Ужо некалькі тыдняў на частцы памежнай тэрыторыі Польшчы абвешчана надзвычайнае становішча. Такое рашэньне ўлады краіны прынялі ў сувязі зь мігранцкім крызісам. Варшава абвінаваціла ўлады Беларусі і пэрсанальна Лукашэнку ў правакацыі на мяжы. Польшча сьцьвярджае, што Менск за грошы дапамагае ўцекачам трапіць зь Беларусі ў Польшчу.
EXEN PL апублікаваў фатаздымкі зь лесу каля мясцовасьці Ласосьна Велька. Гэта 6,5 кілямэтра ад беларускай мяжы, таму надзвычайнае становішча на гэтай тэрыторыі ўжо ня дзейнічае. Мужчыны спалі ў лесе на зямлі, да іх выклікалі хуткую дапамогу. Дзьве асобы былі ў кепскім стане.
Блогер цытуе аднаго з уцекачоў, які расказаў, што на беларускім баку яны спачатку трапляюць у часовы лягер каля мяжы з Польшчай і толькі празь некалькі дзён ідуць на польскую тэрыторыю.
Здымкі былі зробленыя 21 верасьня. Як паведаміла Gazeta Wyborcza, актывісты з Групы Granica знайшлі ў лесе 11 уцекачоў са Шры Лянкі, Гвінэі, Нігерыі, Іраку, Камэруну. Мужчыны расказалі, што 21 дзень яны блукалі паабапал мяжы, іх па некалькі разоў выганялі са сваёй тэрыторыі польскія і беларускія сілавікі.