Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На літоўска-беларускай мяжы вялікая чарга грузавікоў, кіроўцам бракуе ежы і лекаў


Пераход у Медніках, ілюстрацыйнае фота
Пераход у Медніках, ілюстрацыйнае фота

На пераходзе паміж Меднікамі і Каменным Логам паабапал мяжы сабралася вялікая чарга грузавікоў.

У рэдакцыю літоўскага парталу агенцтва Delfi зьвярнуліся кіроўцы, якія некалькі дзён стаяць на КПП зь літоўскага боку. Сярод іх шмат хворых — ня выключана, што і на каранавірус.

«Набралася больш за 500 цягачоў, мяжа паралізаваная, нікога не прапускаюць. У нас няма ежы і элемэнтарных сродкаў гігіены. Некаторыя пачуваюцца вельмі кепска — хутчэй за ўсё, каранавірус. Людзі жывуць на пляцоўцы па 3–4 дні: да гораду з крамамі і аптэкамі далёка, стаім у полі. Тэлефануем памежнікам, кажуць, усё ў парадку, працуем у звычайным рэжыме. Праблему трэба вырашаць, а то будзе дрэнна», — напісаў адзін з кіроўцаў.

У сыстэме дырэкцыі КПП указана, што ў Медніках стаяць 318 цягачоў, прагназаваны час чаканьня — 43 гадзіны. Аднак фураў увесь час прыбывае. Намеснік дырэктара Рымантас Шаткаўскас патлумачыў, што на адным з участкаў праводзяць рэканструкцыю, а гэта адбіваецца на аўтапатоку. Ён параіў ехаць празь іншыя КПП — Лаварышкі, Райгорад, Салечнікі.

З боку Беларусі сытуацыя ня лепшая — практычна бяз руху звыш 400 аўтамабіляў на выезд у Літву.

Прадстаўнік Мытнага дэпартамэнту Вітас Валунгявічус пацьвердзіў, што ад 21 верасьня з прычыны рамонтных працаў у Медніках за содні праяжджае ўсяго 150 фураў, а стаянка разьлічаная ня больш як на 300 машын.

«Яны проста не прапускаюць машыны, усе стаяць. Мо рэканструкцыя неяк і ўплывае, але гэта ненармальна. Няхай закрыюць мяжу на тыдзень, усё зробяць, ці шукаюць іншыя варыянты, а ня зьдзекуюцца зь людзей. Па 70 гадзін кіроўцы чакаюць, у такое надвор’е элемэнтарна заразіцца адзін ад аднаго каранавірусам», — абураецца адзін зь перавозьнікаў.

Генэральны сакратар асацыяцыі Linava Зянонас Буйвідас адзначыў, што падобная сытуацыя ў Медніках фіксуецца ня першы раз. На ягонае перакананьне, рэч ня столькі ў рэканструкцыі, колькі ў дрэннай камунікацыі адказных ведамстваў. Перадусім няма інфармаваньня, каб кіроўцы выбіралі іншыя КПП, дзе ня трэба стаяць па 2–3 дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG