашыраць нейкую інфармацыю, бо гэта ня іхны кантэнт, прыкладам, пра зьнікненьне чалавека, пра дапамогу, то Вадзім гэта рабіў заўсёды», — мяркуе суразмоўца.

У вобразе «народнага дэпутата» Vadimati здымаў іранічныя відэаролікі і фатасэсіі.

Грамадзянскую пазыцыю Вадзім пачаў праяўляць задоўга да 2020 году. Яго і раней затрымлівалі і праводзілі зь ім прафіляктычныя гутаркі, прыкладам, калі ён змагаўся за правы прадпрымальнікаў.

«Ён нічога не прапагандуе, нікім не фінансуецца, ён нічый не праект. Ён проста чалавек з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Ён ніколі не парушаў ніякага закону, проста выказваў сваю думку», — кажа пра сябра Надзея.

Яна таксама адзначыла, што Вадзіму было непрынцыпова, пад якім сьцягам выходзіць. Ён меркаваў, што акцэнт на бел-чырвона-белым або чырвона-зялёным сьцягах толькі падзяляе грамадзтва, замест таго каб разам вырашаць пытаньні.

Выхоўвала цётка, сваёй сям’і няма

Калі Вадзіма затрымалі, праблемай было атрымаць пра яго інфармацыю і перадаць перадачу, бо блізкіх сваякоў у яго не засталося. Бацькі разышліся яшчэ да ягонага нараджэньня, маці памерла, калі хлопцу было 12 гадоў, выхоўвала яго цётка. Сваёй сям’і ў блогера няма.

«Агулам ён эпатажны, вясёлы, клясны чалавек. Дапамагае многім людзям», — кажа знаёмы блогера.

Раніцай 19 жніўня стала вядома, што затрымалі сястру блогера Натальлю Рубец. Пазьней у яе кватэры правялі ператрус паводле крымінальнай справы за арганізацыю ці ўдзел у беспарадказ (ч.1 арт. 342), паведаміў тэлеграм-канал «Право имеют», які займаецца зборам зьвестак пра перасьлед грамадзян на Горадзеншчыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG