Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Эўрапейскі дзень моваў, год таму — Байдэн папракнуў Трампа за маўчаньне пра Беларусь


Падзеі 26 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

У Эўропе адзначаецца Дзень моваў.

Год таму ў гэты дзень

  • У Менску прайшоў жаночы марш, які яго ўдзельніцы назвалі рэпэтыцыяй «народнай інаўгурацыі» Сьвятланы Ціханоўскай
  • У менскім парку Дружбы народаў прайшоў дабрачынны «Забег свабодных», удзельнікі якога такім чынам выказвалі падтрымку палітвязьням Максіму Знаку і Ільлю Салею.
  • Пасьля трох содняў арышту на волю выйшаў галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч
  • Больш за 522 000 беларусаў на плятформе «Голас» станоўча адказалі на пытаньне: «Ці прызнаяце вы Каардынацыйную раду прадстаўніком грамадзкасьці ў дыялёгу зь дзяржавай?».
  • Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што выбар Аляксандра Лукашэнкам падтрымкі Расеі стварае для Ўкраіны рызыку, якая «зашкальвае»
  • Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн папракнуў прэзыдэнта Дональда Трампа за маўчаньне пра рэпрэсіі супраць дэмакратычных пратэстаў у Беларусі

Дзень у гісторыі

1629 — Рэч Паспалітая і Швэцыя падпісалі замірэньне, якім скончылася вайна 1600–1629 гадоў.

1655 — расейскія войскі спалілі Пінск.

1815 — у Парыжы Аўстрыя, Прусія і Расея падпісалі дамову аб стварэньні Сьвятога саюзу, мэтамі якога было задушэньне рэвалюцыйных і нацыянальна-вызвольных рухаў у Эўропе.

1960 Фідэль Кастра сказаў самую доўгую прамову ў гісторыі ААН, якая доўжылася 4 гадзіны 29 хвілін.

1969 — Выйшаў апошні студыйны альбом The Beatles «Abbey Road»

Abbey Road in London, August 8, 1969
Abbey Road in London, August 8, 1969

1983 — савецкі падпалкоўнік Станіслаў Пятроў прадухіліў патэнцыйную ядзерную вайну, калі праз збой у сыстэме папярэджаньня аб ракетным нападзе паступіла памылковае паведамленьне пра атаку з боку ЗША.

1990 — створана Беларускае таварыства архівістаў.

У гэты дзень нарадзіліся

1788 Іван Насовіч, беларускі філёляг, этнограф і фальклярыст, стваральнік слоўніка беларускай мовы.

1849Іван Паўлаў, расейскі фізіёляг, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў мэдыцыне (1904).

1888 Томас Стэрнз Эліёт, амэрыканскі паэт, драматург і літаратурны крытык.

1889 ― Марцін Гайдэгер, нямецкі філёзаф.

1898Джордж Гершвін, амэрыканскі кампазытар.

1910Уладзімер Агіевіч, беларускі літаратурны крытык.

1925 Навум Кісьлік, беларускі пісьменьнік.

1932 Уладзімір Войнавіч, расейскі пісьменьнік, савецкі дысыдэент

1965 — Пятро Парашэнка, украінскі палітык і прадпрымальнік, прэзыдэнт Украіны ў 2014–2019 гадах.

У памяці

1966 Іван Сікора, беларускі сэлекцыянэр. Ён адным зь першых у Эўропе распрацаваў мэтодыку лячэньня і амаладжэньня пладовых дрэваў. Распаўсюдзіў па Беларусі больш за 50 тысяч саджанцаў.

1976Леаніла Чарняўская (у замужжы Гарэцкая), Леаніла, пісьменьніца і перакладчыца; удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.

Максім Гарэцкі з жонкай Леанілай, дзецьмі Леанідам і Галінай. 1923 г.
Максім Гарэцкі з жонкай Леанілай, дзецьмі Леанідам і Галінай. 1923 г.

Магчыма, хтосьці не пагодзіцца, але я лічу, што, каб быць жонкаю пісьменьніка, таксама трэба мець адмысловы талент. Леаніла Чарняўская, безумоўна, валодала ім. Як, дарэчы, і талентам літаратурным, а яшчэ — пэдагагічным.

Скончыўшы Марыінскую вышэйшую вучэльню ў Вільні, яна колькі гадоў настаўнічала ў Дзісенскім павеце, а затым пераехала ў горад свайго студэнцкага юнацтва. Там у 1919-м Леаніла стала спадарожніцаю
жыцьця будучага клясыка нашай літаратуры Максіма Гарэцкага. Праз тры гады яна, тады выкладчыца Беларускай гімназіі, упершыню даведалася, што значыць быць жонкаю палітвязьня. Пасьля двух арыштаў Максіма польскімі ўладамі Гарэцкія перабраліся ў БССР.

Посьпехі беларусізацыі натхнялі й жывілі надзеі на пабудову незалежнага Беларускага дому. Гарэцкі выкладаў мову і літаратуру ў БДУ і Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, шмат пісаў і друкаваўся. Леаніла выхоўвала дзяцей і ў вольную часіну таксама сядала да пісьмовага стала.

Асабліва добра атрымліваліся ў яе дзіцячыя апавяданьні. Дзякуючы ёй загучалі па-беларуску творы Рэд’ярда Кіплінга, Эрнэста Сэтан-Томпсана, «Тыль Уленшпігель» Шарля дэ Кастэра.

У 1930-м прагрымела справа Саюзу вызваленьня Беларусі, і Гарэцкі атрымаў пяць гадоў высылкі. Леаніла
дзяліла ягоны лёс у Вятцы й у пасёлку Пясочня на Смаленшчыне. Для дзіцячага садка, дзе яна працавала выхавацелькай, гэта было шчасьцем, бо Леаніла Ўсьцінаўна цудоўна сьпявала, вышывала, вучыла малых маляваць.

Ёй яшчэ трэба было перажыць другі арышт і расстрэл мужа, гібель на фронце сына Лёні, шматгадовае становішча жонкі «ворага народу».

Многiя з раскіданых па краіне, «дзе так вольна дыхаў чалавек», сямейнікаў рэпрэсаваных «нацдэмаў» не вярнулiся, дакладней, ня здолелi вярнуцца на радзіму. Гэта таксама было ўдарам па беларушчыне, аслабляла і без таго страшэнна падарваныя нацыянальныя сілы.

Свой апошні прыстанак Леаніла знайшла ў Ленінградзе. Дзякуючы ёй і яе з Максімам дачцэ Галіне захаваныя многія рукапісы з архіву Гарэцкага — скарбы, што цяпер захоўваюцца ў бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі навук і Дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 314-315.

1978Антон Сеўчанка, беларускі фізык, акадэмік АН Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

1990Альбэрта Маравія, італьянскі пісьменьнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG